BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці збудуюць Літва і Беларусь мост паміж Захадам і СНД?

21.05.2008
 Ці збудуюць Літва і Беларусь мост паміж Захадам і СНД?
За першыя 4 месяцы году таваразварот паміж Беларусьсю і Літвой параўнальна зь мінулым годам узрос на 30%. Гэтую лічбу назваў журналістам амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын перад адкрыцьцём у Менску 4-га беларуска-літоўскага эканамічнага форуму. Амбасадар Дражын паведаміў: на літоўскім рынку па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасьцю трактары “Беларус” і аўтамабілі МАЗ. Апошнім часам літоўцы з задавальненьнем купляюць пінскую і гомельскую мэблю. Узаемны гандаль ідзе па паўтысячы пазыцыяў, 90 зь якіх — асноўныя.

Журналісты спыталіся ў амбасадара, ці паўплываюць на гандлёвыя дачыненьні паміж дзьвюма краінамі эканамічныя санкцыі, якія ўвялі ЗША супраць Беларусі. На гэта Ўладзімер Дражын адказаў: “Я папрасіў бы гэтыя пытаньні сёньня ня зьвязваць — ЗША зь Літоўскай Рэспублікай. У нас зь Літвой ідзе двухбаковы стваральны працэс. І аснова з асноваў у ім — эканоміка. І менавіта эканоміка дазваляе мне сёньня казаць, што ідзе ўстойлівы, дынамічны працэс разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў.

"Я сёньня вам заяўлю — раз і назаўжды: некаторыя спрабуюць спэкуляваць на тым, што Літва ўжо ў Эўразьвязе, што Літва ўжо ў Шэнгенскай прасторы. Сапраўды гэта так, гэта — рэаліі. Але ж мы бліжэйшыя суседзі. Нас зьвязваюць агульная гісторыя, культура. І гэта вызначае нашы двухбаковыя дачыненьні”.

Афіцыйныя літоўскія асобы ад камэнтару да санкцыяў устрымаліся. Яны падкрэсьліваюць, што гэта захады амэрыканскія, а Літва, як краіна Эўразьвязу, кансалідуе свае дзеяньні з Брусэлем.

Кіраўнік літоўскай дэлегацыі віцэ-міністар гаспадаркі Вітаўтас Наўдужас бачыць пэрспэктывы эканамічных дачыненьняў Літвы і Беларусі ў стварэньні імі мосту паміж Захадам і СНД. У інтэрвію нашаму радыё ён адзначыў:

“У Літве ўжо ёсьць вытворчасьць аўтамабіляў МАЗ, у Літве зьбіраюць трактар “Беларус”, у паўночнай частцы нашай краіны ажыцьцяўляюцца іншыя праекты. Аўтамабілі, трактары выкарыстоўваюць ня толькі на ўнутраным рынку Літвы. Іх экспартуюць і ў шэраг краінаў Эўразьвязу.

Якім чынам мы можам павялічыць наш таваразварот? Пабудаваць вельмі надзейны мост паміж краінамі Эўразьвязу і краінамі СНД. Ставіць трэба больш глябальныя, больш глыбокія задачы, а ня толькі на ўзроўні дзьвюх краінаў”.

Але з выступаў удзельнікаў форуму высьветлілася — пакуль супрацоўніцтва лепш атрымліваецца на рэгіянальным, мясцовым узроўні. А вось калі справа даходзіць да вялікіх праектаў — тут і выяўляюцца збоі. Так, прэзыдэнт канфэдэрацыі прамыслоўцаў Літвы Браніславас Лубіс прыводзіў шмат прыкладаў, калі бюракратычныя перашкоды зь беларускага боку загубілі пэрспэктыўныя праекты.

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак, якая прысутнічала на форуме, цьвердзіць, што Літва гатовая будаваць мост. А вось зь беларускага боку праблемы ёсьць:

“Чаго не хапае? Спадар Лубіс пра гэта казаў: прадказальнасьці. Справа ў тым, што нават беларускія чыноўнікі яшчэ самі ня ведаюць, якімі будуць цэны на электраэнэргію. А бізнэс павінен плянаваць сваю працу ў гэтай краіне. І, вядома, шмат яшчэ бюракратычных бар'ераў — вельмі марудна вырашаецца, напрыклад, праблема адводу земляў пад будаўніцтва нерухомасьці”.

Падчас форуму з вуснаў віцэ-міністра гаспадаркі Літвы Вітаўтаса Наўдужаса прагучаў і такі факт:

“Два тыдні таму у Менску праходзіла аўтамабільная выстава. Стэнд літоўскай кампаніі нават перамог у конкурсе на лепшы стэнд. Але ўзьніклі праблемы ў прэзыдэнта асацыяцыі кэмпэраў – турыстычных аўтобусаў, абсталяваных для кэмпінгу. Адабралі два кэмпэры, нягледзячы на тое, што іх увезьлі па ўсіх правілах”.

***

***

***

Спасылка

Видео