BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Любіць па-руску... беларускія санаторы

19.05.2008
Любіць па-руску... беларускія санаторы

У 2007 годзе больш за 51 тысячу іншаземцаў аздаравіліся ў санаторах Беларусі. Прыкладна столькі ж замежнікаў адпачывала ў Дамах адпачынку, на турбазах і сядзібах сельскага тыпу. Сярэднегадавая запоўненасьць беларускіх санатораў – 94,6%. У Расеі гэты паказчык – 76%, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва Мікалай Мазур. Для замацаваньня пазыцыяў на рынках блізкага замежжа ў першым квартале 2008 года ў Расеі прайшла рэклямная акцыя, – адзін нумар расейскага часопіса «Курортные ведомости» цалкам прысьвечаны беларускім санаторна-курортным арганізацыям. Разам у Беларусі цяпер 101 санаторна-курортная ўстанова.

Ажыятаж вакол беларускіх санатораў сёлета яшчэ большы, чым летась

Больш за ўсё замежнікаў адпачываюць у санаторах «Радон», «Энэргетык» (Гарадзенская вобласьць), «Буг» (Берасьцейская вобласьць), «Прыдняпроўскі» (Гомельская вобласьць). Вельмі папулярныя нарачанскія санаторы «Сосны» і «Прыазёрны», а таксама «Юнацтва», што пад Менскам. Больш за ўсё расейцаў, але адпачываюць і лекуюцца ў беларускіх санаторах жыхары суседніх Літвы, Украіны, Польшчы, і нават Ізраілю.

«На жаль, на летні пэрыяд ў нашы санаторы ўсе пуцёўкі забраніраваныя» -- такая абвестка даўно ўжо зьмешчаная на сайце www.belsanatorii.ru “Мы пераканаліся, што магчымасьць браніраваць пуцёўкі па коштах санатораў прыйшлася па душы жыхарам Масквы, Санкт-Пецярбургу, Смаленску... Кліенты з Каўказу, Паволжа і нават Камчаткі ў нас таксама ёсьць”... Надзея ў тых, хто ўжо спазьніўся – толькі на тое, што хтосьці ў апошні момант адмовіцца, – на так званыя “горящие» пуцёўкі.

Што ж вабіць замежнікаў у Беларусі? Па-першае – кошты...

У далёкім замежжы, дый у самой Расеі, кошты на лячэньне значна вышэй. Магчыма, сэрвіс лепшы, сфэра паслугаў у замежных санаторах шырэйшая, але суадносіны цаны і якасьці ў беларускіх санаторыях цалкам прымальныя. Да прыкладу, пражываньне ў аднамесным нумары “люкс”, чатырохразовае харчаваньне і працэдуры  ў даволі прэстыжным санаторыі “Сосны”, што на Нарачы, абыходзяцца прыкладна 40 даляраў у суткі, у санаторыі “Прыазёрны” – 30 даляраў у суткі. Прычым, кошты для грамадзянаў Беларусі і нават для грамадзянаў далёкага замежжа аднолькавыя. Адпачынак у Падмоскоўі ў санаторы такога ж роўню абыйдзецца ў паўтара – два разы даражэй. У літоўскім Друскенінкаі –  даражэй прынамсі ўдвая. Таму сёлета ў беларускіх санаторах на другім месцы пасьля расейцаў – літоўцы. Нямала ў беларускіх санаторах пажылых замежнікаў, якія папраўляюць здароўе. Ёсьць і ўнікальныя адпачываючыя, якія, можна сказаць, жывуць у розных санаторах па некалькі зменаў. Адна заможная бабуля з Санкт-Пецярбургу, якая мае ў паўночнай сталіцы дзьве кватэры, адну, у цэнтры, дорага здае, і на гэтыя грошы па паўгады жыве ў нарачанскіх санаторах. Бабуля вельмі задаволеная: кормяць 4 разы на дзень, прыбіраюць у нумары, яна ходзіць на працэдуры...

Другі фактар – візавая палітыка суседніх краінаў, увядзеньне «шэнгену» ў Літву, Латвію, Польшчу, Чэхію. Складана і дорага грамадзянам СНД адкрыць шэнгенскую візу, таму абіраюць адпачынак і аздараўленьне зь меншымі клопатамі.

Ад СПА працэдур да страўсіных фэрмаў

Трэцяя прычына – пашырэньне сфэры паслуг у санаторах, улучэньне вельмі папулярных зараз элемэнтаў СПА. Нядаўна шыкоўны СПА-цэнтар адкрылі ў санаторы «Юнацтва», што на Менскім моры. І для некаторых кліентаў спрацоўвае маральны фактар – цябе называюць не «хворым», а «адпачываючым». Да таго ж, санаторы сталі аказваць турыстычныя паслугі: арганізуюць экскурсіі ў сталіцу, у Мірскі замак, у Белавескую, Налібоцкую пушчы. Нарачанскія санаторы, натуральна, возяць гасьцей па нарачанскім краі, паказваюць прыгожыя мясьціны, Белае возера, арганізуюць цікавыя экскурсіі па навакольных касьцёлах. Распрацоўваюць і новыя маршруты: да прыкладу, на страўсіную фэрму ў Лучай, дзе можна пакаштаваць стравы з дыетычнага мяса экзатычнай птушкі, пакатацца на конях, поні.

Замежнікі навучыліся плянаваць адпачынак, беларусы - пакуль што не

Яшчэ адзін фактар, як адзначае дырэктар беларускага турыстычнага парталу www.holiday.by Андрэй Барашка, расейцы ўжо навучыліся плянаваць адпачынак загадзя, чаго пакуль не скажаш пра беларусаў. Так, па авіяцыйных накірунках так званая «глыбіня браніраваньня» складае 4 месяцы, у адпачынак расейцы пачынаюць зьбірацца прынамсі за паўгады. Беларусы звычайна плянуюць загадзя замежны адпачынак, а калі штосьці не атрымліваецца, думаюць, што ў роднай Беларусі яны заўсёды знойдуць пуцёўкі ў санаторы ці Дамы адпачынку. А нядаўна сутыкнуліся: усё занята, пуцёўкі раскуплены ці забраніраваны расейцамі.

Многія расейскія фірмы выкупляюць пуцёўкі па так званым «жорсткім блёку», уносяць перадаплату. Да прыкладу, на навагоднія сьвяты да 70% месцаў у прыстойных беларускіх санаторах і Дамох адпачынку было выкуплена расейскім турыстычнымі кампаніямі.

Турысты як прыбой: прыліў – адліў

Турызм – рэч глябальная, міжнародная, і тэндэнцыі аднолькавыя для ўязнога, выязнога турызму. Санаторам усё адно, хто прыедзе адпачываць: беларус, літовец альбо расеец. Нармальны, здаровы маркетынг дэманструюць самі санаторы, яны выступаюць усё часьцей як турапэратары, прадаўцы паслугаў. Таму ўсё ідзе да нармальнага разьвіцьця рынку, лічыць Андрэй Барашка, дырэктар турыстычнага парталу www.holiday.by

Самае галоўнае для санатораў – зразумець, што гэткі попыт замежнікаў на беларускія санаторы ня будзе працягвацца вечна. Турысты, адпачываючыя – гэта як прыбой: прыліў – адліў. Дзесьці лепшае прапануюць таньней – і ўсё, паедуць туды. Таму санаторам трэба сур'ёзна прааналізаваць сытуацыю, за кошт чаго яны атрымалі такі вялікі аб'ём замежных турыстаў, дакладна вызначыць канкурэнтныя перавагі і ўтрымліваць іх. Бо сельскія сядзібы, так званы экалягічны турызм у Беларусі, ужо губляе людзей – не далі рады прапанаваць годны сэрвіс па канкурэнтных коштах.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео