BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рэктар БДЭУ на эканамічнай канфэрэнцыі ў Вене вымушаны быў апраўдвацца за выключэньне Тацяны Хомы

28.03.2008
Рэктар БДЭУ на эканамічнай канфэрэнцыі ў Вене вымушаны быў апраўдвацца за выключэньне Тацяны Хомы

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Вене «Беларусь у Эўропе: Эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялёг» акрамя эканомікі вельмі шмат абмяркоўвалі выключэньне беларускіх студэнтаў па палітычных матывах. Прычына таму найперш — прысутнасьць на падзеі былога міністра эканомікі, рэктара БДЭУ Уладзімера Шымава, які два гады таму адлічыў з унівэрсытэта Тацяну Хому. Мясцовая студэнцкая арганізацыя сустрэла рэктара БДЭУ акцыяй пратэсту і выступіла перад удзельнікамі канфэрэнцыі.

Сёньня Шымаў быў вымушаны пачаць свой выступ на тэму эканомікі з тлумачэньняў, чаму два гады таму была выключаная з БДЭУ Тацяна Хома. Фота і відэа з канфэрэнцыі — далей у матэрыяле Generation.bY.

Яшчэ на самым пачатку акцыі арганізатары канфэрэнцыі выйшлі да студэнтаў, што раскладалі свае матэрыялы для акцыі, паведаміць, што ў іх будзе магчымасьць выступіць на канфэрэнцыі і ў залі выказаць прычыны акцыі і сваю пазыцыю адносна палітычных выключэньняў у Беларусі.

 

 

Су-старшыні OEH Lisa Schindler і Verena Szaby зрабілі супольны выступ, у якім распавялі пра праблемы студэнцкай дэмакратыі ў Беларусі. Узгадалі гісторыю з выключэньнем Тацяны Хомы, якая на дадзены момант навучаецца ў Аўстрыі. Яны таксама зьвярнулі ўвагу на прысутнасьць рэктара сярод удзельнікаў, а таксама папрасілі публіку задаваць пытаньні яму.

 

Адметна, што амаль усе выступоўцы краналіся тэмы выключэньня студэнтаў і наагул парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру ЭКООМ Сяргей Мусіенка частку сваёй прамовы адвёў расповеду пра дасягненьні прафэсара Шымава і БДЭУ пры ягоным кіраўніцтве, у прыватнасьці — магчымасьць студэнтам франкамоўнага аддзяленьня БДЭУ атрымліваць дыплёмы Сарбоны. Хаця з Сарбонай БДЭУ працуе з часу, калі Шымаў яшчэ не меў дачыненьня да ўнівэрсытэта.

Нягледзячы на тое, што выступ рэктара БДЭУ Шымава быў заплянаваны ў праграме першым, выступаў ён апошнім.

Падчас выступу Шымава прадстаўнікі аўстрыйскага студэнцкага зьвязу раскрылі вялікі банэр з надпісам «STOP political expulsions of students».

 

Сваю прамову рэктар пачаў з тлумачэньня сытуацыі з адлічанымі студэнтамі — тэмы, паднятай яшчэ на пачатку канфэрэнцыі. «Я не зьбіраюся апраўдвацца», — пачаў сваю прамову Шымаў. Але надалей былы міністар эканомікі фактычна апраўдваўся за нашумелае выключэньне Тацяны Хомы.

 

Пазыцыя ў рэктара за два гады не зьмянілася — настойваў, што адлічэньне было законным згодна з правіламі ўнутранага распарадку. Хіба што дадаў: «Мы з Тацянай сустракаліся перад яе адлічэньнем, яна гэта ведае ўсё». Са слоў самой Тацяны, рэктар выклікаў яе толькі адзін раз, ужо пасьля падпісаньня загаду аб адлічэньні з мэтаю высьветліць, чаму такая хваля лістоў пратэсту ідзе на адрас унівэрсытэту.

Нагадаем, два гады таму Уладзімер Шымаў адмовіўся сустрэцца з дэлегацыяй амбасадараў Эўрапейскага Зьвязу, якія хацелі абмеркаваць з рэктарам сытуацыю з адлічэньнем з унівэрсытэту студэнткі Тацяны Хомы. Сёньня рэктар БДЭУ вымушаны быў тлумачыць прычыны адлічэньня на міжнароднай эканамічнай канфэрэнцыі ў Аўстрыі.

Cпасылка 

Видео