BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эўразьвяз заклікае вызваліць усіх затрыманых

28.03.2008
Эўразьвяз заклікае вызваліць усіх затрыманых
Эўрапейскі зьвяз асуджае жорсткі разгон і масавыя арышты мірных дэманстрантаў у Менску 25 сакавіка. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 28 сакавіка заяве цяперашняга старшыні ЕС — Славеніі.

«Эўрапейскі зьвяз заклікае Беларусь неадкладна вызваліць усіх затрыманых і ўстрымацца ад іх далейшага судовага перасьледу», — гаворыцца ў заяве.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Эўразьвяз неаднаразова заяўляў аб сваёй гатоўнасьці да разьвіцьця канструктыўных адносінаў зь Беларусьсю.

«Мы не пакінулі без увагі вызваленьне амаль усіх палітычных зьняволеных, — гаворыцца ў заяве. — ЭЗ усё яшчэ чакае, што Аляксандар Казулін, апошні з палітзьняволеных, будзе вызвалены без якіх‑небудзь затрымак. Гэты крок дазволіць ЭЗ пачаць прагрэсіўна разьвіваць стасункі зь Беларусьсю».

Апроч таго, падкрэсьліваецца ў дакумэнце, для паляпшэньня адносінаў з ЭЗ «беларускія ўлады павінны ўстрымацца ад далейшых арыштаў і перасьледаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці».

«У сувязі з гэтым падзеі 25 сакавіка і распачаты 27 сакавіка перасьлед па ўсёй рэспубліцы журналістаў замежных СМІ выклікае асаблівую занепакоенасьць, як і ад’езд зь Беларусі пасла ЗША і часткі супрацоўнікаў амэрыканскай дыпмісіі, — гаворыца ў заяве. — Эўразьвяз спадзяецца, што Беларусь правядзе неадкладныя і канкрэтныя крокі для аднаўленьня пазытыўнай дынамікі ў адносінах з ЭЗ».

Спасылка 



Видео