BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Інтэлектуалы як палітычны клас

29.12.2007
Інтэлектуалы як палітычны клас

Напачатку снежня ў Мінску адбылася Канферэнцыя “Інтэлектуалы і грамадзянская супольнасць”. На думку арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі, сустрэча надала  дыскусіі сярод беларускіх інтэлектуалаў і грамадскіх актывістаў новы штуршок. Некага зачапіла, нешта зрушыла. Што менавіта?

 

Інтэлектуал – спажывец

“Канферэнцыя сталася не проста прэзентацыяй нефармальных інтэлектуальных суполак, якія існуюць сёння ў Беларусі, а стала сапраўдным пачаткам размовы аб ролі інтэлектуала і яго адаказнасці за тое, што адбываецца ў краіне. І ўжо зараз бачна, што тая размова шмат каго эмацыйна “зачапіла”, — кажа Таццяна Пашавалава, старшыня рады дырэктараў грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацыяў”.

“Зачапіла” размова не толькі аб “ролі і адказнасці”, але ўласна аб азначэнні “інтэлектуал”. Паводле Уладзіміра Мацкевіча, кіраўніка метадалагічнага семінара Агенцыі гуманітарных тэхналогій, інтэлектуал — гэта “не вытворца пэўнага інтэлектальнага прадукта, а, у першую чаргу, спажывец”. Інтэлектуал чытае інтэлектуальныя тэксты, разумее іх і прымае альбо не прымае ідэі, якія ўсталёўваюцца гэтымі тэкстамі.

 

Новы палітычны клас

Інтэлектуалы сёння з’яўляюцца палітычным класам, які прасоўвае ідэі і праекты ўладкавання краіны і ангажуе іншых для рэалізацыі гэтых праектаў, - мяркуе  Уладзімір Мацкевіч і прыхільнікі яго ідэі. “Не трэба супрацьпастаўляць інтэлектуалаў і грамадзянскую супольнасць, — лічыць эксперт Агенцыі гуманітарных тэхналогій і адзін з арганізатараў канферэнцыі “Інтэлектуалы і грамадзянская супольнасць” Андрэй Ягораў. — Інтэлектуалы ствараюць пэўныя публічныя прадукты, якія спажывае ўсё грамадства”.

Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў прызвычаіліся да карыстання схемай “трох сектараў” грамадства, дзе першы – гэта дзяржаўная ўлада, другі – прыватны бізнэс, трэці – грамадзянская супольнасць. “Інтэлектуалы знаходзяцца ў кожным сектары. І не мае значэння, у якім з гэтых сектараў яны афіцыйна працаўладкаваныя. Інтэлектуал не з’яўляецца служкай ні дзяржаве, ні бізнэсу, ні грамадзянскай супольнасці. Калі інтэлектуал пачынае служыць аднаму з сектараў, ён становіцца экспертам, аналітыкам – кім заўгодна, але не інтэлектуалам. Бо інтэлектуал – гэта чалавек, які выконвае працу для ўсяго грамадства і публічна прад’яўляе вынікі гэтай сваёй працы”, – лічыць Андрэй Ягораў.

Інтэлектуал – хто адчувае асабістую адказнасць за тое, што адбываецца

“Мы сутыкаемся з непрыняццем гэткай пастаноўкі пытання цягам апошнім трох гадоў, з таго часу, калі пачалі разгортваць “Стратэгію- 2006” , — адзначыў ён. – Не прымаюць яе палітыкі і грамадскія дзеячы, якія выхаваныя на класічных пераказах аб грамадзянскай супольнасці і тэорыі “трох сектараў” і самастойна не разбіраюцца ў тым, чым ёсць грамадзянская супольнасць сёння”.

З гэтай думкай пагаджаецца і Таццяна Пашавалава. “Цяпер ва ўяўленнях аб грамадзянскай супольнасці пануюць стэрэатыпы з заходніх падручнікаў, — мяркуе яна. — Большасць праграмаў для грамадзянскай супольнасці разлічана на “тых, хто выконвае”, а не на “тых, хто думае”.

Гэтыя стэрэатыпы добра прыжываюцца на беларускай глебе з-за “комплекса непаўнавартаснасці, што ўзнік з-за нашай непрастой гісторыі”, лічыць Таццяна Пашавалава. “З-за гэтага часта пануе меркаване, што нам проста трэба ўжываць заходнія мадэлі, бо ў нас нічога падобнага не прыдумляецца, быццам бы ў Беларусі не з’яўляецца вартых інтэлектуальных прадуктаў. Вось гэта зараз і ёсць наша работа – змяняць гэтыя стэрэатыпы. Для гэтага мы мусім зразумець галоўнае: на нас ляжыць адказнасць за тое, што адбываецца ў нашай краіне, і мы дамо рады змяніць сітуацыю. Фактычна, гэта і ёсць адно з найважнейшых азначэнняў інтэлектуалаў – адчуванне асабістай адказнасці за тое, што адбываецца”.

Дыскусія – добры пачатак

Гэткая дыскусія нарадзіла цікаўнасць да новых поглядаў шмат у каго з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый ды інтэлектуальных супольнасцяў.

“Гэтая канферэнцыя і абдумванне яе вынікаў можа сапраўды стаць пачаткам абмеркавання новых поглядаў на ўзаемадачыненні інтэлектуалаў і грамадзянскай супольнасці”, — сказаў у інтэрвію Eurobelarus.info Зміцер Рагачоў, старшыня маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”. На думку Зміцера Рагачова, выступ Уладзіміра Мацкевіча на канферэнцыі “Інтэлектуалы і грамадзянская супольнасць” выглядаў на “самапрэзентацыю, відовішчную і нават блізкую да эпатажу”. Відавочна, ідэі спадара Мацкевіча і яго прыхільнікаў выклікаюць непрыхаваную шчырую зацікаўленасць.

“Тэза аб тым, што інтэлектуалы ператвараюцца ў самастойную палітычную сілу, безумоўна, патрабуе дэталёвага абгрунтавання. Але, у любым выпадку, гэтыя ідэі асабіста мне вельмі цікавыя і я хацеў бы даведацца аб іх больш дэталёва. І відавочна, што гэта абмеркаванне можа стаць добрым пачаткам дыскусіі, якая будзе карыснай для развіцця стасункаў у інтэлектуальных супольнасцях”, — лічыць Зміцер Рагачоў.

Андрэй Аляксандраў

 

[email protected]

 

 

 

Видео