BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ЕГУ: масток паміж Беларуссю і Еўропай

25.12.2007
ЕГУ: масток паміж Беларуссю і Еўропай

У снежні ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце падводзяць вынікі фотапраекта “Неіснуючая Еўропа”. Гэта праект задумваўся як даследванне еўрапейскай ідэнтычнасці з пункту гледжання беларускіх студэнтаў у Літве. Яны адлюстроўваюць уласны вопыт жыцця паміж Еўропай і Беларуссю ды спрабуюць даць азначэнне еўрапейскай ідэнтычнасці. Пры гэтым, як адзначаюць арганізатары праекта, погляд беларусаў на гэтыя праблемы — гэта вопыт людзей, якія “фармальна не з’яўляюцца еўрапейцамі”. Зрэшты, уся гісторыя Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта — гэта балансаванне паміж Еўропай і Беларуссю ды спроба сяўбы еўрапейскасці на беларускую глебу. Сяўбы, якая, здаецца, пачынае даваць парасткі. 

Новую эліту рыхтаваць забаронена! 

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў зачынены ў Мінску ў 2004 годзе. Студэнты і выкладчыкі ЕГУ упэўненыя, што гэта адбылося па палітычных матывах. Хаця ўлады знайшлі фармальныя падставы для пазбаўлення універсітэта ліцэнзіі, сапраўдных прычынаў для яго закрыцця яны не хавалі. Іх агучыў сам кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы са студэнтамі Бресцкага дзяржаўнага універсітэта. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнай задачай ЕГУ было “падрыхтаваць новую беларускую эліту, якая павінна была б з часам прывесці Беларусь на Захад”. Таму, паводле прэзідэнта, улада і мусіла пазбавіць Еўрапейскі гуманітарны універсітэт ліцэнзіі. 

Універсітэт у выгнанні 

Але ўжо ў 2005 годзе ЕГУ аднавіў сваю дзейнасць у суседняй Літве. Адраджэнне Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта стала магчымым дзякуючы палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы літоўскага ўраду, а таксама ўрадаў, грамадскіх аб’яднанняў і фундацый краінаў Еўрапейскага Звязу, Канада і ЗША. 

Найбуйнейшымі донарамі ВНУ у выгнанні з’яўляюцца Еўрапейская Камісія і Рада міністраў Паўночных краінаў. 

Дзякуючы гэтай падтрымцы, беларускія студэнты могуць навучацца на дзённых праграмах ЕГУ бясплатна. Навучальныя гранты пакрываюць кошт самога навучання, пражывання і стыпендыі. 

Зараз ЕГУ афіцыйна з’яўляецца літоўскай ВНУ, то бо універсітэтам краіны Еўразвязу, таму яго выпуснікі атрымліваюць дыпломы, якія прызнаюць ва ўсім свеце. 

ВНУ без ідэалагічнага кантроля 

І выкладчыкі, і студэнты ЕГУ у адзін голас сцвярджаюць: прынцыпы і метады адукацыі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адрозніваюцца ад тых, якія прапануюць у сучасных ВНУ Беларусі. 

Галоўнае, лічуць у ЕГУ, палягае ў тым, што гэты універсітэт — праект адукацыйны, і ёсць вольным ад ідэалагічнага ці палітычнага кантроля. 

І само навучанне будуецца паводле іншых прынцыпаў. 

“Мы арыентуемся на праграму, якая ўводзіла б студэнтаў у сучасны свет і дазваляла б ім разумець, што адбываецца ў сучасным грамадстве, як яго асэнсоўваць, як у ім дзейнічаць. А гэтае грамадства ўжо далёка не тое самае, што было нават дзесяць гадоў таму. І далёка не тое, аб якім чуюць студэнты беларускіх ВНУ. Там яны чуюць пра пазаўчорашнее грамадства і лічуць, што гэта і ёсць будучыня”, — кажа дэкан факультэта філасофіі і палітычных навук ЕГУ Грыгорый Міненкоў. 

“Новая генерацыя беларусаў” 

З гэткім азначэннем пагаджаюцца і студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. 

“У ЕГУ студэнтаў вучаць не проста завучваць матэрыял, а думаць, аналізаваць і інтэрпрэтаваць, — кажа студэнтка 2-га курса Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Аляксандра Ігнатовіч. — Навучанне тут з'яўляецца крэатыўным працэсам. Студэнты адразу навучаюцца не толькі валодаць ведамі, але і ўмець імі карыстацца”. 

“Узровень адукацыі ў ЕГУ насамрэч высокі. І пабудаваны ён па еўрапейскай традыцыі, гэта значыць, даволі грунтоўныя гуманітарныя веды спалучаюцца з практычнымі ўменнямі. Праграма навучання пабудавана такім чынам, каб студэнты адчувалі сябе, па-першае, канкурэнтназдольнымі на рынку працы і, па другое, сапраўды паўнавартаснымі ўдзельнікамі сусветнага інтэлектуальнага жыцця”, — лічыць субяседніца Eurobelarus.info. 

Па словах Аляксандры Ігнатовіч, у сценах ЕГУ рыхтуецца “новая генерацыя беларусаў, якія маюць не толькі еўрапейскую адукацыю, але ўжо і еўрапейскую ментальнасць, новыя ідэі і новы погляд на старыя праблемы”. 

“Бачыць тое, што на гарызонце” 

На думку прафесара Эдуарда Мельнікава, кіраўніка бакалаўрскай праграмы ЕГУ “Масавыя камунікацыі і журналістыка”, не варта казаць, што Еўрапейскі гуманітарны універсітэт рыхтуе “новую эліту Беларусі”. 

“Пра тое, што ЕГУ рыхтуе “новую эліту” казалі, калі выганялі універсітэт з Беларусі, — прыгадаў Эдуард Мельнікаў у інтэрвію Eurobelarus.info. — І мне самому слова “эліта” не вельмі падабаецца, яно быцца падзяляе людзей на нейкія катэгорыі. Гэта не зусім дакладная пастаноўка пытання. ЕГУ насамрэч рыхтуе проста адукаваных людзей, якія здольныя разумець еўрапейскую культуру ва ўсёй яе шматграннсаці”. 

На думку спадара Мельнікава, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт — гэта своеасаблівы масток паміж Беларуссю і Еўропай, ён уносіць “еўрапейскасць” у Беларусь. 

“Студэнтам ЕГУ выкладаюць не толькі тое, што зараз з’яўляецца гуманітарнымі ведамі, але і тое, што будзе імі неўзабаве. Я бы сказаў, іх вучаць бачыць тое, што толькі з’яўляецца на гарызонце”, — адзначыў Эдуард Мельнікаў. 

Журналістыка без цытатаў Леніна 

Яшчэ адна студэнтка ЕГУ, Вольга Ермалаева, мае вопыт навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яна мусіла сыйсці з 2-га курса БДУ — пасля таго, як на факультэце журналістыкі даведаліся, што Вольга супрацоўнічае з “Народнай воляй”, у яе пачаліся праблемы з вучобай. 

Зараз Вольга Ермалаева вучыцца завочна на факультэце медыяў і камунікацыі ЕГУ. Таму можа на ўласным прыкладзе параўнаць рэчаіснасць беларускіх ВНУ і Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. 

“Выкладчыкі ў ЕГУ ставяцца да студэнтаў як да жывых людзей, дарослых і разумных, — кажа Вольга. — Я яшчэ не заўважыла ні ў каго жадання “заваліць” студэнта. І, вядома, у ЕГУ табе ніхто не скажа: “а-я-яй, ты друкуешся ў няправільнай газеце, тэрмінова перапішы заяву на практыку ў нармальнае выданне, а не ў “Народную волю”, а не тое мы сёння ж цябе адлічым!” 

Па словах Вольгі Ермалаевай, у ЕГУ больш практычных заданняў, і кожны студэнт можа раскрыць свой творчы патэнцыял. 

“Калі казаць асобна пра журфак, то ў БДУ у большасці выкладаюць людзі, якія не знайшлі сябе ў журналістыцы, і якія чытаюць студэнтам лекцыі спісаныя з савецкіх кніжак 60–70-х гадоў. У ЕГУ — наадварот. Выкладчыкі — вядомыя журналісты, якія друкуюцца ў лепшых беларускіх выданнях. Да складання лекцый яны ставяцца адказна. Яны дазваляюць вывучаць прадмет не па цытатах Леніна і Маркса, а на прыкладах з сучаснай журналістыкі”, — лічыць Вольга Ермалаева. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео