BE RU EN
rss facebook twitter

Фестываль AD.NAK! сабраў аншлаг у Брэсце

18.11.2011
Фестываль AD.NAK! сабраў аншлаг у Брэсце

Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! завяршыў першую ў сваёй гісторыі серыю рэгіянальных прэзентацый. Семінары па выніках сёлетняга AD.NAK-2 і асноўных тэндэнцыях на рэкламным рынку Беларусі і ў свеце прайшлі ў кастрычніку-лістападзе ў абласных цэнтрах Беларусі. Фэст правёў рэгіянальныя сустрэчы з рэкламістамі ў Горадні (13 кастрычніка) і Магілёве (3 лістапада), а 16 лістапада завітаў у Брэст. 

 

Як паведамiлi Службе iнфармацыi "ЕўраБеларусi" у кампаніі "Будзьма беларусамі!", семінар у Брэсце стаў самым шматлюдным з усіх трох і падвёў упэўненую рысу пад першай выязной сесіяй фестывалю. Першымі сустрэлі сталічных рэкламістаў супрацоўнікі ДАІ Брэстчыны, якія на ўездзе ў горад пажадалі ім добрага выступу. Распачалі прэзентацыю Сяргей Скараход, які прадставіў фестываль, яго найлепшыя працы і тэндэнцыі на сучасным рэкламным рынку Беларусі, і Андрэй Эзерын, які засяродзіўся на сацыяльных сетках, дзе і паабяцаў працягнуць камунікацыю з усімі ахвотнымі пасля.

- Вельмі пазітыўна прайшлі першыя выязныя сесіі фестывалю. Мы задаволеныя колькасцю людзей, якія да нас прыйшлі ў Гродна, Магілёве і Брэсце, - кажа Алена Макоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" - Але самым галоўным з’яўляецца якасны бок семінараў. Шчырая зацікаўленасць публікі і выкарыстанне беларускай мовы ў рэкламе нязменна расце. Гэта дае падставу сказаць, што не за гарамі эра "2.0" беларускай рэкламы, калі беларускасць перастане быць нейкай фішкай, а стане адной з рэалій гульні. AD.NAK-3 пакажа, ці так гэта.

У 2012 годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і актыўнасць рэгіянальных рэкламістаў на семінарах дае арганізатарам падставу чакаць павялічэння работ ад прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

- Канечне, мы пабачылі пэўную розніцу паміж Гродна з Брэстам і Магілёвам. Гэта звязана з узроўнем эканомікі і актыўнасцю бізнэсу па краіне ў цэлым, - адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекта Marketing.by. - Нельга сказаць што ў нейкім рэгіёне ёсць гіперактыўнасць у галіне рэкламы, у тым ліку і беларускамоўнай. Вельмі радуе, што ёсць частка рэкламістаў, якая пільна сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, і актыўна рэагуе на змены ў кан’юнктуры рэкламнага рынку. Менавіта гэты авангард і будзе "рабіць надвор’е" ў айчынным маркетынгу ў найбліжэйшы час".

У другім блоку брэсцкай прэзентацыі выступілі Сяргей Скараход і Надзея Мурашка, якія прэзентавалі пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года, а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!", з прэзентацыяй брэнду і ўнікальных праектаў кампаніі. Адказаўшы пад канец на пытанні залы, выступоўцы і гледачы яшчэ раз паглядзелі анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!", чым і паставілі кропку ў камандзіроўках. А дакладней, клічнік, упэўнены і шматабяцальны.

 

Служба iнфармацыi "ЕўраБеларусi" 
Видео