BE RU EN
rss facebook twitter

Апошні раўнд перамоў па Пагадненні аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай завяршыўся

21.11.2011
Апошні раўнд перамоў па Пагадненні аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай завяршыўся

Апошні раўнд перамоў па Пагадненні аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай завяршыўся

Славамір Матушак,
Ośrodek Studiów Wschodnich

 

 

11 лістапада ў Брусэлі прайшоў апошні раўнд перамоў па Пагадненні аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам. Па двух з трох пытанняў быў дасягнуты кампраміс. Кіеў пагадзіўся на бестэрміновы кантракт, чаго вельмі хацеў Брусэль, аднак дамогся магчымасці перагляду кантракта праз пяць гадоў, са згоды абодвух бакоў.

Украіна таксама пагадзілася ўнесці змены ў сваё заканадаўства (у тым ліку, у канстытуцыйныя папраўкі), якое пашырала паўнамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда для грамадзян Украіны. Аднак самае важнае пытанне - уключэнне акта аб перспектыве членства Украіны ў ЕС, на чым настойваў Кіеў, - засталося нявырашаным. Быў знойдзены кампраміс, што пагадненне па гэтым пытанні будзе дасягнутае падчас сустрэчы на палітычным узроўні, але без назначэння канкрэтнай даты. 

Нават калі перамовы будуць афіцыйна завершаныя, вырашальнае значэнне для ўступлення ў сілу Пагаднення аб асацыяцыі будзе мець справа Юліі Цімашэнкі. Прадстаўнікі Еўрасаюза неафіцыйна адзначылі, што калі галоўны лідэр апазіцыі застанецца пад вартай, Пагадненне не будзе запушчанае. Між тым, 15 лістапада ўкраінскі парламент адхіліў папраўку ў Крымінальны кодэкс Украіны, якая выключала з ліку крымінальна-каральных дзеянняў артыкул, па якім была асуджаная Цімашэнка. 

Каментар аўтара

  • Нягледзячы на значны прагрэс у перамовах, іх фармальнае завяршэнне перад Самітам ЕС і Украіны, запланаваным на 19 снежня, знаходзіцца пад сумневам. Здаецца, што патрэба ў перспектыве членства для Кіева з'яўляецца толькі падставай затрымліваць завяршэнне перамоў, таму што Украіна ўсведамляе: няма ніякай надзеі на хоць нейкія саступкі Еўрасаюза па гэтым пытанні. Такім чынам, уяўляецца нерэалістычным чакаць запуску Пагаднення аб асацыяцыі на Саміце, як чакаюць некаторыя дзяржавы-члены ЕС, а таксама найбуйнейшая фракцыя ў Еўрапейскім парламенце, якія лічаць, што адтэрміноўка звязаная са справай Цімашэнкі. У такой сітуацыі для Украіны выгадна затрымліваць завяршэнне перамоў і вінаваціць ЕС у блакаванні "еўрапейскіх памкненняў Украіны". Па пэўных паведамленнях з украінскіх СМІ, Кіеў гатовы адмовіцца ад перспектывы сяброўства з ЕС і абмежаваць сябе аднабаковай заявай па гэтым пытанні, але толькі ў выпадку, калі краіна атрымае гарантыі ад ЕС (нават пасля Саміта) на пачатак Пагаднення аб асацыяцыі, незалежна ад справы Цімашэнка.

  • Адхіленне ўкраінскім парламентам паправак у Крымінальны кодэкс даказвае, што ўкраінскі ўрад разлічвае на ліквідацыю сваіх палітычных апанентаў - нават коштам затрымкі заключэння Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Цімашэнка ўсё яшчэ можа быць вызваленая (не раней, чым у сярэдзіне снежня) па прысуду Апеляцыйнага суда Украіны, але зараз гэта здаецца ўсё менш верагодным.

  • Дадатковай прычынай блакавання завяршэння перамоў з Украінай ёсць глыбокі палітычны крызіс у Еўропе. У параўнанні з сітуацыяй некалькіх гадоў раней, ЕС значна страціў сваю прывабнасць для ўкраінскіх эліт, якія разумеюць, што ўступленне Украіны ў ЕС выключанае ў агляднай будучыні. У гэтай сітуацыі ўкраінскі ўрад па-ранейшаму зацікаўлены ў эканамічнай інтэграцыі з ЕС, але не мае намеру мірыцца з умяшальніцтвам Бруселя ў яго ўнутраныя справы. Менавіта так Кіеў успрымае ціск Еўрасаюза для вызвалення Цімашэнкі. 

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле Ośrodek Studiów Wschodnich

Видео