BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці можа Эўразьвяз зьнізіць кошт візаў?

21.12.2007
Ці можа Эўразьвяз зьнізіць кошт візаў?

21 сьнежня ў Шэнгенскую зону ўступаюць 9 краінаў, у тым ліку суседзі Беларусі – Польшча, Літва і Латвія. Кошт шэнгенскай візы для грамадзян Беларусі складае 60 эўра. Чаму беларускай грамадзянскай супольнасьці так і ня ўдалося пераканаць Брусэль зьнізіць кошты візаў для беларусаў? Ці рэальна гэта ў найбліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, старшыня Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў.

Цыганкоў: “Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі неаднаразова зьвярталі ўвагу палітыкаў Эўразьвязу, што такі кошт візаў можа мець нэгатыўныя наступствы для ўспрыняцьця беларусамі Эўропы, можа аддаліць беларусаў ад Эўропы. 20 сьнежня нават прадстаўнік МЗС Беларусі Папоў адзначыў, што “беларускі бок жадае лібэралізацыі візавага рэжыму” паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Чаму гэтыя заклікі не былі пачутыя?”

Лялькоў: “У бюракратыі, якая існуе, натуральна, і ў Эўразьвязе, -- сваё разуменьне таго, што мусіць быць, а чаго не. Увядзеньне адзінага кошту (дарэчы, ня толькі для Беларусі, але для ўсіх краінаў, якія не падпісалі адпаведнае пагадненьне з Эўразьвязам) – гэта для брусэльскіх бюракратаў звычайная працэдура.

А беларускі афіцыйны бок, хаця і заяўляе, што яны за лібэралізацыю, аднак паўнавартаснае пагадненьне з Эўразьвязам падпісваць не зьбіраецца. Так што віна тут абодвух бакоў, але давядзецца за яго расплачвацца звычайным беларускім грамадзянам”

Цыганкоў: “А ці можа Эўразьвяз, не гледзячы на нежаданьне афіцыйнага Менску, пайсьці насустрач беларускай грамадзянскай супольнасьці і аднабакова прыняць рашэньне аб зьмяншэньні коштаў візаў?”

Лялькоў: “Тэарэтычна можа. І што цікава, прадстаўнікі Эўракамісіі ў сваіх выступах неаднаразова казалі, што ў прынцыпе пытаньне кошту і тых катэгорыяў грамадзянаў, для якіх будзе існаваць нейкі льготны рэжым, знаходзіцца ў кампэтэнцыі нацыянальных дзяржаваў, а не Брусэлю. 

У гэтым рознагалосьсі дастаткова цяжка выявіць, хто ж гаворыць праўду.
 

Зь іншага боку, прадстаўнікі Польшчы, Літвы і Латвіі заўсёды казалі, што ўвядзеньне гэтага кошту дыктуецца з Брусэлю. У гэтым рознагалосьсі дастаткова цяжка выявіць, хто ж гаворыць праўду. Я думаю, рашацца будзе такім чынам – будуць расьпісаныя тыя катэгорыі заяўнікаў, якія будуць мець бясплатныя візы альбо па зьніжаным кошце. Але я ня думаю, што ў нейкай бліжэйшай пэрспэктыве да падпісаньня пагадненьня паміж Эўразьвязам і Беларусьсю гэты кошт можа быць зьніжаныя для ўсіх катэгорыяў грамадзянаў”.

Видео