BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Што трэба ведаць школьнікам Беларусі аб Еўразвязе?

26.12.2007
Што трэба ведаць школьнікам Беларусі аб Еўразвязе?

Менавіта такую незвычайную назву меў круглы стол, арганізаваны 27 снежня 2007 года Грамадскім аб’яднаннем “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ” у сценах і пры судзеянні Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Раў. 

Гэтая снежаньская сустрэча стала заключным крокам цэлай праграмы “Еўразвяз і Беларусь: ад спазнання да разумення, ад разумення да супрацоўніцтва”, якая ажыццяўлялася Цэнтрам “ПОСТ” на працягу другой паловы бягучага года.

Па словах аднаго з кіраўнікоў арганізацыі і вядучага круглага стала Дзмітрыя Карпіевіча, галоўнай мэтай праграмы было знаёмства настаўнікаў школ Мінска і Мінскай вобласці з фенаменам Еўразвяза, яго гісторыяй і сучаснасцю, а таксама авалоданне ўдзельнікамі праграмы прынцыпамі, зместам і формамі міжкультурнай адукацыі.

- Якія канкрэтныя мерапрыемствы адбыліся непасрэдна ў межах праграмы?

- Пад час праграмы было праведзена некалькі трохдзённых семінараў для настаўнікаў,  школа-семінар “Еўразвяз: ад тэорыі да практыкі”, пасля якіх настаўнікі-энтузіясты ў сваіх школах арганізавалі на падставе атрыманага вопыта свае ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, прысвечаныя тэме беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

- Ці можна прывесці нейкія прыклады таго, што адбывалася ў беларускіх школах па гэтай тэме?

- З задавальненнем! На сёняшняй прэзентацыі ўжо былі прадстаўлены і нават прадэманстраваны найбольш паспяховыя ініцыятывы настаўнікаў. Напрыклад, гэта інфармацыйныя гадзіны “Журналісцкі дослед: Ці трэба Беларусі ўступаць у ЕЗ?” (Слуцк), “Да еўрапейскага адзінства” (Жодзіна), урок “Еўразвяз! Еўразвяз? Еўразвяз…” (Мінск), “Ласкава просім у Еўразвяз” (Вілейка). Усе ўдзельнікі круглага стала настолькі актыўна і неабыякава рэагавалі на прапанаваны досьвед калег, што ў нас як арганізатараў увогуле не было неабходнасці стымуляваць дыскусію, заяўленую ў праграме сустрэчы.

- А якія з пытанняў выклікалі найвялікшую цікавасць альбо былі падняты ў якасці праблемных падчас дыскусіі?

- З аднаго боку, пры абмеркаванні былі закрануты пытанні, звязаныя з “еўрапейскай перспектывай” Беларусі: Як будуць развівацца беларуска-еўрапейскія дачыненні? Ці прыйдзе час, калі пытанне аб уступленні ў ЕЗ стане актуальным для Беларусі? Як уплывае развіццё беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва на працэс фармавання сучаснай ўласна беларускай ідэнтычнасці і нацыянальных інтарэсаў. З другога – існуе шэраг дыдактычных альбо метадычных пытанняў кшталту: Пры якіх умовах навучанне гэтай тэме будзе эфектыўным? Як дасягнуць аб’ектыўнасці пры разглядзе фенамена Еўразвяза на ўроках у школе? Варта адзначыць, што большасць такіх пытанняў абмяркоўваліся вельмі эмацыйна і не мелі адназначных і простых адказаў. Менавіта неадназначнасць і актуальнасць гэтай тэмы для сёняшняй Беларусі стала штуршком для нас распачаць гэтую праграму.

- Якія планы і перспектывы мае Цэнтар “ПОСТ” у працы з тэмай беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва надалей?

- Заключным прадуктам праграмы гэтага года стане з’яўленне інфармацыйнага дыска “Адзінства ў разнастайнасці: гісторыя, каштоўнасці, механізмы, перспектывы развіцця Еўразвяза. Інфармацыйна-метадычныя матэрыялы для настаўнікаў“. Наступным годам мы плануем працягнуць “еўрапейскую тэму” працай з настаўнікамі, пачаць аналагічныя праграмы для моладзі і студэнцтва, а таксама прапанаваць шэраг інфармацыйных і метадычных матэрыялаў.

Падрыхтаваў Улад Вялічка
[email protected] 

Видео