BE RU EN
rss facebook twitter

Арганісты з шасці краін Еўропы ўдзельнічаюць у фестывалі ў Полацку

03.12.2007
Арганісты з шасці краін Еўропы ўдзельнічаюць у фестывалі ў Полацку

У канцэртнай зале полацкага Сафійскага сабору працягваецца міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Свята музыкі у Полацку ўжо даўно стала традыцыйным, сёлета яно праходзіць дванаццаты раз. Цяперашні фестываль прысвечаны 370-годдзю з дня нараджэння вядомага нямецкага арганіста Дытрыха Букстэхудэ. Амаль кожную нядзелю ў сценах полацкай Сафіі гучаць ягоныя творы, а таксама музыка іншых вядомых кампазітараў у выкананні арганістаў з шасці краінаў Еўропы — з Беларусі, Расіі, Даніі, Нідэрландаў, Польшчы і Аўстрыі. 


Полацкі фэстываль адкрывае новыя імёны

Полацкі фестываль штогод адкрывае новыя імёны. Сярод іх — музыка з Беластоку Дарыюш Гайдукевіч, які ўпершыню выступіў у Беларусі. «Полацкі арган я ўпершыню пачуў у запісу на кампакт-дыску ў выкананні беларускай арганісткі Ксеніі Пагарэлай, — распавёў Дарыюш Гайдукевіч. — Я крыху цікавіўся беларускімі музычнымі традыцыямі і знаёміўся з беларускай культурай на розных фестывалях. Я сам з’яўляюся арт-дырэктарам двух музычных фестываляў у Польшчы. Там я пазнаёміўся з Ксеніяй Пагарэлай і ад яе атрымаў запрашэнне прыняць удзел у “Званах Сафіі”. 

Еўрапейскія музыкі імкнуцца да ўдзелу ў Полацкім фэстывалі

Паводле словаў полацкай арганісткі, салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабору Ксеніі Пагарэлай, знакамітыя еўрапейскія арганісты імкнуцца да таго, каб прыняць удзел у фестывалі ў Полацку. Некаторыя з іх самі дасылаюць прапановы даць канцэрт у Сафійскім саборы. Яго канцэртная зала вызначаецца і гісторыяй, і выдатнай акустыкай, і вялікай цікаўнасцю з боку слухачоў. 

«Цікаўнасць да нашага фестываля і з боку публікі, і з боку музыкаў была высокай ад самага пачатку, — кажа Ксенія Пагарэлая. — Па-першае, у нас вельмі шмат аматараў арганнай музыкі. Па-другое, нам ад самага першага фестывалю ўдалося зрабіць вельмі шырокай геаграфію ўдзельнікаў». 

У Беларусі - каталіцкія карані, заўжды звязаныя з арганнай культурай

На думку Ксеніі Пагарэлай, беларуская зямля — гэта вельмі прыдатная глеба для арганнай музыкі. 
«На Беларусі ёсць каталіцкія карані, якія заўсёды звязаныя з арганнай культурай. З іншага боку, з-за пэўных гістарычных абставін Беларусь вельмі набліжаная да Усходу, да Расіі і Украіны, і тут вельмі адчуваецца вялікі ўплыў праваслаўнай культуры. Вось і атрымліваецца: з аднаго боку, ёсць цяга да арганнай музыкі, якая цягнецца з глыбіні стагоддзяў, а з іншага боку, - у Беларусі вельмі мала арганаў і залаў, дзе можна пачуць арганную музыку», — рэзюмуе яна. 
«Званы Сафіі» завершацца15 снежня канцэртам вядомага аўстрыйскага арганіста Ёгана Трумэра. Яго называюць хросным бацькам полацкага фестывалю, бо менавіта ён адкрываў першыя «Званы Сафіі» дванаццаць гадоў таму. 

Андрэй Аляксандраў, [email protected]

Видео