BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Праблемы “усходняй палітыкі” Польшчы.

17.11.2007
Праблемы “усходняй палітыкі” Польшчы.

Як павінна выглядаць палітыка Польшчы ў дачыненьні да яе ўсходніх суседзяў – Расеі, Беларусі, Украіны? На гэтае пытаньне, сярод іншых, спрабавалі адказаць польскія спэцыялісты ў галіне міжнародных стасункаў, якія сабраліся на канфэрэнцыю, прысьвечаную 40-гадоваму юбілею Інстытуту палітычных навук Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У дыскусіі, прысьвечанай праблeмам польскай замежнай палітыкі, бралі ўдзел найбольш аўтарытэтныя вучоныя з усяе Польшчы, а таксама прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.

Як падкрэсьліў прафэсар Марэк Петрась з Люблінскага ўнівэрсытэту, ва Ўсходняй Эўропе працэс фармаваньня міжнароднага ладу яшчэ ня скончаны. У гэтым рэгіёне яшчэ не акрэсьліліся асноўныя геастратэгічныя сувязі паміж краінамі. Ва Ўсходняй Эўропе ідзе складаная міжнародная гульня, якая вызначыць будучыню Ўкраіны, Беларусі й Малдовы.

На думку прафэсара Петрася, Польшча не ў стане праводзіць сваю ўсходнюю палітыку ў адзіноце. Польшча павінна фармаваць яе, абапіраючыся на Эўразьвяз. На жаль, аб’яднаная Эўропа пакуль ня мае супольнага бачаньня стасункаў з усходнімі суседзямі, - падкрэсьліў навуковец.

Прафэсар Станіслаў Пажымес з Варшаўскага ўнівэрсытэту зазначыў, што глябальнай задачай аб’яднанай Эўропы павінна стаць прыбліжэньне сьвету да эўрапейскіх станадартаў – як у галіне заканадаўства й стандартаў жыцьця, так і ў галіне гуманітарных вартасьцыяў. Эўропа на сёньняшні дзень ня мае яснага пляну стасункаў з Расеяй, але, быць можа, менавіта Польшча, дзякуючы свайму геаграфічнаму месцазнаходжаньню й гістарычнаму досьведу, зьяўляецца краінай, найбольш падрыхтаванай да выпрацаваньня такога пляну.

Ст. Пажымес: Я лічу, што Польшча павінна змагацца за пашырэньне Эўразьвязу, за тое, каб да супольнай Эўропы спачатку далучылася Ўкраіна. Эўразьвяз павінен таксама распачаць дыялёг з Беларусьсю. Зрэшты, у гэтым кірунку прымаюцца пэўныя захады. Беларусь таксама зьяўляецца той краінай, якая павінна ў пэўным часе далучыцца да Эўразьвязу. Ня ведаю, калі гэта адбудзецца. Спачатку Беларусь павінна далучыцца да Рады Эўропы. Гэта першы крок на шляху ўступленьня да Эразьвязу.

Аб’яднаная Эўропа павіна дбаць пра тое, каб абшар дэмакратыі й стабільнасьці распаўсюдзіўся як мага далей на Ўсход. Але пакуль эўрапейскія палітыкі не заўважаюць Украіны, ня бачаць Беларусі й Малдовы. Эўразьвяз запрапанаваў гэтым краінам гэтак званую палітыку добрасуседзтва – гэта значыць усё, акрамя далучэньня. Галоўнай мэтай замежнай палітыкі Польшчы павінна стаць далучэньне Беларусі, Украіны, Малдовы да Эўразьвязу. Лічу, што для бясьпекі й стабільнасьці ў Эўропе гэта вельмі важна.

Прафэсар Аркадыюш Жукоўскі з Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту зазначыў, што паміж краінамі Эўразьвязу й Усходняй Эўропы зараз паўстае “аксамітная заслона”, якая можа стаць ня менш небяспечнай за “жалезную заслону”, што дзяліла сьвет зусім нядаўна. Супрацьстаяць ўзаемнаму аддаленьню краінаў, на думку прафэсара, можна ўзмацненьнем эканамічных стасункаў. Рашучую ролю ў “вяртаньню Расеі да Эўропы” можа адыграць Калінінградзкая вобласьць.

Доктар Барталамей Зданюк з Варшаўскага ўнівэрсытэту падкрэсьліў, што паляпшэньне стасункаў паміж дзяржавамі залежыць таксама ад пашырэньня кантактаў паміж звычайнымі людзьмі. Унівэрсытэцкія абмены, навуковае супрацоўніцтва, турызм, эканамічныя кантакты узмацняюць мір і стабільнасьць. На жаль, кантакты паміж грамадзтвамі краінаў Усходняй Эўропы й Эўразьвязу зусім не разьвітыя.

Б. Зданюк: Калі казаць пра стасункі Польшчы з Эўразьвязам, то кантакты на ўзроўні грамадзтваў разьвіваюцца вельмі актыўна. Пашыраюцца кантакты на ўзроўні нават сярэдніх школаў, але перш за ўсе разьвіваюцца міжунівэрсытэцкія абмены. Усё больш студэнтаў выяжджае на вучобу за мяжу, усё больш людзей выяжджае за мяжу на працу. Усё больш частай робіцца зьява, калі ў міжнароднай фірме ў Польшчы й на Захадзе разам працуюць немцы, французы, гішпанцы, палякі. Кантакты паміж людзьмі ў Эўропе вельмі разьвітыя.

Затое кантакты паміж жыхарамі Польшчы, Беларусі й Ўкраіны знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане. Адбываюцца яны толькі паміж тымі беларусамі й украінцамі, якія прыяжджаюць на працу ў Польшчу, альбо паміж палякамі, якія прыяжджаюць ва Ўкраіну як турысты. На Беларусь едуць вельмі рэдка.

Збудаваньне дэмакратыі ва Ўкраіне й Беларусі павінна адбывацца праз кантакты паміж звычайнымі людзьмі. Трэба, каб ўсё больш людзей ехала ў абодвух кірунках.

Каб узмацніць кантакты паміж людзьмі, трэба ня толькі зьменшыць кошты візаў, альбо іх скасаваць. Вялікай праблемай зьяўляецца мэнтальнасьць. У мяне складваецца ўражаньне, што ў Цэнтральнай Эўропе, а тым больш у Беларусі й Украіне, імкненьне да мабільнасьці, кантактаў зь людзьмі зь іншых краінаў увогуле не існуе. Трэба пераконваць людзей у тым, што яны павінны езьдзіць замяжу, каб стаць больш дасьведчанымі й разумнымі, бо ў сучасным сьвеце не ўдасца пражыць жыцьцё, седзячы ў чатырох сьценах.

Хацелася б спадзявацца хаця б на разьвіцьцё міжунівэрсытэцкіх абменаў, якія пацягнуць за сабой пашырэньне ўсялякіх іншых кантактаў. Міжунівэрсытэцкія абмены адбываюцца ў рамках праграмы “Эразмус”. Ні Ўкраіна, ні Беларусь, на жаль, пакуль не выказваюць зацікаўленасьці ўдзелам у гэтай праграме.

Я хачу заклікаць украінцаў і беларусаў – бярыце пашпарты, едзьце за мяжу, пабачце, як там жывуць людзі. Гэта вам напэўна прыдасца.

Удзельнікі канфэрэнцыі аднак зазначылі, што для таго, каб разьвіваліся кантакты паміж людзьмі, патрэбнае спачатку імкненьне да паразуменьня паміж дзяржавамі. Хаця б мінімальнае. А да яго сёньня вельмі далёка.

Аляксандар Папко

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul69646.html

Видео