BE RU EN
rss facebook twitter

Мінюст заявіў аб гатоўнасці ўлічваць прапановы грамадскасці пры працы над праектам закона “Аб НКА”

20.06.2011
Мінюст заявіў аб гатоўнасці ўлічваць прапановы грамадскасці пры працы над праектам закона “Аб НКА”

Пры распрацоўцы праекта закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” будуць разглядацца прапановы некамерцыйных арганізацыяў, якія былі скіраваныя ў міністэрства юстыцыі ў пісьмовым выглядзе. Пра гэта паведаміў намеснік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі ў адказе на калектыўны зварот некамерцынйых арганізацыяў з нагоды распрацоўкі гэтага законапраекта.

Як вынікае з ліста, у дадзены  момант міністэрствам юстыцыі вядзецца праца над канцэптуальнымі палажэньнямі будучага законапраекта з улікам меркаваньняў, высказаных дзяржаўнымі органамі і некамерцынымі арганізацыямі, улічваючы пры гэтым розныя аспэкты праваадносінаў, што закранаюцца гэтым законам. Пры гэтым разглядаюцца ў роўнай ступені і пісьмовыя прапановы некамерцыйных арганізацыяў, і тыя меркаваньні, што прагучалі на закрытым “круглым стале”, арганізаваным міністэрствам для абмеркаваньня канцэптуальных палажэнняў законапраекта напрыканцы мінулага года.

Сярод іншага, міністэрства юстыцыі разглядае такія важныя для некамерцыйных арганізацыяў прапановы, як магчымае пашырэньне заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі арганізацыяў, і нават магчымае выключэнне з заканадаўства нормаў пра крымінальную адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў. На думіку ініцыятараў калектыўнага зварота, гэтыя словы міністэрства нельга разглядаць як ясную заяву пра намер рэфармаваць заканадаўства аб некамерцыных арганізацыях у інтарэсах некамерцыйных арганізацыяў – але іх можна трактаваць як гатоўнасць да дыялогу і камунікацыі па гэтых пытаньнях.

Нагадаем, што ўвесну бягучага года 110 некамерцыйных арганізацыяў далучыліся да калектыўнага зварота, у якім утрымліваліся прапановы і заўвагі да будучага закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”. Нагодай да зварота стала верагоднасць прыняцця гэтага законапраекта ў рэдакцыі, якая не адпавядае інтарэсам грамадскасці. Тады парламент і урад адклалі разгляд гэтага законапраекта, скіраваўшы яго на дадатковую дапрацоўку. Прапановы і заўвагі да канцэпцыі будучага заканадаўчага акту былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, якое з’яўляецца асноўным распрацоўшчыкам законапраекта.

З тэкстам калектыўнага зварота ў парламент і ўрад па праекце Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі. Надалей  ініцыятары калектыўнага зварота плануюць працягваць спробы ўплываць на працэс распрацоўкі гэтага законапраекта з мэтай дамагчыся найбольш поўнага ўліку ў ягоным змесце інтарэсаў грамадскасці.
Видео