BE RU EN
rss facebook twitter

Беларусы ў Войску Польскім

17.11.2007
Беларусы ў Войску Польскім

У Музэі Незалежнасьці Польшчы ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя кнігі, аўтарам якой зьяўляецца кандыдат гістарычных навук Юры Грыбоўскі. Назва кнігі - “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях у гадах 1918-1945”.

Кніга адкрывае перад чытачом малавядомыя факты беларуска-польскай гісторыі – удзел беларусаў у польскіх вайсковых фармаваньнях. У савецкай гістарыяграфіі зрэдку паяўляліся зьвесткі пра тое, што беларусы служылі ў Войску Польскім. Памятаецца школьная біяграфія Янкі Брыля, зь якой вынікала, што служыў у польскай арміі, трапіў у палон, а пазьней вярнуўся на родную Карэліччыну. Для савецкіх дзяцей гэта была навіна... Аказваецца аднак, што беларусы насамрэч былі даволі вялікай групай у Войску Польскім міжваеннага пэрыду, прычым займалі розныя пасады, у тым ліку афіцэрскія, уключна з чынам палкоўніка. Беларусы таксама ваявалі падчас абароннай вайны 1939 году, змагаліся ў шэрагах Арміі Краёвай, 1-й Пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі ды ў Арміі генэрала Андэрса.

Каб напісаць кнігу, аўтару спатрэбілася правесьці некалькі гадоў у архівах розных краін, прачытаць тысячы дакумэнтаў, сустрэцца з былымі жаўнерамі.

Ю. Грыбоўскі: У суме гэта вынік 5 апошніх гадоў працы – пачынаў яшчэ ў Менску, а завершыў тут, у Варшаве.

Галоўным чынам зьбіраў матэрыял у беларускіх архівах, перш за ўсё ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама ў абласных архівах. Працаваў таксама ў варшаўскім Цэнтральным вайсковым архіве, вельмі шмат матэрыялаў знайшлося ў архівах у Вялікабрытаніі, у Гістарычным цэнтры імя генэрала Сікорскага ды Цэнтры дасьледаваньня польскага падпольля.

 - А былі праведзены размовы з удзельнікамі тагачасных падзей?

Ю. Грыбоўскі: У Англіі жыве некалькі дзясяткаў беларусаў, былых польскіх жаўнераў часу Другой Сусьветнай вайны. У Беларусі таксама жывуць людзі, зь якімі можна было правесьці інтэрвію, і якія з задавальненьнем дзяліліся сваімі ўспамінамі. Некаторыя героі маёй працы жылі ў Польшчы.

 - Ці кніга дапаможа ў лепшым зразуменьні польска-беларускіх адносін на працягу пэўнага гістарычнага пэрыяду, ці дапаможа ў польска-беларускім паразуменьні?

Ю. Грыбоўскі: Я шчыра спадзяюся на гэта. Гэта была адна з мэтаў выданьня. Канешне, будзе крыўдна, калі не застанецца знаку. Я спадзяюся, што кніга будзе выкарыстоўвацца ў беларускай і польскай гістарыяграфіі й дазволіць сьцерці некаторыя белыя плямы, якія дасюль існавалі.

 - Рэдактарам кнігі быў прафэсар гісторыі з Польскай акадэміі навук Кшыштаф Ясевіч. Ён лічыць, што кніга Юры Грыбоўскага – гэта салідная навуковая праца, якая адчыняе невядомыя дагэтуль старонкі гісторыі.

К. Ясевіч: Кніга напісаная на падставе шматлікіх гістарычных крыніц, а гэта зьяўляецца прыкладам добрай гістарычнай кнігі. У працы аўтар выкарыстаў 31-у крыніцу. Па-другое, кніга надзвычай багатая тэматычна, у ёй закранаюцца многія гістарычныя аспэкты. І, па-трэцяе, кніга абвяргае савецкі погляд на гісторыю, згодна зь якім, усе грамадзяне аднолькавыя, той жа самай “савецкай” нацыянальнасьці. А з кнігі Юры Грыбоўскага ясна вынікае, што беларусы – гэта суседні народ, які зьяўляецца дружалюбным народам. Варта нагадаць, што ў адносінах паміж беларусамі й палякамі няма нейкіх цяжкіх гістарычных момантаў. Я б хацеў, каб у будучыні, у тым ліку дзякуючы й гэтай кнізе, змог пачацца дыялёг паміж нашымі народамі.

Кнігу “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях у гадах 1918-1945” цікава будзе прачытаць ня толькі спэцыялістам, але й проста асобам, якія цікавяцца гісторый. Дарэчы, беларускамоўная вэрсія кнігі выйшла ў Беларусі нейкі час таму.

Валера Саўко 

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul69535.html

Видео