BE RU EN
rss facebook twitter

Беларускія барды на OPPA’2007

17.11.2007
Беларускія барды на OPPA’2007

17 лістапада ў Варшаве стартуе 25-ы міжнародны фэстываль аўтарскай песьні OPPA’2007. У ім прымуць удзел двое беларускіх бардаў - Тацьцяна Беланогая й Алесь Камоцкі. "Польскае радыё для замежжа" гутарыць с дырэктарам фэстываля Пётрам Бакалем.

П.Бакаль:  - Наколькі я ведаю, Алесь Камоцкі зьяўляецца адным з найбольш паважаных і аным з найлепшых бардаў у Беларусі. Мне вельмі цікава, як яго ўспрыме польская публіка. А Тацьцяна Беланогая летась перамагла на нашым фэстывалі й здабыла ўзнагароду імя Ёнаша Кофты. Узнагародай была фінансавая дапамога падчас запісу й выпуску кружэлкі. І менавіта цяпер на адным з канцэртаў фэстывалю OPPA ў Варшаве Тацьцяна будзе прамаваць гэты новы альбом.
Дыск называецца "Двухкроп'е". Гэта аўтарская песьня, а, значыць, усе тэксты й музыку напісала сама Таня.

 - Раскажыце, калі ласка, якімі шляхамі беларускія артысты патрапілі на гэты фэстываль? Я задаю такое пытаньне таму, што хаця нашыя краіны блізкія суседзі, то, маім меркаваньнем, у Польшчы пра беларускую культуру гавораць вельмі мала, успрымаюць беларускую культуру ў якасьці фальклёрнай зьявы.

П.Бакаль:  - Я думаю, што ўсё больш гаворыцца. А тое, пра што вы кажаце, мы назіралі некалькі гадоў таму. А цяпер я сам ведаю вельмі многа імпрэзаў, у якіх прымаюць удзел беларускія гурты. І наогул я лічу, што вялікую зацікаўленасьць да Беларусі праяўляюць у нас маладыя людзі, між іншым, і да культуры.
Наш фэстываль называецца "міжнародны", таму кожны можа ў ім удзельнічаць, нягледзячы на краіну, зь якой паходзіць. Зь Беларусі штогод некалькі выканаўцаў заяўляе жаданьне выступіць у нас. Канешне, мы стараемся падкідваць інфармацыю ў бардаўскія колы, а яны самі, па сваёй ініцыятыве, зьвяртаюцца да нас. Удзельнічаюць у адборы, прымаюць удзел у конкурсе.

Усё ж такі беларускія артысты выступаюць на невялікіх сцэнах ў Польшчы й пераважна для людзей, нейкім чынам зьвязных зь беларускасьцю. Бадай, найбуйнейшай музычнай падзеяй ў Польшчы, у якой беларускія артысты маглі сябе паказаць шырокай публіцы, былі дзьве варшаўскія акцыі "Салідарныя зь Беларусьсю". Канцэрты ў старым горадзе сабіралі шматтысячную публіку й трансляваліся па тэлевізіі. Акрамя гэтага, беларуская музыка, можна сьмела сказаць, не прысутнічае ў эфіры польскіх СМІ.

П.Бакаль: Шчыра кажучы, па радыё вельмі мала пускаюць творы іншыя, чым ангeльскія. Няма ж таксама францускіх песень, гішпанскіх, партугальскіх, італьянскіх. Гэта агульная тэндэнцыя ў польскіх СМІ. Пакрысе пачынаецца гэта зьмяняцца. Аднак вельмі памалу й недастаткова. Я лічу, што азнаямленьне з культурай нашых суседзяў павінна быць нашым абавязкам і прыемнасьцю.

У вас была магчымасьць непасрэдна ўдзельнічаць і амаль дакрануцца да сучаснай беларускай масавай культуры. У 2005 годзе вы былі чальцом журы Славянскага базару. Якое ўражаньне зрабіла на вас гэтая імпрэза?

П.Бакаль: Я раней удзельнічаў у імпрэзах, якія ладзіла польская дыяспара ў Беларусі. А ў Віцебску я сутыкныўся з агромністай імрэзай у стылі, які я яшчэ памятаю са старых савецкіх часоў. Мне гэта моцна нагадвала пэрыяд плянавай эканомікі ды тагачасных імпрэзаў, якія абавязкова мусяць быць маштабнымі й мусяць дасягнуць посьпеху. Тое, што я ўбачыў на Славянскім базары, зрабіла ўражаньне. Вялікая колькасьць артыстаў, музыкаў, прадстаўнікоў поп-культуры. Акрамя беларускіх удзельнікаў было шмат расейскіх артыстаў. Было бачна, што гэтыя абедзьве культуры вельмі блізкія й вельмі моцна пранікаюцца. Зьдзівіла тое, што так мала выканаўцаў поп-культуры сьпявае песьні па-беларуску. Усе сьпявалі па-рaсeйку. Я лічу гэта вялікім недаразуменьнем.


Гэта быў ваш першы й адзіны ўдзел у Славянскім базары? Якім чынам вы трапілі ў журы?

П.Бакаль: Першы, але хіба апошні. У любым выпадку для мяне гэта быў вельмі цікавы досьвед. Я зьяўляюся віцэ-старшынём Саюзу польскіх аўтараў і кампазытараў (ZAKR) і калісьці гэты фэстываль у Віцебску паўстаў па сумеснай ініцыятыве беларускага боку й нашага саюзу. Я думаю, што беларускі бок імкнуўся вярнуцца да старой традыцыі, бо ў мінулым у Савецкім Саюзе ў Віцебску адбываўся Фэстываль польскай песьні. У нас быў фэстываль савецкай песьні ў Зялёнай Гуры, а там -- польскай у Віцебску. І ў 2005 годзе арганізатары Славянскага базару спрабавалі вярнуцца да гэтай традыцыі, аднавіць супрацоўніцтва з Польшчай. А паколькі я - віцэ-страшыня ZAKR-у, то мяне запрасілі.

Нагадаем, у рамках фэстывалю выступяць беларускія барды.

Тацьцяна Беланогая выступіць з канцэртам у чацьвер 22 лістапада ў клюбе PraCoVnia, вул. Popiełuszki 16

Алесь Камоцкі --  у  суботу 24 лістапада на юбілейным канцэрце фэстывалю OPPA ў клюбе Hybrydy, вул. Złota 7/9

Фэстываль OPPA працягнецца да 25 лістапада.

Яланта Сьмялоўская

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul69635.html 

Видео