BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Саннікаў: «Гутаркі з Еўропай могуць скончыцца, калі нічога не будзе адбывацца ўнутры Беларусі

05.09.2007
Андрэй Саннікаў: «Гутаркі з Еўропай могуць скончыцца, калі нічога не будзе адбывацца ўнутры Беларусі

«Заява Варанецкага ў Брусэлі, у прынцыпе, адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Найперш, гэта тычыцца дыверсіфікавання і забеспячэння стабільнасці паставак энергарэсурсаў, праблем транспарту, транзіту, сельскай гаспадаркі, і г.д. Гэтыя ж праблемы абмяркоўваюць з еўрапейцамі лідэры беларускай апазіцыі, дэмакратычных партый, грамадзянскай супольнасці. Гэта значыць, мы назіраем падабенства не толькі інтарэсаў афіцыйнага Менска і дэмакратычных сілаў, але і іх дзеянняў пры абмеркаванні гэтых важных праблем з нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Аднак тая форма, у якой прадстаўнік беларускіх улад паднімае гэтыя пытанні, наўрад ці дасць які-небудзь вынік. Гэта вельмі далёкі абходны шлях для пераводу такіх гутарак у практычную плоскасць» , –– заявіў былы намеснік міністра замежных спраў, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, каментуючы візіт у Брусэль для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі «Працаваць разам – умацоўваць еўрапейскую палітыку добрасуседства» намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валерыя Варанецкага. 

На думку Саннікава, афіцыйны Менск зноў спрабуе дамовіцца з Еўропай, не змяняючы нічога ўнутры. «Гэта проста немагчыма. Нават пытанне аб візах, якое МЗС Беларусі, нарэшце, паднімае ў сваіх кантактах з еўрапейцамі, не можа быць вырашанае, пакуль не будзе назірацца прагрэс па прапановах Еўрапейскага Звязу. Іншымі словамі, патанненне віз і палягчэнне іх атрымання залежыць сёння толькі ад беларускай улады, бо палітыка суседства не можа распаўсюджвацца на краіны, якія не выконваюць свае ж абавязальніцтвы па развіцці супрацоўніцтва з ЕЗ», – адзначыў Саннікаў.

"Той факт, што дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюцца да правядзення Еўрапейскага Марша 14 кастрычніка стала вельмі добрым фонам для гутарак прадстаўнікоў афіцыйнага Менска з еўрапейцамі. Улада выкарыстоўвае еўрапейскія настроі дэмакратычных сілаў Беларусі для развіцця сваіх кантактаў з Еўразвязам. Як мы ведаем, гэтыя кантакты дагэтуль абмежаваныя, аднак ЕЗ пайшоў на гутарку з афіцыйным Менскам і тым самым выдаў аванс дзейнай уладзе. Але такія гутаркі могуць скончыцца, калі нічога не будзе адбывацца ўнутры Беларусі. Калі ўлады не пойдуць насустрач грамадскасці, дэмакратычным сілам, якія выяўляюць гатоўнасць да дыялогу, калі будуць працягвацца бессэнсоўныя ганенні на іншадумцаў, калі дэмакратычныя сілы і ўлады не дамовяцца пра спакойнае і мірнае правядзенні Еўрапейскага Маршу», – гаворыць Андрэй Саннікаў.

Хартыя`97

Видео