У Магілёве прынята новая архітэктурная канцэпцыя развіцця горада і скончана праца над праектам дэтальнага планавання яго цэнтральнай часткі.
У стадыі ўзгаднення і зацвярджэння – новы Генеральны план. У межах гэтых горадабудаўнічых праектаў над архітэктурнай канцэпцыяй раёну Школішча – старажытнага цэнтра горада – працавала і Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Прапановы і напрацоўкі гэтага грамадскага аб’яднання таксама ўключаны ў горадабудаўнічую дакументацыю. Аб тым, што рэгенерацыя Школішча можа даць Магілёву, паведамiў старшыня таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Школішча ці Пакроўскі пасад?
– Спадар Антон, магілёўскі аб’ект, над якім вы працавалі апошнія паўгады, мае дзве назвы: Пакроўскі пасад і Школішча. Ад чаго яны пайшлі, якая назва “правільная” і чаму?
– Сапраўды, тое месца ў цэнтры Магілёва, якое мы абралі кропкай прыкладання нашых сіл, мае дзве назвы. “Пакроўскі пасад” пайшла ад Пакроўскай царквы, якая была пабудавана – спачатку драўляная у сярэдзіне XVI ст, а потым – мураваная ў друг. пал XVIІ-га. У XVIІІ стагоддзі ў гэтым квартале ўзнікаюць касцёл і кляштар бернардынаў, кляштар марыянітак. Фармуецца і сінагагальны двор. Спачатку гэта – драўляная маскоўская халодная сінагога. Далей узнікае будынак малой сінагогі, іешывы і цэлы шэраг іншых будынкаў. У XIX ст., за Расійскай Імперыяй, гэта месца становіцца буйнейшым цэнтрам рэлігійнага жыцця Магілёва. І так як “сінагога” перакладаецца з арамейскай мовы як “школа”, квартал займеў назву “Школішча”. Ужо ў пачатку XX ст. не кожны магілёвец мог сказаць, дзе знаходзіцца Пакроўскі пасад, дык што казаць пра нашыя дні.
– Чаму ж вы ўзялі такую блізкую для нашага часу назву, а не выцягнулі напаверхню больш старажытную?
– Мы стараемся выкарыстоўваць дзве назвынават у афіцыйных дакументах. Але ўсё ж вымушаныя часцей казаць “Школішча”, каб грамадскасць разумела, пра якое месца ўвогуле ідзе размова. А пры кантактах з чыноўнікамі сябры нашага Таварыства называюць квартал “тэрыторыяй па вул. Вялікай Грамадзянскай”. Так спарней для працы.
– Калі ў гэтай частцы горада запануе жыццё – яна можа стаць другім цэнтрам Магілёва?
– Наўрад ці. Але гэты квартал можа стаць важкім дапаўненнем да гістарычнага цэнтра абласнога горада. І гэта адбудзецца толькі тады, калі Школішча будзе адноўлена згодна адпаведным методыкам і нормам. Тады можна будзе казаць пра адраджэнне старога магілёўскага цэнтра і ўключэнне Школішча ў гарадскі кантэкст.
– Ці разглядаеце вы такую працу з гісторыка-культурнымі аб’ектамі як працэс дэсаветызацыі?
– Як частку працэса – так. Бо руйнаванне аб’ектаў, якое часта падаецца пад назовам “дэсаветызацыя”, ёй не з’яўляецца. Разбурылі мы помнік – і што далей? Нядаўна быў рэпартаж на “Нашай Ніве” пра 7-га лістапада. Мінакам задавалі пытанне:“А што святкуем?” І людзі не маглі адказаць! Каментатары радаваліся, што ніхто не ведае пра гэты дзень. А я лічу, што небяспечна, калі людзі не ведаюць пра чырвоны дзень кастрычніка! Бо тады адначасова яны не ведаюць, што такое бальшавіцкі пераварот, што такое ўвогуле бальшавізм і камунізм. Людзям без гістарычнай памяці любыя ідэі, нават антыгуманныя, прышчапіць лягчэй.
Я лічу, што ў нас няма разумення, што такое дэсаветызацыя і якімі шляхамі да яе трэба ісці. На восеньскім міжнародным семінары праекта CHOICE мы вызначылі, што разбурэнне помнікаў – гэта толькі семіятычная дэсаветызацыя, і яна не нясе глыбокай сэнсавай нагрузкі. Мы проста пазбаўляемся ад знакаў эпохі. Дэсаветызацыя павінна ісці значна глыбей і вось для гэтага зусім неабавязкова руйнаваць савецкія сімвалы. Гэтыя сімвалы можна проста рэінтэрпрытаваць! А праца над прапановамі па рэгенерацыі, рэвіталізацыі гістарычных тэрыторый, якую мы праводзім, папулярызацыя вынікаў працы – адзін са шляхоў дэсаветазыцыі.
– Калі людзі не ведаюць, што такое 7-га лістапада, яны не будуць ведаць, што за дзень 25-га сакавіка.
– Так, усё адно з адным звязана. І 25-га сакавіка з’явілася таму, што гэтаму папярэднічала 7-га лістапада. І калі мы хочам, каб бальшавіцкая ідэалогія не вярнулася, мы павінны ведаць пра ўсе падзеі і ўсіх асоб тых часоў. А калі казаць пра праблему архітэктурных ансамбляў і ўпісаных у іх манументаў, то таксама ўсё неадназначна. Напрыклад, помнік Леніну ў Мінску каля Дома ўрада – цудоўны горадабудаўнічы элемент, без якога ансамбль плошчы і Дома ўрада, на маю думку, немагчымы. І гэты помнік варта не зносіць, а – інтэрпрэтаваць. Па-другому да яго аднесціся. Паставіць там інфармацыйную шыльду, на якой пазначыць, хто такі Ленін і якія наступствы сённяшняй Беларусі і свету прынеслі ягоныя дзеянні.
Ці ўзяць помнік Міхаілу Калініну, які стаіць на аднайменнай плошчы. Зараз я працую над гістарычнай даведкай па ім. І ў даведцы я пазначу, што Калінін – адзін з арганізатараў бальшавіцкага тэрору ў 1917-1920 гг. і палітычных рэпрэсіў у 1930-х і 1-й пал.1950 гг. у Беларусі. Дэсаветызацыя павінна адбыцца ў галавах, а не ў руйнаванні помнікаў.
Інвестар напагатове
– Ваш праект па Школішчу – культурны старт-ап? У яго далей пойдуць інвестыцыі?
– Са Школішчам мы працуем не першы год і на працягу ўсяго часу спрабуем даказаць і гарадскім уладам і грамадству Магілёва, і інвестарам, што гэтая тэрыторыя сапраўды значная і падлягае засваенню ў рэжыме адаўлення страчаных гісторыка-культурных аб’ектаў.
Агульная супраца прывяла нас да паразумення. І дзякуючы падтрымцы праграмы CHOICE мы змаглі распрацаваць канцэпцыю на патрэбным навукова-метадычным узроўні. Мэтаў, якія Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ставіла перад сабой у гэтым праекце, мы дасягнулі. Зараз Школішча увайшло ў праект новага Генплана Магілёва, у праект дэтальнага планавання горада і ў канцэпцыю архітэктурнага развіцця, якая была зацверджана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, як тэрыторыя для засваення і рэгенерацыці. Тут можна аднавіць страчаныя гістарычныя аб’екты, на якія маецца навукова абгрунтаваны матэрыял. Іншыя аб’екты могуць быць узведзены ў рэжыме рэнавацыі.Таму наперадзе ўсё адно вялікая праца, рабіць якую мы гатовыя дапамагчы ўсім зацікаўленым бакам.
– Зараз актыўна аднаўляецца будынак малой сінагогі, там будзе, што нечакана, – рэстаран!
– Рэнавацыя сінагогі ніяк не звязана з праектам CHOICE. Інвестар, які ўкладае грошы ў гэты аб’ект, выкупіў яго даўно. Так супала, што работы на гэтым аб’екце пачаліся адначасна з нашай працай. А што наконт рэстарана… ведаеце, помнік без функцыі не жыве. Каб габрэйская супольнасць Магілёва была ўласнікам, сама даследавала гэты аб’ект, прапанавала свой варыянт рэстаўрацыі і рэканструкцыі, магчыма, там быў бы не рэстаран. А зараз інвестар укладае грошы і, канешне, думае пра прыбытак. Справа нашага Таварыства – не глядзець, якая ў аб’екта будзе функцыя – няхай хоць казіно! Мы сочым, каб работы праводзіліся згодна заканадаўству і навуковай методыцы.
– Як канкрэтна называцца канчатковы прадукт, які вы падрыхтавалі ў рамках CHOICE?
– Прадукты – альбом архіўна-бібліяграфічных даследванняў, графічны альбом з канцэпцыяй месца, экспазіцыйныя планшэты і, напэўна, прадуктам можна назваць 25-хвілінны фільм пра Школішча, які зняў тэлеканал “Беларусь 4”. Усе гэтыя матэрялы знаходзяцца ў Магілёве ў карыстанні Магілёўскага гарвыканкама.
– Кожны інвестар, які зацікавіцца Школішчам, мае магчымасць атрымаць гэтыя дакументы?
– Не ўсё так проста! На падставе дакументаў яшчэ будуць распрацоўвацца горадабудаўнічыя пашпарты на зямельныя ўчасткі (а гэта – прэрагатыва гарвыканкама). Такія пашпарты мае права распрацоўваць толькі дзяржаўнае архітэктурнае бюро. Пасля гэтага прыходзіць інвестар і атрымлівае зямельны надзел і дакументы, дзе прапісаныя тэхнічныя ўмовы і рэгламенты засваення. Колькі будзе цягнуцца гэты працэс – мне цяжка сказаць. І ўплываць на працэс мы не можам. Галоўнае, што наша праца ўвайшла ў горадабудаўнічыя дакументы.
– Вы і з інвестарамі не будзеце працаваць?
– Калі нехта запросіць у нас дэтальную прапрацоўку тых ці іншых дакументаў, мы возьмемся. Таксама інвестар можа замовіць у нас распрацоўку дызайн-канцэпцыі на асобны будынак.
– Атрымліваецца, дакументы, якія вы падрыхтавалі, – гэта своеасаблівая праграма для інвестара. Хоча ён ці не хоча, але будзе аднаўляць культурны ландшафт у патрэбным рэчышчы.
– Хутчэй, мы зрабілі праграмаванне для гарадскіх уладаў. Тое, што канцэпцыя падтрымана і ўвайшла ў Генплан і іншыя дакументы, азначае, што гэтая тэрыторыя можа засвойвацца. Але мы не можам спрагназаваць, як будзе весці сябе інвестар. Нярэдка, калі рэалізуецца інвестпраект, пры распрацаваных і зацверджаных рэгламентах назіраюцца іх парушэнні. Беларусь у гэтым плане – унікальная краіна! У нарматыўных і горадабудаўнічых дакументах закладзена вельмі шмат, а на іх, на самых розных узроўнях, могуць проста не звярнуць увагі.
Нашто помнікі грамадству?
– Наколькі, па вашаму досведу, увогуле эфектыўныя мірныя спосабы працы па ахове спадчыны – без пікетаванняў?
– Я рэзка супраць пікетаванняў: сабраліся, паплакалі і разышліся. Праблема аховы культурнай спадчыны такім чынам не вырашаюцца. Тым больш, што трэба ўлічваць спецыфіку прававога поля. Калі ва Украіне спецыфіка такая, што там масавыя акцыі і грамадскія кампаніі маюць большы эфект – там іх варта рабіць. У нас жа лепш спрацоўвае звужэнне дзейнасці да прафесійна-прававых, праектных крокаў. Гэта – беларуская спецыфіка.
Пакуль мы не ўсвядомім, што ахова спадчыны – прававы працэс, нашыя справы будуць ісці вельмі марудна. Каб уплываць на сітуацыю, мы проста павінны працаваць у прававым полі, і заканадаўства дае нам для гэтага добрыя магчымасці. Напрыклад, мы працуем у рэчышчы інстытуялізацыі гісторыка-культурных аб’ектаў, унясенні зменаў у горадабудаўнічую дакументацыю, нават ёсць досвед працы па ўнясенню зменаў і дапаўненняў у нарматыўна-прававыя дакументы. І гэта не шляхам грамадскіх кампаній, а ў асноўным экспертнай працай.
– Але працы ў экспертным рэчышчы яшчэ папярэднічае граматнае асвятленне праблемы ў СМІ.
– У СМІ праблемы аховы спадчыны абавязкова трэба ўздымаць. Але так гэта рабіць, як робяць нашыя недзяржаўныя медыі, лепей не варта. Сваімі матэрыяламі яны часцяком шкодзяць справе. Адказна магу заявіць, што кваліфікаваныя матэрыялы па нашай тэматыцы я чытаю і бачу ў дзяржаных СМІ: “Савецкая Беларусія”, “Звязда”, БТ, ОНТ. З незалежнай прэсы магу адзначыць “Радыё Свабода”.
– Чым больш у нас аб’ектаў спадчыны, тым лепш для сферы культуры. А што яшчэ дае рост колькасці помнікаў грамадству і дзяржаве?
– Чамусьці мы любім вымяраць культурныя аб’екты турызмам, грашыма. А гэта няправільна. Спадчыну не трэба вымяраць турызмам, тым больш што на нашу спадчыну замежнік не асабліва і клюне. У нас не Заходняя і нават не Цэнтральная Еўропа. Ад гэтага не трэба камплексаваць: знаходжанне Беларусі паміж еўрапейскім і маскоўскім уплывам сфармала ўнікальнасць нашага культурнага ланшафту. Трэба зразумець, што гісторыка-культурныя аб’екты ў першую чаргу патрэбныя нам самім. З гэтымі аб’ектамі мы можам усвядоміць самі сябе. Спадчына – аснова нашай культурнай ідэнтыфікацыі, а не крыніца грошай ад турызму. Незалежная дзяржава не можа існаваць без культуры, як падмурка, таму і да культурна-гістарычнай спадчыны павінны быць адносіны, не пабаюся гэтага слова, як да святыні. А калі мы будзем разглядаць спадчыну праз прызму грошай – грош нам цана.
***
Даведка “ЕўраБеларусі”: Міжнародны праэкт "CHOICE— CulturalHeritage: OpportunityforImprovingCivicEngagement" рэалізуецца Асацыяцыяй агенцтв мясцовай дэмакратыi ALDA (Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам "ЕўраБеларусь" (Лiтва).
Праект разгортваецца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС "Усходняе партнёрства" пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:
Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);
Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);
Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);
Грамадскага аб’яднання "Цэнтр сацыяльных інавацый" (Мінск, Беларусь).
Беларуская частка праекта — "CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць" — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыўпа ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.
Другие новости раздела «CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць»
Команда консультантов проекта "Креативное Восточное партнерство" подготовила первую рабочую версию Неофициального руководства для потенциальных участников конкурса программы "Креативная Европа".
На конкурс гарадскіх рэкрэацыйных зон “Азбука-УНОВІС” у Віцебску падалі работы 36 чалавек. Роўна столькі, колькі было сяброў легендарнага мастацкага аб’яднання пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя.
Міжнародная праграма CHOICE цягам двух гадоў працавала разам з некалькімі культурніцкімі праектамі, кожны з якіх меў мэтай надаць нашай нацыянальнай спадчыне новую форму існавання і ўжытку.
Наша недаследваная і непрынятая спадчына чакае нас вялікімі адкрыццямі. У гэтым можна пераканацца, гартаючы шыкоўнае выданне дызайнера Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”, прэзентаванае ў Мінску.
У 1991 годзе на трыенале ў японскую Таяму мастакі і плакатысты Савецкага Саюза накіравалі 120 плакатаў . З іх для экспазіцыі міжнароднае журы адабрала толькі шаснаццаць.
28 красавіка 2017 года ў Мінску адбылася адкрытая дыскусія на тэму: "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?" Глядзіце, калі ласка, відэазапіс анлайн-трансляцыі.
28 красавіка 2017 года ў мінскай крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму: "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?".
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.