Четверг 21 ноября 2024 года | 21:55
  • бел / рус
  • eng

Ганна Севярынец: Дубоўка ўсё напісаў, трэба толькі прачытаць

21.05.2016  |  CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць   |  Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь,  
Ганна Севярынец: Дубоўка ўсё напісаў, трэба толькі прачытаць

Беларускага пісьменніка Уладзіміра Дубоўку арыштоўвалі чатыры разы. У высылцы ён правёў агулам 28 гадоў.

Большасці з нас яго прозвішча вядома дзякуючы аднаму абсалютна лірычнаму радку: “О, Беларусь, мая шыпшына...”. Якім быў сапраўдны Дубоўка-пісьменнік і Дубоўка-чалавек? Што ён зашыфраваў у сваіх творах і за што, заўсёды карэктны, рэзка абвінаваціў знакамітых беларускіх пісьменнікаў? Нечаканыя таямніцы жыцця выбітнага творцы вывучае выкладчыца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец. Яна падзялілася са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” некаторымі сваімі адкрыццямі.

“Не твой аўтар – як не твой мужчына”

– Чым вас зацікавіў Уладзімір Дубоўка?

– Ёсць такі пушкінскі выраз: Вся жизнь моя была залогом свиданья верного с тобой. У мяне яшчэ з часоў аспірантуры была праблема “свайго” аўтара. Я займалася раманамі Гайта Газданава, і праца, канечне, ішла, але ж, разумееце, неяк без вагню. Не твой аўтар – усё адно як не твой мужчына: ты не можаш з ім жыць. Проста нецікава. Таму, калі на мяне раптам “зваліўся” Дубоўка, было зусім як у жыцці: глядзіш – а гэта абсалютна твой чалавек.

Адбылося ўсё вельмі цікава. Гэта, канечне, вялікая ганьба для мяне, але я заўсёды пра яе расказваю, бо, на мой погляд, сітуацыя вельмі паказальная. Я – па жыцці выдатніца: перамогі ў алімпіядах, залаты медаль, чырвоны дыплом, аспірантура,  заўсёды цікавілася літаратурай, шмат чытала, а пра Дубоўку – не ведала. Зусім. Даведалася, калі два гады таму рыхтавала ў школе ўрок па Быкаву. Аднекуль быў у мяне ў галаве радок: “О Беларусь, мая шыпшына...”, і я палезла паглядзець, хто аўтар. Ну, Дубоўка нейкі. Добра. Праз колькі часу я брала інтэрв’ю ў Ціхана Чарнякевіча, і ён між іншым назваў мне два-тры факты з біяграфіі Дубоўкі. Я здзівілася. Прыйшла дамоў і ўвяла прозвішча ў радок пашукавіка.  

І калі я зразумела, што вось ён, мой аўтар, адразу – пачалося. Раптоўныя сустрэчы з людзьмі, якія яго асабіста ведалі, з прыватнымі архівамі, нікому яшчэ невядомымі, з фотаздымкамі, якіх няма нідзе… Маё жыццё пачало імкліва насычацца чужым жыццём – і не проста ў хрэстаматыйных дэталях, а ў жывых, нечаканых, унікальных падрабязнасцях. Захацелася даведацца больш. Паехала ў Манькавічы, Агароднікі, у Мядзел – а там яшчэ больш людзей, яшчэ больш дэталяў, яшчэ больш чужой гісторыі, цікавай у кожнай сваёй хвіліне… Нават містыка нейкая пачалася – “зялёнае святло” ў вандроўках і пошуках,  неверагодныя знаёмствы, супадзенні… Карацей, не проста корпанне ў чужым тэксце, як гэта часцяком бывае ў літаратуразнаўстве, а жыццё, да краю поўнае таямніцамі, пошукамі, знаходкамі, пытаннямі… Дубоўка цікавы мне ў кожнай сваёй літары: і ў вершах, і ў артыкулах, і ў лістах, і ў афіцыйных дакументах, і жыццё ягонае, і творчасць прываблівае мяне кожнай хвілінай і кожнай літарай.

Уладзімір Дубоўка з жонкай Марыяй Пятроўнай

Памятаю, яшчэ ў школе не магла ўцяміць, як гэта так: былі першапачаткоўцы,  Купала, Колас, Багдановіч, а потым раптам – Караткевіч, Быкаў, Куляшоў. А што між імі? Што за “чорная дзіра”? Мне была цалкам зразумелая логіка развіцця рускай літаратуры, дзе “чапляліся” адзін за аднаго Дзяржавін, Карамзін, Пушкін, Гогаль і гэтак далей, а з беларускай літаратурай была нейкая недасказанасць. Ткнулася на пошукі – але  што я магла адшукаць у канцы васьмідзясятых, простая віцебская школьніца? Сёння гэтая бездань, канечне, зацягнулася, і не толькі дзякуючы знаёмству з творчасцю Дубоўкі, з узвышэнствам, з творамі Язэпа Пушчы, Лукаша Калюгі, братоў Шашалевічаў. Я была агаломшаная крытычным геніем Адама Бабарэкі, роўнага якому і па сёння няма ў нашай літаратуры і нашай крытыцы. Ну і, канечне ж, найпершы з іх – Уладзімір Дубоўка. Выключная паэтычная смеласць, адсутнасць стэрэатыпаў, свядомае імкненне да такой паэзіі, якую да цябе яшчэ ніхто не ствараў па-беларуску. Ну, і потым, ужо калі я пачала глыбока капаць, пачала крыўдаваць на шматлікія міфы пра Дубоўку, прынятыя і цяпер у нашай крытычнай літаратуры. Таму яшчэ з’явілася простае чалавечае жаданне “выправіць крывізну”.

Барада і паэтычныя шыфры

– Што ж гэта за міфы?

– Самы агідны – пра тое, што Дубоўку “зламалі”. Амаль у кожным надрукаваным успаміне – абавязковы абзац пра тое, як Дубоўка піў за кампартыю, ці палохаўся, ці яшчэ там што. Такое адчуванне, што нехта сядзеў і тыя абзацы адмыслова па тэкстах расстаўляў. Па-першае, мне незразумела, якое людзі маюць права так казаць. Ніводны з беларускіх пісьменнікаў не вяртаўся ў літаратуру праз 28 гадоў высылак і лагеру, праз чатыры (!) прысуды – ці загінулі, ці больш не пісалі. А ён вяртаўся актыўна, адчайна, кідаўся ў самы вір – і пры гэтым, я упэўненая – кожны дзень з шаснаццаці паслярэабілітацыйных гадоў чакаў арышту. Так, ён быў вельмі асцярожны. Так, ён не давяраў амаль нікому. А хто на яго месцы давяраў бы?  Мы, якія, калі й баімся чаго, дык гэта звальнення з працы ці забароны на друк – якое мы маем права нават вымаўляць слова “запалоханы”? Бывае, Дубоўку параўноўваюць з Ларысай Геніюш: маўляў, жанчына пасля лагеру не зламалася, змагалася да апошніх сваіх дзён і з рэжымам, і наогул з чалавечай подласцю, а ён, мужчына, выйшаў запалоханы. Але ж прабачце: Ларыса Антонаўна правяла ў зняволенні восем год, а Дубоўка – дваццаць восем, Ларыса Геніюш мела шчасце  пабачыць пасля выгнання свайго адзінага сына жывым, Дубоўка такога шчасця ня меў – пакуль ён быў у лагеры, адзіны ягоны сын Альгерд загінуў. Ці можна наогул параўноўваць лёсы і шляхі?

Па-другое – ну ёсць жа і факты, значна больш шматлікія, чым той тост за партыю, які Дубоўка аднойчы ўзняў, і ён яму потым у кожным успаміне ёкаў. Амаль першым Дубоўкавым тэкстам пасля рэабілітацыі стаў тэкст пра Адама Бабарэку, сябра, які згінуў у Паўночлагу ў 1938-м. Піша, і нават спрабуе надрукаваць. Зрабіць гэта, зразумела, не атрымалася, і Дубоўка аддаў гэты тэкст дачцэ Адама Бабарэкі Алесі, каб быў у яе, пакуль прыйдзе час… У РДАЛМ (Расійскі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва. – ЕўраБеларусь.) я знайшла рукапісы, якія Дубоўка дасылаў у рэдакцыю часопіса “Вопросы литературы”, дзе рэдактар паперкамі наглуха заклейваў непажаданы тэкст ненадзейнага аўтара. Гэтыя паперкі можна прасвяціць і ўбачыць, што там заклеены вельмі смелыя выразы і пра лагерны досвед, і пра стаўленне да ідэалагічных пазіцый, якія існавалі на той час. Дубоўка пісаў усю магчымую праўду, даваў у друк – рэдактары выкрэслівалі. Дык калі б ён быў такім запалоханым, хіба пісаў бы ўсё гэта? Ды й папрок у тым, што ён перарабіў свае вершы дваццатых… А вы не перарабілі б, калі б рэдактарам вашага першага збору твораў пасля 28 год пакутаў паставілі б Алеся Кучара? Я маю на руках арыгінальныя архіўныя дакументы з чабаксарскага і грузінскага арыштаў Дубоўкі – гэта трэці і чацвёрты прысуды. Віну сваю не прызнаў, нічога не падпісваў. У надрукаваных ягоных паказаннях з допытаў – ніводнага прозвішча, ніводнага даноса. Дубоўка – амаль адзіны, хто за ўсе чатыры свае разы не здаў і не агаварыў ніводнага чалавека. Нават калі яму, як ён кажа, “у вельмі цяжкіх умовах” следчыя прапанавалі напісаць “адмоўную характарыстыку” на  Цішку Гартнага, ягонага заклятага літаратурнага ворага, намаганнямі якога Дубоўка, уласна кажучы, і быў запісаны ў нацдэмы – ён не напісаў, адмовіўся. Ці шмат людзей рабілі гэтак жа? Зламаны? Мы сёння больш зламаныя, чым ён, той, хто прайшоў і дзевяць месяцаў страшэнных допытаў НКУС, і 18 год высылкі, і 10 год лагеру.

– Але ж няўжо гэта нідзе не знайшло выхаду, як можна было пасля такога ўключыцца ў “звычайнае” жыццё?

– А вось вам гісторыя пра Дубоўкаву бараду. Ва ўсіх успамінах пасля 1958 года, калі рэабілітаваны паэт вярнуўся ў Мінск, напісана, што ў яго такая казачная белая барада, як у Дзеда Мароза. Такі святочны сэнс – ах, барада! Але Яўхім Кіпель – таксама арыштант трыццатых па справе СВБ (неіснуючага Саюза вызвалення Беларусі. – ЕўраБеларусь.) – у сваіх успамінах узгадвае, што, калі яны сядзелі падчас следства і чакалі выраку па 8 – 9 месяцаў, вядома ж, без лазні, без нават рукамыйніка, паадрошчвалі бароды. І калі іх везлі па этапе і ўжо былі магчымасці пагаліцца, яны працягвалі свае бароды насіць – як знак несправядлівага зняволення. Кіпель кажа, так яны пазнавалі адзін аднаго. Маючы на ўвазе гэтую дэталь, я гляджу на фотаздымкі з Почату – месца апошняй высылкі Уладзіміра Дубоўкі. Напачатку ён зусім без барады, а з’яўляецца яна бліжэй да ад’езду, калі было зразумела, што вернецца ў Маскву і Мінск. І я думаю: для каго ён яе адрошчваў?  Ці гэта ўсё ж быў той самы знак?  Глядзіце: апошні перадсмяротны верш паэта, той самы, які калісьці цалкам надрукаваў Барыс Сачанка ў ЛіМе і больш ніхто нідзе цалкам не друкуе, настолькі ён крыўдны і нават абразлівы для некаторых сучаснікаў Дубоўкі. Гэта вам не “Палеская рапсодыя”, рэдагаваная, лакіраваная, гэта сапраўдны Дубоўка, той, з трыццатых, моцны, бязлітасны, страшны нават. У гэтым вершы паэт “прыпячатаў” тых, каго лічыць вінаватымі ў рэпрэсіях над пісьменнікамі. “Калі ж адвееш ты, як дым, Мой запавет наконт вяроўкі Свет здзейсніць сам, свет знае, чым, Клянуся барадой Дубоўкі!” – завяршаецца верш. Ці ў такіх выпадках клянуцца святочнай дзедмарозаўскай барадой?  

Наогул, розных загадак у лёсе і творах пісьменніка, якія яшчэ трэба разблытваць, шмат. Напрыклад, кажуць, што ён 28 гадоў нічога не пісаў. Але я атрымала дакументы з грузінскага архіву МУС, і сярод рэчаў, якія адабралі ў яго пры вобшуку, пазначаны… яго літаратурныя творы!  Што маецца на ўвазе? Ці ён меў пры сабе нейкія зборнікі 1920-х гадоў, пасля таго, як яго чатыры разы арыштоўвалі і абшуквалі? Ці гэта былі рукапісы? Але мне ніякіх літаратурных твораў не дасылалі і на запыт пра іх адказалі адмоўна. А дзе яны тады падзеліся?

Лічыцца, што калі Уладзімір Дубоўка вярнуўся ў 1958 годзе з высылкі, то пісаў тое, што ад яго чакалі, і што ў мастацкім сэнсе, канешне, не дацягвала да таго Дубоўкі, якім ён быў да арышту. З першага погляду гэта быццам бы так. Але, думаю, проста мы не так чытаем. Творца гэткай лірычнай моцы і такой трагічнай нявыказанасці, не мог ён маўчаць. Кожны, хто піша, разумее, што не выказацца ў такіх варунках – страшней за смерць. Адкрываем пераклады санетаў Шэкспіра. Так, гэта тое! Усё выказана – і здрады, і адчай, і жах, і надзея.

Адкрываем “Пялёсткі”… Гэта наогул – унікальны твор у гісторыі беларускай літаратуры. Тут не аднаму чалавеку – тут інстытуту літаратуразнаўства працы на гады наперад.  У кожным абразку – такія мілыя, на першы погляд, нават дзіцячыя нейкія зацемкі – неверагодная праўда і пра час, і пра абставіны, і пра пачуцці. Трэба толькі ведаць Дубоўкаў шыфр і ўважліва чытаць знакі – дзе ён, напрыклад, замест слова “пагорак” выкарыстоўвае такое невыпадковае для яго слова “ўзвышша”, дзе раптам прачытваюцца вобразы і метафары з вершаў дваццатых, дзе з’яўляюцца дзіўныя персанажы кшталту мядзведзя з выцягнутай наперад лапай (колькі такіх “мядзведзяў” стаіць па нашых цэнтральных плошчах?), які аказваецца трухлявым пнём… Дубоўка ўсё напісаў. Трэба толькі прачытаць.

“Уладзя, ты – Пушкін”

– Ці склаўся ў вас нейкі партрэт Уладзіміра Дубоўкі, што за характар у яго быў?

– Я яшчэ складаю гэты партрэт – Дубоўка быў чалавекам нават не трох вымярэнняў, яго так проста не складзеш. Але я яго абавязкова збяру, сапраўдны партрэт сапраўднага чалавека, а не той пастэльны малюначак, які мы маем цяпер. Асноўная маса ўспамінаў пра Дубоўку – гэта ўспаміны шасцідзясятых, калі, па-першае, прынята было ўспамінаць няшчыра, у стылістыцы партыйных характарыстык, а па-другое, асабліва не нашчыруешся, чалавек рэабілітаваны: раптам не так напішаш – і пойдзе зноў па этапах…. Ну, і малююць: і такі ж добры, і такі вясёлы, і такі прыгожы, і такі добразычлівы, і не піў, не курыў, толькі што напалоханы… Як золата намываеш – і эмацыянальнасць, і прынцыповасць, і маладую гарачнасць, і адмысловае хуліганства, пра якое культурным дзяўчатам, напрыклад, і распавядаць сорамна… Гэта ж і ёсць сапраўднай задачай літаратуры і літаратуразнаўства – дыягенаўскі пошук чалавека. Вялікае шчасце – сустрэць на гэтым шляху такога героя і аўтара, як Дубоўка.

Недарэмна Купала яму казаў: “Уладзя, ты – Пушкін, а я перад табой толькі Дзяржавін”. Тое, што нам па сабе пакінуў Дубоўка – толькі сотая частка таго, што ён мог нам пакінуць, але і таго – хопіць на пакаленні наперад.

Ён быў, дарэчы, вельмі дынамічным паэтам і развіваўся проста вокамгненна. Параўнаць яго першы надрукаваны верш і вершы з “Налі”, напрыклад… З такімі тэмпамі гэта сапраўды быў бы Пушкін, і ён гэта пра сябе ведаў. Уявіце, якая гэта трагедыя – быць Пушкіным, які не напісаў свайго “Анегіна”…  Гэта ўвогуле праблема ўсёй беларускай літаратуры: у нас столькі ненапісаных твораў, столькі скрадзенага, столькі расстралянага, столькі схаванага па сёння ў архівах...

– А што асабіста для вас стала сенсацыйным у лёсе, у характары, у творчасці гэтага чалавека?     

– Мяне ўзрушвае ўсё. І яго дзяцінства ў адным з самых цікавых куткоў Беларусі – кніжку пра Манькавічы можна чытаць як захапляльны дэтэктыў, і яго неверагодная кар’ера ў Маскве, і мужныя паводзіны пасля арышту, і тое, як ён паводзіў сябе ў высылцы, у лагеры. Уявіце сабе, высланы у Яранск, ён навучыў тамтэйшых калгаснікаў ставіць парнікі, вырошчваць памідоры, ён нават кавуны там развёў! Ратаваў калгасы ад банкруцтваў, сядзеў начамі, шукаў доказаў невінаватасці калегаў, калі над тымі збіраліся чорныя хмары небяспекі – і адшукваў, і выратоўваў, сам – сасланы… Гэта быў чалавек неверагоднай моцы, якой усім нам бракуе.

– Раскажыце крыху пра кнігу аб Уладзіміру Дубоўку, якую вы рыхтуеце.

– Спачатку я думала, што зраблю нешта кшталту верасаеўскага “Жыцця Пушкіна” – такія нарэзкі з успамінаў і архіўных дакументаў. Але з працаю бачу, што, калі атрымаецца, буду рабіць шырэй. Гэта, напэўна, будзе не проста партрэт чалавека – праз яго жыццё я хачу даць партрэт часу, прасторы, эпохі, бо ён і сам – чалавек-эпоха, адзін з самых маштабных людзей, якіх я ведаю за ўсю гісторыю сусветнай літаратуры.  Жыццё Дубоўкі – само як кніга, яго вельмі цікава чытаць і разбірацца ў ім. Нам, беларусам, шанцуе на такіх пісьменнікаў: наш Багдановіч, наш Купала, наш Караткевіч і Быкаў – не проста людзі, якія пісалі кнігі, гэта людзі, якія пражывалі сваё жыццё нібыта пісалі грандыёзны, геніяльны мастацкі твор, варты нават не Нобелеўскай – значна болей высокай прэміі. Гэта кніга, спадзяюся, будзе цікавай не толькі тым, хто звернецца да творчасці Дубоўкі – яна будзе цікавай тым, хто будзе вывучаць наогул гэтую прастору і гэты час, Беларусь у дваццатым стагоддзі. Вельмі хочацца, каб гэтая кніга была вартая свайго героя. Буду старацца.

Другие новости раздела «CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць»

Разработана неформальная инструкция для заявителей на программу "Креативная Европа"
Разработана неформальная инструкция для заявителей на программу "Креативная Европа"
Команда консультантов проекта "Креативное Восточное партнерство" подготовила первую рабочую версию Неофициального руководства для потенциальных участников конкурса программы "Креативная Европа".
Как успешно заполнить грантовую заявку программы "Креативная Европа" и найти надежных партнеров
Как успешно заполнить грантовую заявку программы "Креативная Европа" и найти надежных партнеров
Эти и другие вопросы обсуждали партнеры проекта "Международное Восточное партнерство" во время рабочей встречи 13-16 сентября, состоявшейся в Ереване.
Валянціна Кірылава: Свет адчыняе ўсе дзверы на пароль “Шагал-Малевіч-Віцебск”
Валянціна Кірылава: Свет адчыняе ўсе дзверы на пароль “Шагал-Малевіч-Віцебск”
На конкурс гарадскіх рэкрэацыйных зон “Азбука-УНОВІС” у Віцебску падалі работы 36 чалавек. Роўна столькі, колькі было сяброў легендарнага мастацкага аб’яднання пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя.
Ида Шендерович: Место встречи жизни и смерти
Ида Шендерович: Место встречи жизни и смерти
Из архитектурного ландшафта Беларуси стремительно исчезают объекты материального наследия.
Захаваць спадчыну і стаць каштоўнымі адзін для аднаго (ФОТА)
Захаваць спадчыну і стаць каштоўнымі адзін для аднаго (ФОТА)
16 чэрвеня ў мінскай прасторы “Цэх” прадставілі вынікі працы Міжнароднай праграмы “CHOICE – Cultural Heritage – Opportunity for Civic Engagement”.
Оксана Гайко: Наш аудиогид по Бресту – памятник жертвам Холокоста
Оксана Гайко: Наш аудиогид по Бресту – памятник жертвам Холокоста
Центр Бреста теперь можно изучать с помощью аудио-гида Brest Stories Guide. Правда, пока одну из страниц города – антисемитизм и Холокост.
16 чэрвеня ў Мінску — дыскусія-прэзентацыя "Актуалізацыя культурнай спадчыны ў Беларусі"
16 чэрвеня ў Мінску — дыскусія-прэзентацыя "Актуалізацыя культурнай спадчыны ў Беларусі"
Міжнародная праграма CHOICE цягам двух гадоў працавала разам з некалькімі культурніцкімі праектамі, кожны з якіх меў мэтай надаць нашай нацыянальнай спадчыне новую форму існавання і ўжытку.
Ларыса Быцко: Спадчыну можна захаваць толькі разам
Ларыса Быцко: Спадчыну можна захаваць толькі разам
На прэм’еру батлейкі “Прытулак памяці” ў аграсядзібу “Стулы” Пружанскага раёна прыехала шмат людзей.
Міхал Анемпадыстаў прадставіў альбом, які прэзентуе беларускую культуру (ФОТА)
Міхал Анемпадыстаў прадставіў альбом, які прэзентуе беларускую культуру (ФОТА)
Наша недаследваная і непрынятая спадчына чакае нас вялікімі адкрыццямі. У гэтым можна пераканацца, гартаючы шыкоўнае выданне дызайнера Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”, прэзентаванае ў Мінску.
Дзмітрый Сурскі: Мы павінны аддаць беларускаму плакату належнае
Дзмітрый Сурскі: Мы павінны аддаць беларускаму плакату належнае
У 1991 годзе на трыенале ў японскую Таяму мастакі і плакатысты Савецкага Саюза накіравалі 120 плакатаў . З іх для экспазіцыі міжнароднае журы адабрала толькі шаснаццаць.
30 траўня ў Мінску — прэзентацыя кнігі Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі"
30 траўня ў Мінску — прэзентацыя кнігі Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі"
У перадапошні дзень вясны адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя кнігі мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі".
Вольскі, Глобус і Акудовіч прэзентавалі дзіцячую кнігу пра мастацтва (ФОТА)
Вольскі, Глобус і Акудовіч прэзентавалі дзіцячую кнігу пра мастацтва (ФОТА)
Выданне прысвечана сямі беларускім мастакам ад Малевіча і Шагала да Цэслера і Вашкевіча і складаецца з ілюстрацый, біяграфій, казак, вершаў і гульняў.
Спадчына – гэта дзеяслоў. У Мінску падвялі вынікі працы праекта CHOICE
Спадчына – гэта дзеяслоў. У Мінску падвялі вынікі працы праекта CHOICE
Ці патрэбна Беларусі “грамадскае міністэрства культуры” і “ашмянская хартыя” па абыходжанні з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі?
2 траўня ў Гродне — адкрыеццё выставы мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі"
2 траўня ў Гродне — адкрыеццё выставы мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі"
Цэнтр гарадскога жыцця #uCentry і арт-галерэя "Крыга" запрашаюць гарадзенцаў на ўнікальную выставу.
Відэазапіс анлайн-трансляцыі "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?"
Відэазапіс анлайн-трансляцыі "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?"
28 красавіка 2017 года ў Мінску адбылася адкрытая дыскусія на тэму: "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?" Глядзіце, калі ласка, відэазапіс анлайн-трансляцыі.
28 красавіка ў Мінску — дыскусія "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?"
28 красавіка ў Мінску — дыскусія "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?"
28 красавіка 2017 года ў мінскай крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму: "Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?".
18 красавіка ў Віцебску — адкрыццё выставы Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі" (Відэа)
18 красавіка ў Віцебску — адкрыццё выставы Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі" (Відэа)
18 красавіка 2017 года мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў прадставіць сваю выставу "Колер Беларусі" ў Віцебску.
Беларусы глабальна не ўпэўненыя ні ў чым, таму і выбіраюць каларыстычную гаму “беж” (Відэа)
Беларусы глабальна не ўпэўненыя ні ў чым, таму і выбіраюць каларыстычную гаму “беж” (Відэа)
Колер – адзін са складнікаў культуры, якая вызначае тое, як мы жывем штодня, рэагуем на падзеі, прымаем рашэнні.
24 сакавіка ў Мінску — закрыццё выставы Міхала Анемпадыстава "Колеры Беларусі"
24 сакавіка ў Мінску — закрыццё выставы Міхала Анемпадыстава "Колеры Беларусі"
24 сакавіка, у пятніцу, Лятучы ўніверсітэт запрашае на закрыццё выставы Міхала Анемпадыстава "Колер Беларусі".
Міхал Анемпадыстаў: Хацелася б, каб людзі адчулі кайф ад вычытвання невярбальнай інфармацыі
Міхал Анемпадыстаў: Хацелася б, каб людзі адчулі кайф ад вычытвання невярбальнай інфармацыі
Як колер звязаны з культурнай традыцыяй і ці ўсялякае народнае мастацтва – традыцыйнае?
Беларускія НДА супраць COVID-19

Якія выклікі пандэмія каронавіруса кідае грамадскім арганізацыям і як яны з імі спраўляюцца?

«Это наша большая совместная работа»

За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.

Представители пяти городов обсудили ситуацию с безбарьерной средой (Фото)

23-24 сентября под Минском прошла двухдневная рабочая встреча в рамках кампании "Повестка 50".

Уладзімір Мацкевіч: Каля ста чалавек кожны год вучыцца ў беларускім Лятучым універсітэце (Аўдыё)

Адукацыйная пляцоўка была створана на ўзор Лятучага ўніверсітэта, які пад канец 1970-х гадоў дзейнічаў у Польшчы.