BE RU EN
rss facebook twitter

Паплечнікі Цімашэнкі б'юць трывогу і просяць ЕС аб дапамозе

12.01.2012
Паплечнікі Цімашэнкі б'юць трывогу і просяць ЕС аб дапамозе

Паплечнікі былога ўкраінскага прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнкі пасля здарэння з пагрозай для яе здароўя ў турме на гэтых выходных абвінавацілі ўлады Украіны ў спробе забойства. 

Былы намеснік прэм'ер-міністра Цімашэнкі і член яе партыі Рыгор Нямыра распавёў у аўторак, 10 студзеня: "Далейшы аналіз гэтай сітуацыі і супастаўленне наяўных фактаў прыводзяць нас да лагічнай высновы: улады спрабуюць вырашыць праблему з Цімашэнкай, проста забіўшы яе"

 

Ён сказаў, што тое, што адбылося ў ноч на 7 студзеня ў Качанаўскай жаночай выпраўленчай калоніі, што месціцца ва Усходняй Украіне, само па сабе было не замахам на забойства, а часткай працэсу, накіраванага на фізічнае знішчэнне лідэра апазіцыі: "Гэтыя механізмы дзейнічаюць у нас яшчэ з савецкіх часоў: усё, што адбываецца з палітычнымі апанентамі рэжыма, звычайна выглядае як "натуральныя здарэнні", каб улады пасля маглі сказаць: "Выбачайце. У жыцці такое здараецца..."Было б абсурдна паспрабаваць забіць яе, напрыклад, з пісталета. Але цяперашняе развіццё падзей паказвае, што Цімашэнку спрабуюць ліквідаваць".

Як сцвярджаюць паплечнікі Цімашэнкі, турэмныя лекары далі ёй ноччу два віды лекаў: адзін ад грыпу і адзін ад боляў у спіне, пасля чаго яе крывяны ціск упаў да 60/40 і яна страціла прытомнасць. Яе сукамерніцы пачалі біць у дзверы, узнімаючы трывогу. Але нягледзячы на гэта і на тое, што камера знаходзілася пад 24-гадзінным назіраннем, прайшло 20 хвілін, перш чым прыйшлі лекары і "вярнулі яе да жыцця".

У аўторак турэмная служба апублікавала сваю версію падзей.

У іх заяве гаворыцца, што Цімашэнка адчула сябе "нездаровай" і папрасіла сваю сукамерніцу паклікаць супрацоўнікаў калоніі, якія прыбылі праз чатыры хвіліны. Турэмная служба адзначае, што МРТ, камп'ютарная тамаграфія і аналіз крыві паказалі, што стан здароўя экс-прэм'ера быў "задавальняючым".

Рыгор Нямыра, да якога прыслухоўваюцца вядучыя правацэнтрысцкія палітыкі ў сталіцах ЕС і ва Еўрапейскім парламенце, бачыць непасрэдную сувязь паміж прыцягненнем увагі да цяжкага стану Цімашэнкі і падтрымання аўтарытэту прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Са свайго боку, еўрапейскія дыпламаты спрабуюць высветліць, што насамрэч адбылося 7 студзеня. Але ўлады Украіны (за выключэннем аднаго выпадку ад 13 снежня) адмаўляюцца дазволіць ім пабачыць былога прэм'ер-міністра ці перавесці яе пад нагляд іх дактароў.

Еўрапейскі дыпламат, які прытрымліваецца адрознай ад Нямыра логікі, падкрэсліў, што менавіта ў інтарэсах Януковіча гарантаваць Цімашэнцы бяспеку, "каб ніводзін волас не ўпаў з яе галавы"; паколькі, калі б яна памерла, гэта знішчыла б усе надзеі на ўкраінскую інтэграцыю ў ЕС - ключавога аспекту знешняй палітыкі краіны ў адстойванні яе незалежнасці ад Расіі.

Іншы дыпламат з ЕС, аднак, заявіў, што Януковіч становіцца ўсё больш непрадказальным. Палітычны праціўнік апошняга былы ўкраінскі прэзідэнт Віктар Юшчанка яшчэ ў 2004 годзе таксама перажыў спробу забойства з дапамогай дыяксіну.

Новы ўдар па адносінах паміж ЕС і Украінай

Яшчэ адным ударам па адносінах ЕС і Украіны стала прадастаўленне 6 студзеня Чэхіяй палітычнага прытулку для мужа Юліі Цімашэнка Аляксандра Цімашэнкі, які праз тры дні пасля гэтага заклікаў Еўрапейскі Саюз ўвесці санкцыі супраць Януковіча і яго сям'і. Ён сказаў, што пакінуў Украіну, каб не дазволіць уладам выкарыстоўваць супраць яго "брудныя прыёмы" з мэтай ціску на яго жонку: 12 гадоў таму ён быў абвінавачаны ў карупцыйных махінацыях. Аляксандр Цімашэнка зарэгістраваны ў якасці саўладальніка фірмы "Міжнародныя прамысловыя праекты" з галаўным офісам у Чэхіі.

У 2011 годзе Чэхія прадаставіла "міжнародную абарону" дзевяці ўкраінскім грамадзянам. Адзін з іх, Багдан Данілішын, былы міністр эканомікі ва ўрадзе Цімашэнкі, таксама быў абвінавачаны ў карупцыі. Пасля прыбыцця ў Прагу ў студзені мінулага года Данілішын стварыў недзяржаўную арганізацыю супраць Януковіча "Украінская еўрапейская перспектыва".

Такія дзеянні Чэхіі надаюць вагу меркаванням, згодна з якімі Януковіч зараз пераследуе сваіх палітычных апанентаў. Міністэрства замежных спраў Чэскай Рэспублікі заяўляе, што прынятыя ім рашэнні грунтуюцца на тэхнічных падставах Міністэрства ўнутраных спраў. Крыніца ў Бруселі адзначае, што чэскія дыпламаты не заўсёды могуць прадастаўляць палітычны прытулак, таму што гэта шкодзіць намаганням Прагі ўплываць на Кіеў.

Чэхія, былая камуністычная краіна, мае даўнія традыцыі ў прадастаўленні сховішча людзям з постсавецкіх дзяржаў. Гэта папулярны накірунак і для ўкраінцаў, таму што чэшкая і ўкраінская мовы падобныя і таму, што на цяперашні час у Чэхіі пражывае больш за 130 тысяч былых украінцаў.

 

Пераклад з англійскай мовы: Яўгенія Камарова, ЕўраБеларусь - паводле: Andrew Rettman, EUobserver

Видео