BE RU EN
rss facebook twitter

"Кальварыю" зноў хацяць "адрамантаваць"

10.01.2012
"Кальварыю" зноў хацяць "адрамантаваць"

Адміністрацыя КУП "Спецкамбінат КБА" плануе ў перспектыве ажыццявіць знос шэрагу пахаванняў з гістарычнымі агароджамі і надмагіллямі ўздоўж алеі, якая вядзе ад брамы да касцёла, на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак у Мінску, нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 711Д000049, пра што сведчаць таблічкі адпаведнага зместу, з’явіўшыеся на шэрагу пахаванняў апошнімі днямі. Аб гэтым Службе iнфармацыi "ЕўраБеларусi" паведамiў старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры Антон Астапов.

 

Па яго звестках, зафіксаваны факты самавольных зменаў гістарычнага выгляду капліц-пахавальняў, непрыняцце мер па падтрыманню ў належным стане надмагілляў 19 - пач. 20 ст.ст. і іншыя дзеянні, якія маюць усе прыкметы парушэння заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Пад аховай дзяржавы знаходзіцца ў адпаведнасці з Дзяржаўным спісам ўвесь комплекс могілак у межах агароджы. Гэта азначае, што ўсе віды прац, якія праводзяцца на тэрыторыі каштоўнасці і могуць прывесці да iстотнага змянення матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей катэгорый "0", "1", "2" цi да iх знiшчэння, павінны выконвацца з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і толькі пасля разгляду і ўхвалення на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, як прадугледжана арт. 37 і 43 Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь".

Працы па знішчэнню гістарычных пахаванняў, па правядзенню несанкцыянаваных рамонтных прац на капліцах-пахавальнях не адпавядаюць п. 3 арт. 36 вышэйназванага закона, які вызначае наступныя віды прац на нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, як аднаўленчыя работы, дапаўненне, кансервацыя, прыстасаванне, рамонт, раскрыццё, рэгенерацыя, рэканструкцыя. Гэта прыводзіць да парушэння арт. 27, 28 Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь".

У адпаведнасці з арт. 52 Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" уласніку ці ўладальніку забараняецца прычыняць шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці, змяняць умовы ўтрымання і выкарыстання помніка без узгаднення з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Уласнік (уладальнік) абавязаны выконваць умовы ахоўных абавязацельстваў і дзеючага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, што прадугледжана арт. 44; 52; 53 Закона.

На жаль, патрабаванні заканадаўства ўласнікам (уладальнікам) гісторыка-культурнай каштоўнасці (КУП "Спецкамбінат КБА") не выконваюцца, адзначае Антон Астаповiч.

У сувязі з вышэйсказаным ГА "Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры" звярнулася с просьбай у Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам аб складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні і аб пачатку падрыхтоўкі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкулах 19.1; 19.2; 19.3 і 19.4 КААП да разгляду ў дачыненні да КУП "Спецкамбінат КБА", і накіраванні на іх адрас прадпісання з патрабаваннем прывесці працы на гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам.

Дадаткова быў дасланы запыт у Пракуратуру г. Мінска с просьбай правесці праверку выканання палажэнняў нарматыўна-прававых дакументаў ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны КУП "Спецкамбінат КБА" і прыняць меры пракурорскага рэагавання па выяўленых фактах парушэнняў заканадаўства.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Видео