BE RU EN
rss facebook twitter

Балаш Ярабік: "Данецкі закон" і нарастаючы крызіс у адносінах з Украінай"

24.11.2011
Балаш Ярабік: "Данецкі закон" і нарастаючы крызіс у адносінах з Украінай"

"Данецкі закон" і нарастаючы крызіс у адносінах з Украінай

Балаш Ярабік,
асацыяваны член Еўрапейскага аналітычнага цэнтра для глабальных дзеянняў FRIDE


 

Яскравыя цытаты:

"Замест таго, каб стаць "годам Еўропы ва Украіне", 2012 год, здаецца, стане годам канфлікту паміж Еўропай і Украінай".

"Цімашэнка наўрад ці будзе вызваленая з турмы, паколькі ва ўкраінскай палітыцы да гэтага часу жыве і квітнее кланавая канкурэнцыя".

"Адносны аналіз выдаткаў і выгад вядзе ўкраінскія эліты ў Еўропу, але іх дзелавыя і палітычныя інтарэсы ляжаць ва Украіне".

2012 год, мяркуецца, стане "годам Еўропы ва Украіне". Краіна, сумесна з Польшчай, будзе прымаць Чэмпіянат Еўропы па футболе, а таксама чакаць падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Гэтая падзея павінная будзе цвёрда ўключыць Украіну ў еўрапейскую арбіту.

Хуткасць, з якой Украіна дагэтуль прасоўвалася ў перамовах па падпісанню Пагаднення аб асацыяцыі, шмат каго здзівіла. Але цяпер становіцца бачна, што, верагодна, 2012 год стане годам канфлікту паміж ЕС і Украінай.

Заключэнне за краты былога прэм'ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнкі было палітычна матываванай справай. Еўрасаюз адчувае, што ён павінен адэкватна палітычна адрэагаваць, паставіўшы жорсткія ўмовы падпісання заключнага акорда Пагаднення аб асацыяцыі.

У сваёй рэакцыі прэзідэнт Віктар Януковіч фактычна ўжо зрабіў падпісанне Пагаднення ўмовай сяброўства з ЕС.

Было шмат размоваў наконт таго, што сапраўды стаіць за судом над Цімашэнкай. Маючы Пагадненне аб асацыяцыі практычна падпісаным, пасля 21 раўнда перамоваў, чаму Украіна зараз рызыкуе сваімі адносінамі з Еўрапейскім Саюзам? І чаму правакуе Расію, улічваючы, што правамернасць пагаднення з "Газпромам" была ў аснове судовага працэсу? Чаму Украіна імкнецца парушыць мір з абодвума сваімі суседзямі, асабліва цяпер, калі слабасць яе эканомікі нарастае?

Суд унутры самой Украіны, насамрэч, не быў неабходны. Хаця папулярнасць урада Януковіча ідзе на спад, апошні паспеў скарыстаўся народным расчараваннем “Аранжавай рэвалюцыяй” як на радзіме, так і за мяжой для ўзмацнення сваёй улады і ўсталявання кантроля над усімі сферамі жыцця ў краіне. Апазіцыя ж не толькі паступова адыходзіць у бок, але і губляе сваю папулярнасць, саступаючы месца Януковічу.

Грамадства, здаецца, апатычнае да адкату краіны ад дэмакратычных заваёў. Агульным тлумачэннем таго факта, што ва Украіне змог адбыцца такі суд, можна было б назваць надзею Украіны на тое, што яна магла адкараскацца ад гэтага. Але ЕС не прапаноўвае ніякіх сур'ёзных прыладаў. Украінскія эліты, у асноўным тыя, што з-пад Данецка, хочуць прадэманстраваць, што краіна пад іх кантролем.

Гэтыя "данецкія законы" - рана ці позна, але, безумоўна, да парламенцкіх выбараў 2012 года - прывядуць да крызісу ў адносінах паміж Захадам і Украінай. 

Вялікія крывадушнікі

Для адносін паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам характэрным з'яўляецца міф, што "Аранжавая рэвалюцыя", якая адбылася ў 2004 годзе, карэнным чынам змяніла палітычны курс краіны. На самай справе, ніводны з бакоў палітычнай эліты не хоча змяняць накірунак палітычнага руху Украіны. Нягледзячы на тое, што "Аранжавая рэвалюцыя" стала эмацыйным выбухам украінцаў супраць скрадання іх галасоў праеўрапейскіх грамадзян, у "аранжавай" палітычнай эліты не было далёкіх планаў на пераходны перыяд. Хіба што "Партыя рэгіёнаў" узяла крыху больш праеўрапейскую рыторыку, абапіраючыся на рацыянальныя матывы (паколькі ўкраінцы асацыююць ЕС з лепшай якасцю жыцця).

План Януковіча заключаецца ў кантролі патокаў даходаў, якія канцэнтруюцца вакол дзяржаўнай улады (асноўнай крыніцы багацця), судовых і праваахоўных органаў. Прэзідэнт мае намер вярнуцца да мадэлі кіравання, накіраванай на пошук большых прыбыткаў без стварэння новай прадукцыі, з накладаннем вялікіх выдаткаў на эканоміку (rent-seeking governance model).

Непасрэдным вынікам гэтых прэзідэнкіх намаганняў з'явілася сцісканне дэмакратычнага асяроддзя. Так, Януковіч не хоча быць цалкам падобным да папярэдняга прэзідэнта Украіны Леаніда Кучму, які быў звязаны з алігархамі, але ж ён не можа быць і ВіктарамЮшчанкам, які жадае "украінізаваць" краіну. Таму новы ўрад зрабіў сур'ёзныя намаганні для гарантавання заключэння Пагаднення аб асацыяцыі - нягледзячы на тое, што застаецца спрэчным, хоча ён сапраўды гэтага Пагаднення ці не.

Між тым як алігархі хочуць перавесці свае фінансавыя здабыткі ў грамадскае прызнанне дома (праз адкрыццё шматлікіх дабрачынных арганізацый і фінансаванне праграм развіцця) і за мяжой (з мэтай збліжэння з ЕС), у самой Украіне ЕС застаецца па-ранейшаму папулярным.

Адносны аналіз выдаткаў і выгад вядзе ўкраінскія эліты ў Еўропу, але іх дзелавыя і палітычныя інтарэсы ляжаць ва Украіне. Відавочна, яны хочуць гарантаваць бяспеку сваіх інтарэсаў на сваёй тэрыторыі сваім уласным - данецкім - спосабам. Расійскія здзекі, якія прывялі да заключэння Харкаўскіх пагадненняў (у аснове якіх дамоўленасць на зніжку на расійкі газ для Украіны ў абмен на знаходжанне Чарнаморскага флоту на тэрыторыі Украіны), а таксама ручны праект Крамля "Мытны саюз", сталі дадатковымі фактарамі, якія паспрыялі зруху Украіны ў бок Еўропы.

Для Еўрапейскага Саюза Украіна - адзін з асноўных усходніх краін-партнёраў, і Пагадненне аб асацыяцыі з Кіевам Брусэль разглядае як адзіны рэальны поспех ва ўсёй ініцыятыве "Усходняга партнёрства". Тым не менш, уласныя структурныя і фінансавыя праблемы ЕС, гэтаксама, як і "Арабская вясна", значна знізілі патэнцыял Еўропы датычна еўрапейскага Усходу.

Таму зараз непадпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Кіевам будзе для Захада сур'ёзным ударам. Суд над Цімашэнкай дае Германіі і Францыі зручную нагоду для таго, каб выбраць бізнэс з Расіяй замест інтэграцыі з Украінай.

Прычым мэты абодвух бакоў абсалютна розныя. ЕС хоча эканамічнай інтэграцыі з Украінай і развіцця інстытутаў дэмакратыі ў краіне, але не хоча інтэгравацца з ёй палітычна. Україна, са свайго боку, чакае ад ЕС абяцанняў палітычнай інтэграцыі і прыняцця яе палітыкі, з мінімальным збліжэннем бакоў. Абодва партнёры ўвесь час займаліся сур'ёзнай публічнай дзейнасцю па перакананню адно аднога ў адваротным: што ЕС хоча інтэграцыі Украіны, а Украіна сапраўды хоча стаць членам ЕС. Тое, што ўзнікла ў выніку, ёсць тупік.

"Данецкія законы"

Галоўнай асаблівасцю "данецкіх законаў" з'яўляецца адсутнасць любых нацыянальных інтарэсаў ці ідэалагічнага падмурку. У параўнанні з юшчанкаўскай палітыкай "украінізацыі", данецкі падыход да палітыкі - тэхнакратычны па сваёй сутнасці і не выходзіць за межы інтарэсаў эліты. Януковіч кіруецца асабістымі меркаваннямі, яго мэты простыя: забеспячэнне перавыбрання для сябе, абарона сваёй сям'і і прызнанне міжнароднай супольнасці.

Калі параўнаць яго палітыку з палітыкай Кучмы, можна ўбачыць выразныя адрозненні. У той час як Кучма быў заступнікам падобнай сістэмы, Януковіч - далёка не "патрыярх" з Данецка, але проста адзін з найбольш магутных палітычных суб’ектаў. Данецкае кіраванне вызначаецца пастаяннай канкурэнцыяй паміж бізнес-элітамі, заходнім стылем кіравання і нецярпімасцю да палітычнага іншадумства.

Хоць у гэтым кіраванні з амаль поўнай адсутнасцю ідэалогіі, безумоўна, помста адыграла сваю ролю, аднак асноўнай яго мэтай было знішчыць канкурэнтны клан. У той час як "Наша Украіна" пад кіраўніцтвам Юшчанкі прапагандавала падыход "Жыві і дай жыць іншым", ні "Партыя рэгіёнаў", ні "Блок Юліі Цімашэнкі" не забяспечвалі бяспеку дэмакратыі.

Унутры "Партыі рэгіёнаў" цяпер прысутнічае ўнутраная канкурэнцыя, але гэта спаборніцтва не ідэалогій, а бізнэс-інтарэсаў.

Іншыя партыі проста ўяўляюць сабой блокі, створаныя для прэзентацыі сваіх лідэраў, а ўся палітычная вертыкаль залежыць ад іміджу сваіх лідэраў. У кланавай канкурэнцыі мала літасці да тых, хто прайграў.

Перамога на выбарах Януковіча адкрыла дзверы людзям з шырокім папярэднім досведам кіраўніцкай дзейнасці - тым, хто ў савецкія часы былі дырэктарамі буйных заводаў і дзяржаўных прадпрыемстваў, а пазней адкрылі свой бізнэс, і большасць з іх дагэтуль займаецца бізнесам заходняга тыпу.

Агульнай рысай цяперашніх носьбітаў улады ёсць іх імідж здольных і паспяховых кіраўнікоў з магчымасцю дасягнення любых пастаўленых мэт. Новая выканаўчая ўлада, вядома, працуе больш эфектыўна, чым любы з юшчанкаўскіх урадаў.

Тым не менш, дыскрымінацыя ў палітыцы квітнее. Паходжанне з Данецка стала асноўным вызначальным фактарам для лёгкага прыёму на дзяржаўную службу, а для астатніх застаецца няшмат пасад. Падактовыя рэйды, захоп і зліццё кампаній і падатковы кантроль узмацніліся пасля прэзідэнцкіх выбараў ва ўсіх рэгіёнах. Спрэчныя выбары 2010 года сталі першай прыкметай таго, якім будзе кіраўніцтва краінай. Законы Данецка пачалі распаўсюджвацца на ўсе сферы жыцця.

Цімашэнка ўжо была выведзеная з гульні перад судом, а яе паручнікі прысягалі на вернасць новаму ўраду. Чуткі паказваюць на правацэнтрысцкае аб’яднанне "Свабода", якое фінансуецца алігархамі. Гэтаксама і "Фронт змен" пад кіраўніцтвам Арсенія Яцанюка таксама атрымлівала грашовыя ўзносы праз свой фонд. Іншыя паведамленні паказваюць на маёмасных членаў партыі Віталя Клічко "Удар", заплямленых карупцыйнымі зямельнымі ўгодамі ў Кіеве падчас службы гарадскімі дарадцамі. Гэта зрабіла партыю лёгка ўразлівай для шантажу. Нечаканы судовы працэс супраць былога прэзідэнта Кучмы, як лічыцца, меў намер трымаць яго магутнага прымака, Віктара Пінчука, пад кантролем.

Такім чынам, грамадская прастора для любой значнай апазіцыі змяншаецца, і надзея на выжыванне дэмакратыі марнее. Захоп усёй Украіны Данецкам адбываецца часткова з-за таго, што "Аранжавая рэвалюцыя" ідзе на спад, а таксама з-за недахопу рэсурсаў і эканамічнага крызіса, які душыць малыя і сярэднія праеўрапейскія прадпрыемствы. Але наколькі моцна Данецк можа захапіць краіну?

Януковіч спрабуе сцвярдзіць і ўзмацніць свой кантроль над прасавецкі цэнтралізаваным урадам. Аднак такі падыход ніколі не меў поспеху ва Украіне, нават у савецкія часы; там можна перамагчы на выбарах ці нават акупаваць цэлую краіну, але немагчыма кантраляваць украінскае грамадства. Кіраваць Кіевам далёка не азначае кіраваць усёй краінай, з-за наяўнасці магутных рэгіянальных персаналій і эліт, а таксама такіх эканамічных умоў у краіне, якія не спрыяюць аўтарытарнаму кіраванню. Януковіч з усяе моцы спрабуе запусціць нараджэнне хоць нейкіх эканамічных дасягненняў Украіны; і хоць у яго выступах прысутнічае моцная прарэформная рыторыка, цяперашняя эканамічная палітыка Кіева амаль не адрозніваецца ад палітыкі папярэдніх урадаў. Гэтая палітыка падтрымлівае нерэфармаваную палітычную сістэму, здольную кантраляваць усе галіны ўлады.

Паміж двух агнёў

Нядаўні Саміт Усходняга партнёрства ў Варшаве прынёс толькі адзін сюрпрыз: адхіленне ўсімі краінамі УП праекта заявы Еўрасаюза аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Разгледзім гэтае стаўленне краін-членаў як новую рэальнасць ва Усходнім партнёрстве. Прапанова ЕС не прывабная, рэформы разглядаюцца як занадта накладныя, пры тым, што на гарызонце рэгіёна УП бачна змяншэнне колькасці прарэформных сіл.

Новаствораны Уладзімірам Пуціным "Еўразійскі эканамічны саюз" - праект для забеспячэння яго будучага прэзідэнцтва - настойліва заклікае ўрады краін Усходняга партнёрства прымаць карэкціроўкі ў сваіх заканадаўчых базах, каб найдалей трымаць пад кантролем грамадства, як гарантыю іх незалежнасці. Вынікам такой палітыкі стане далейшы адкат ад асноў дэмакратыі, і адпаведнае нарастанне канфлікту з ЕС гэтых краін.

У той жа час, паспяховае атрыманне Беларуссю выгодаў ад геапалітычнага суперніцтва Расіі і ЕС магло б стаць мадэллю паводзін для яе ўсходніх суседзяў. Як і Беларусь, Украіна разлічвае на сваю тэрытарыяльную перавагу і сітуацыю з Юліяй Цімашэнка для прыцягнення ўвагі ЕС і атрымання ад гэтага свайго плёну. Чым большы кантроль урад будзе мець над усімі галінамі ўлады, тым больш ён будзе ўпэўнены ў дасягненні сваіх мэт. Урад выкарыстоўвае пагрозу расійскага захопу ў перамовах з Захадам, як гэта стала відавочна пасля суда над Цімашэнкай. А гэта нядобрыя навіны для ўкраінскай дэмакратыі.

Але Расія не гарыць жаданнем атрымаць Беларусь альбо Украіну гэтак жа, як хацела раней. Магчыма, ёй цяпер больш цікавыя самі беларусы і ўкраінцы. Здаецца, Масква зразумела, што Украіна павольна мяняецца і што ўжыванне толькі мяккай сілы ёсць ключ да сучаснага ўкраінскага грамадства. Сцісканне дэмакратычнай прасторы і адсутнасць рэформ будуць мець адваротны - негатыўны - эфект для ўкраінскіх эліт.

Тым часам, менавіта Расія робіць упор на грамадзянскую супольнасць і выкарыстоўвае Рускую праваслаўную царкву як найбольш магутны інструмент прапаганды. Палітыка Расіі ў многім трымаецца на гандлёвых саступках Украіне. З таго часу, як Януковіч прыйшоў да ўлады, гандаль паміж краінамі вырас амаль на 80% (а гэта больш чым 22,2 млрд. даляраў). Расійскі экспарт ва Украіну вырас на 89% (да 13,8 млрд. даляраў), а імпарт з Украіны ўзляцеў на 59,7% (да 4 млрд. даляраў), што складае найбуйнейшыя гандлёвыя абароты Расіі з любой з постсавецкіх дзяржаў.

Газавыя хабары ўспрымаюцца як натуральныя. У гэтай сувязі суд над Цімашэнкай можа сведчыць пра новую тэндэнцыю: ён стаў рэзультатам змены ў расійска-украінскай газавай сітуацыі; энергетычнай прамысловасці, якая была асноўнай крыніцай фінансавання ўкраінскай палітыкі. Так, украінскія алігархі дыверсіфікавалі свае бізнэс-актывы, аддаліўшы іх ад энергетычнага сектара; многія з іх інвестуюць значныя сродкі ў сельскую гаспадарку, якая ў перспектыве можа ператварыцца ў важны прыбытковы сектар.

Такім чынам, Украіна магла б стаць глабальным гульцом у сферы бяспекі ежы, адыгрываючы толькі другарадную ролю ў сферы энергетычнай бяспекі. Аднак, прыклад адносна новай кампаніі "Хлеб Інвестабуд", якая набывае манаполію над рынкам зернавых культур ва Украіне, пацвярджае, што сектар бяспекі ежы ў краіне будзе развівацца тым жа rent-seeking шляхам (шляхам атрымання прыбыткаў без стварэння новай прадукцыі).

Сапраўды, Украіна цяпер робіць сур'ёзныя крокі для большага атрымання газу на свой унутраны рынак, а ўрад краіны спрабуе паменшыць аб’ёмы энергаспажывання. Усе гэтыя дзеянні маюць мэтай змяншэнне залежнасці Украіны ад Расіі.

Гэта пазіцыянаванне ўкраінскага ўрада аказвае ўплыў на супрацьлеглыя дзелавыя інтарэсы алігархаў. Хоць Рынат Ахметаў выдаткаваў сур'ёзную колькасць часу і грошай на рэформы, далёка ў гэтай сферы ён не прасунуўся, нават з блаславення самога прэзідэнта. На сённяшні дзень самая ўплывовая група ў краіне ўключае ў сябе: кіраўніка ўкраінскай службы бяспекі Валерыя Харашкоўскага, яго дзелавога партнёра Дзмітрыя Фірташа (былога ўладальніка "Украгазэнерга", даччынай кампаніі "Нафтагаза Украіны" і "Росукрэнерга", зачыненай у 2009 годзе пасля пагаднення Юліі Цімашэнкі з "Газпромам") і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, Сяргея Лёвачкіна.

Харашкоўскі, які гарантуе бяспеку ўраду Януковіча, як лічыцца, песціць надзею замяніць апошняга на яго пасту пасля другога прэзідэнцкага тэрміна. Гэтыя амбіцыі і пазіцыянаванне сябе кіраўніка СБУ здаюцца неперасягненымі іншымі алігархамі. Тыя ж выдаюць сябе за патрыётаў, і можна цалкам паверыць, што моцны дзяржаўны кантроль ва Украіне ёсць адзіным спосабам захаваць для яе сапраўдную незалежнасць.

Безумоўна, гэта будзе мець далёка ідучыя наступствы для адносін з Захадам, які патрабуе плотных узаемастасункаў з цяперашнім прэзідэнтам Украіны.

Зрух фокуса

Кіеў усё яшчэ можа перагледзець свой Крымінальны кодэкс і вызваліць Юлію Цімашэнка. У рэшце рэшт, навошта падтрымліваць такі савецкі стыль кіравання, калі можна выкарыстаць уладу супраць любых непажаданых палітычных рашэнняў, напрыклад, супраць падпісання Харкаўскіх пагадненняў? Так, новае расследаванне супраць Цімашэнкі пачалося толькі пасля таго, як выявіліся сувязі яе карпарацыі "Адзіныя энергетычныя сістэмы Украіны" з сумна вядомым урадам пад кіраўніцтвам Паўла Лазарэнкі.

Калі Данецк прытрымліваецца гэтай палітыкі, гэта кажа аб адным: урад Януковіча не збіраецца адмаўляцца ад улады. А гэта выклікае сур'ёзныя пытанні наконт парламенцкіх выбараў наступнага года.

Застаецца адно пытанне: шырокае прыняцце ўкраінскім грамадствам Януковіча і кіруючай эліты. Аб’яднаная Еўропа павінная забыцца на нейкі час на сучасных палітычных лідэраў Украіны і засяродзіцца на доўгатэрміновых тэндэнцыях, што насамрэч уплываюць на грамадскую думку. Неабходная вялікая асцярожнасць, каб не знішчыць крохкія адносіны паміж ЕС і Украінай; у прыватнасці, тыя, хто вынікаюць з Пагаднення аб асацыяцыі. Самым сур'ёзным выпрабаваннем для гэтых узаемастасункаў будуць парламенцкія выбары ў 2012 годзе. Марныя пагрозы Захаду не забеспечаць тое, каб выбары былі адносна справядлівымі. Тут патрэбны быць цярплівы працэс узаемадзеяння, з мэтай навучыць украінскіх грамадзян еўрапейскасці, адначасова ставячы строгія ўмовы забеспячэння празрыстасці выбараў. ЕС павінен зразумець: закулісныя ўгоды працуюць толькі ў такіх умовах, дзе ўсе гульцы дзейнічаюць па правілах.

Гэта можа стаць прадвеснікам значнага зруха фокуса ЕС: ад палітычных эліт да грамадства.

Адной з прычын таго, чаму незалежныя краіны скатваюцца да аўтарытарызму, ёсць тое, што грамадствы гэтых краін не моцна супраціўляюцца. Яшчэ да таго, як было падпісанае Пагадненне аб асацыяцыі, еўрапейскія дыпламаты былі занепакоеныя падрыхтаванасцю Украіны да яго рэалізацыі. У сваіх намаганнях па садзейнічанні дэмакратычным рэформам, ЕС павінен шукаць партнёрскіх сувязяў з грамадствам, а не канцэнтраваць свае намаганні на кіруючай эліце.

Але не трэба блытаць грамадзянскую супольнасць з палітычнай апазіцыяй. Значна большае значэнне маюць групы па інтарэсах (лабісцкія групы) усіх відаў, якія распрацоўваюць альтэрнатыўныя палітычныя рашэнні і пераконваюць грамадскасць у неабходнасці зменаў.

У сённяшняй Украіне амаль няма грамадскіх дэбатаў наконт неабходнасці рэформ; у асноўным таму, што няма дастатковага разумення іх неабходнасці і ціску з боку самой грамадскасці. Грамадзянская супольнасць сапраўды можа палепшыць сітуацыю ў рэгіёнах, але асноўнай рухаючай сілай для рэформ у Кіеве з’яўляецца Міжнародны валютны фонд. Асноўнай умовай ускладнення развіцця Украіны застаецца паслабленне сярэдняга класа, якое ёсць вынікам эканамічнага крызісу і падатковай палітыкі ўрада.

Гэтай частцы грамадства не хапае агульнанацыянальнага адзінства. Як толькі "аранжавы рух" знік, ва Украіне не засталося нікога, хто мог бы параўнацца з рэсурсамі Данецка ці забяспечыць эфектыўную сістэму стрымак і проціваг.

Аднак гэта не азначае, што так будзе доўжыцца вечна. Рашэннем будуць сацыяльныя змены. Кожны год адзін з самых папулярных штотыднёвікаў публікуе спіс ста самых уплывовых украінцаў - амаль ніхто з іх не атрымліваў адукацыю на Захадзе.

Але большасць іх дзяцей вучылася ў Еўропе ці Злучаных Штатах. Гэта дае надзею на тое, што ЕС і Украіна прыйдуць да агульных каштоўнасцей, і гэтыя каштоўнасці не будуць данецкімі.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле FRIDE

Видео