BE RU EN
rss facebook twitter

Публічная лекцыя Ігара Бабкова "Міцкевіч як апокрыф"

21.11.2011
Публічная лекцыя Ігара Бабкова "Міцкевіч як апокрыф"

ГАРАДСКАЯ МАСТАЦКАЯ ГАЛЕРЭЯ ТВОРАЎ Л. ШЧАМЯЛЁВА

пр-т Ракасоўскага, 49

25 лістапада а 18.30

Паказаць беларускую інтэлектуальную гісторыю і культуру ў асобах - адна з мэт цыкла публічных лекцый "Urbi et Orbi". Мы канцэнтруем увагу аудыторыі на думках і дзейнасці тых, хто спрычыняецца да развіцця нацыянальнага культурнага дыскурса. Мы перабіраем постаці класікаў як фотаздымкі ў старым сямейным альбоме, каб разгледзець па-за іх "нерухомасцю" жывое, актуальнае, роднае - тое, што тлумачыць нам нас саміх.

25 лістапада а 18.30 філосаф і літаратар Ігар Бабкоў у лекцыі "Міцкевіч як апокрыф" чытае, думае і разважае пра ідэі вядомага польскага, літоўскага і беларускага паэта.

Хто такі Адам Міцкевіч у нашым "сямейным альбоме"? Класік, які заняў сваё "нерухомае" месца ў каноне як мінімум трох суседніх літаратур, ці рэальны, актуальны, палемічны ў сваіх выказваннях суразмоўца? Ігар Бабкоў дэманструе нам свой вопыт сумоўя з Адамам Міцкевічам, зазначаючы ў інтэрв’ю: "Міцкевіч для культуры рэгіёна дасюль застаецца апокрыфам, апокрыфам непрачытаным. І тыя стэрэатыпы, якімі прадстаўлены ў нашай культуры Міцкевіч, - гэта хутчэй спосабы не чытаць Міцкевіча, не думаць разам з ім і не звяртаць увагу на ягоныя словы, на ягоныя ідэі".

Тэма лекцыі можа ўспрымацца як выключна філалагічная. Але гэта не так. Як лекцыю, так і асобу самога лектара трэба разглядаць у кантэксце значна шырэйшым. Каб адмовіцца ад міфаў і клішэ, убачыць сапраўдную рэальнасць Міцкевіча, недастаткова толькі адной кампаратывістыкі і літаратуразнаўства, гэта ўжо пытанні ўладкаванасці, створанасці нацыянальнага дыскурса, пытанні філасофскія. Запрашаем стаць сведкамі таго, як вырашае гэту задачу Ігар Бабкоў - адзін з творцаў беларускага культурнага ландшафта, асоба, якая сваім роздумам стварае адметны пункт гледжання, кропку адліку, зыходзячы з якіх можна знаходзіць новыя сэнсы, паглыбляць і развіваць разуменне і ўспрыманне феноменаў культуры.

Такім чынам... 25 лістапада на галерэйнай пляцоўцы - дзве асобы, два творцы, два філосафы, два паэты, два суразмоўцы... у кантэксце сучаснай беларускай культуры.

Запрашаем. Уваход вольны! 
Видео