BE RU EN
rss facebook twitter

EurActiv.com: Масква будуе новыя планы па "Еўразійскім саюзе"

21.11.2011
EurActiv.com: Масква будуе новыя планы па "Еўразійскім саюзе"

Эксперты, блізкія да Крамля, сведчаць: нядаўні праект прэм'ер-міністра Расіі УладзіміраПуціна "Еўразійскі саюз", які складаецца з Расіі і іншых постсавецкіх дзяржаў, пачынае напаўняцца канкрэтным зместам. Акрамя краін былога СССР, Еўразійскі саюз павінен будзе аб'яднаць народы, гістарычна альбо культурна блізкія да Расіі і "адданыя яе інтарэсам", лічаць эксперты. 

 

Пуцін, які, як чакаецца, зноў стане прэзідэнтам Расіі ў наступным годзе, выклаў свае геапалітычныя амбіцыі ў газеце "Известия". Круглы стол у Маскве, нядаўна арганізаваны кіруючай партыяй "Адзіная Расія", надзяліў тыя ідэі канкрэтным зместам, як паведамілі 17 лістапада расійскія СМІ.

Расійскі палітолаг Дзмітрый Арлоў адзначыў, што гэтыя краіны павінныя будуць таксама ўключаць Фінляндыю, Венгрыю, Чэхію, Манголію, В'етнам і Балгарыю, а таксама дзве краіны не ў Еўропе і не ў Азіі - Кубу і Венесуэлу.

Прадстаўнік "Адзінай Расіі" аднак адмаўляе, што гэтым краінам былі зробленыя адпаведныя прапановы. Але Барыс Грызлоў, спікер Дзяржаўнай Думы, ніжняй палаты парламента Расеі, заявіў, што "інструменты і гістарычныя аргументы" кажуць на карысць стварэння такога еўразійскага праекта, які можа аб’яднаць 250 мільёнаў чалавек (у той час як насельніцтва Расіі складае 143 мільёны чалавек).

Па словах Грызлова, адзін з такіх "аргументаў" - агульная гісторыя краін, і ў якасці "інструмента" ён убачыў рускую мову "як мову міжнародных зносін", а таксама "эканамічнага супрацоўніцтва". Ён удакладніў, што гэты праект будзе не будаўніцтвам новай дзяржавы, а саюзам суверэнных дзяржаў.

Амбасадар Расіі ў НАТА Дзмітрый Рагозін сказаў, што праект быў распрацаваны "як аб'яднанне не столькі земляў, колькі народаў і грамадзян ад імя агульнага дзяржаўнага органа".

Рагозін таксама сказаў на карысць Расіі, падкрэсліўшы неабходнасць разглядзець з найвялікашай увагай просьбу 200 тысяч сербаў, якія пражываюць у Косава і якія нядаўна выразілі пажаданне стаць грамадзянамі Расіі.

Белград разглядае гэты крок як незадаволенасць Масквы лёсам косаўскіх сербаў, якія абвінавачваюць улады Белграда ў неабароне іх інтарэсаў у адносінах з этнічнай албанскай большасцю ў былой сербскай правінцыі.

Рагозін таксама папрасіў, каб руская мова стала афіцыйнай мовай ЕС. Ён сказаў, што будзе прасоўваць гэтае пытанне праз збор мільёна подпісаў, выкарыстоўваючы нядаўна запушчаную Ініцыятыву еўрапейскіх грамадзян (ECI).

Максат Кунакунаў, саветнік старшыні парламента Кіргізіі, працытаваў Пуціна, які нядаўна заявіў: "У таго, хто не шкадуе аб Савецкім Саюзе, няма сэрца. У таго, хто марыць аб вяртанні Савецкага Саюза, няма глузду". А ад сябе Кунакунаў дадаў:

"А хто сумняваецца ў тым, што мы створым новы саюз - той проста дурань".

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EurActiv.com

Видео