BE RU EN
rss facebook twitter

Група грамадскіх лідэраў звярнулася да ўдзельнікаў Нацыянальнай платформы ФГС УП

01.11.2011
Група грамадскіх лідэраў звярнулася да ўдзельнікаў Нацыянальнай платформы ФГС УП

 

13 лідэраў грамадзянскай супольнасці Беларусі звярнуліся да ўдзельнікаў Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП) з сумеснай заявай

У заяве падпісанты выказалі сваю падтрымку ідэі Нацыянальнай платформы як пляцоўцы для камунікацыі і дыялога паміж арганізацыямі грамадзянскай супльнасці, зацікаўленных у еўрапейскім вектары развіцця Беларусі. Таксама яны адзначылі, што падзяляюць каштоўнасці і мэты, запісаныя ў "Мемарандуме аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнай платформы ФГС УП", які быў прыняты арганізацыямі-удзельнікамі на Канферэнцыі Нацыянальнай платформы 29 кастрычніка 2011 года. 

Між тым грамадскія лідэры пазначылі сваю пазіцыю, што фокус дзейнасці Нацыянальнай платформы ФГС УП павінен быць зроблены менавіта на беларуска-еўрапейскіх дачыненнях, мадэрнізацыі краіны і працэсах еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, тым самым перасцярагаючы, па іх словах, "магчымую палітызацыю" Нацыянальнай платформы, паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА.

Сярод падпісантаў заявы: старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, кіраўнік Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусэль) Вольга Стужынская, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч, кіраўнік Гродзенскага аддзялення Таварыства беларускай школы Таццяна Канопкіна, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Аб’яднаны шлях" Аліцыя Шыбіцкая, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Кацярына Пшыбыльска, кіраўнік інтэрнэт-партала Wider Europe Вячаслаў Паздняк, старшыня грамадскага аб’яднання "АКТ" Святлана Зінкевіч, кіраўнік Фонда садзейнічання ўстойліваму развіццю Віталь Васількоў і кіраўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Аляксандр Адамянц.

Сяргей Мацкевіч адзначыў станоўчыя вынікі апошняй Канферэнцыі Нацыянальнай платформы, якая прыняла "Мэмарандум аб супрацоўніцтве" і вызначыла Нацыянальную платформу як пляцоўку для камунікацыі паміж зацікаўленымі грамадскімі арганізацыямі па еўрапейска-беларускіх дачыненнях. Адначасова, ён выказаў "занепакоенасць адносна магчымага адыходу Нацыянальнай платформы ад першасных мэт і страты апоры на шырокія грамадскія колы". "Трэба паважаць выбар кожнай арганізацыі, але наша агульная дзейнасць у межах Нацыянальнай платформы мусіць адбывацца па тых напрамках, дзе нам удалося дасягнуць кансэнсуса", - сказаў кіраўнік Асамблеі НДА.

Магчымае пераўтварэнне Нацыяльнай платформы ў яшчэ адзін "палітычны суб’ект" у краіне падпісанты заявы называюць у якасці адной з небяспек. "Палітызацыя Нацыянальнай платформы шкодная, паколькі падмяняе мэты яе як утварэння, якое мусіць на нацыянальным узроўні спрыяць рэалізацыі задач тэматычных платформ Усходняга партнёрства. Грамадзянская супольнасць не можа быць палітычным суб'ектам і не можа змагацца за ўладу. Гэта задача палітычных партый. Палітызацыя Нацплатформы акрамя ўсяго іншага ў нашых умовах яшчэ і стварае пагрозу для яе арганізацыяў-сябраў", - выказаў сваё меркаванне Дзяніс Мельянцоў.

Вольга Стужынская бачыць прызначэнне Нацыянальнай платформы ў спрыянні беларускім НДА "прасоўваць агульнаеўрапейскія каштоўнасці і рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных краін. Па яе словах, "дзейнасць Нацплатформы павінная садзейнічаць рэформам і трансфармацыі краіны, набліжэнні яе да еўрапейскіх стандартаў дабрабыту для сваіх грамадзян".

У супольнай заяве таксама выказваецца меркаванне, што дзейнасць Нацыянальнай платформы павінная засяродзіцца на працы чатырох тэматычных рабочых груп па ўзоры Форума грамадзянскай супольнасці і нацыянальных платформ іншых краін Усходняга партнёрства. Сцвярджаецца, што праз дзейнасць дадзеных груп арганізацыі грамадзянскай супольнасці змогуць павышаць свой экспертны патэнцыял і прапаноўваць канкрэтныя шляхі і механізмы па набліжэнні Беларусі да еўрапейскіх стандартаў і норм. З гэтага падпісанты выказваюць перакананасць, што ў склад будучага Кіруючага камітэта павінны ўваходзіць каардынатары рабо

Апроч таго, у заяве выказваюць перакананасць у неабходнасці забеспячэння збалансаванага прадстаўніцтва ў будучым сталым Каардынацыйным камітэце шырокага кола арганізацый-сяброў, а таксама розных рэгіёнаў Беларусі.

Заява завяршаецца словамі: "Мы верым, што прагрэс і поспех у дзеяннях Нацыянальнай платформы ФГС УП будзе грунтавацца на падставе канкрэтных супольных дзеянняў, па якіх дасягнуты кансэнсус паміж яе арганізацыямі-удзельнікамі".

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" 
Видео