BE RU EN
rss facebook twitter

Пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці: што Партнёрства робіць для грамадзян?

28.10.2011
Пашырэнне правоў і магчымасцяў грамадзянскай супольнасці: што Партнёрства робіць для грамадзян?

Складаныя ўзаемастасункі ў саміх грамадствах і паміж урадамі краін ЕС і краін-удзельніц Усходняга партнёрства былі абмеркаваныя на першай сесіі Канферэнцыі Усходняга партнёрства ў Варшаве, удзельнікамі якой былі: Лэйла Аліева (Цэнтр нацыянальных і міжнародных даследаванняў, Азербайджан), Улад Вялічка (сустаршыня Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, ЕўраБеларусь), Ірыс Кемп (Фонд імя Генрыха Бёля, Германія), Сарын Мерэакрэ (Фонд Усходняй Еўропы, Малдова) і Андрэй Ягораў (Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, Беларусь). Удзельнікі Канферэнцыі задаваліся складаным пытаннем: ці паспрыяла ініцыятыва ЕС "Усходняе партнёрства" паляпшэнню стасункаў паміж яе краінамі-удзельніцамі і ці зможа яна надалей спрыяць далейшаму ўмацаванню гэтых адносін. 

Лэйла Аліева: Чым далей на Усход, тым больш узнікае неабходнасць у паляпшэнні становішча грамадзянскай супольнасці. У большасці краін Усходняй Еўропы ўжо ўсталявалася культура дэмакратычных выбараў, якая прадугледжвае вялікую легітымнасць кіраўніцтва гэтых краін. Чым далей вы тэрытарыяльна прасоўваецеся ў накірунку краін былога Савецкага Саюза, тым у меншай ступені ўлада там з’яўляецца прадстаўніком народа. І ў гэтым асноўная занепакоенасць Еўрасаюза: патэнцыял грамадзянскай супольнасці ў рэгіёне знаходзіцца ў заняпадзе, а ўсе ўгоды праходзяць толкі на афіцыйным узроўні. Я б сказала, што Усходняе партнёрства вельмі прагрэсавала на шляху да ўмацавання грамадзянскай супольнасці ў краінах УП. Ідэя ініцыятывы палягала ў тым, каб падтрымліваць грамадзянскую супольнасць з мэтай стварэння агульнай інфармацыйнай сеткі альбо структуры, якая б не з'яўлялася ўрадавай і якая, тым не менш, магла б уплываць на прыняцце рашэнняў асобамі на афіцыйным узроўні. Аднак, тры гады досведу паказваюць нам, што гэта аказалася не лёгкай задачай. У Азербайджане, напрыклад, цягам першых гадоў існавання Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ЕПД) праходзіла шмат шырокамаштабных кампаній і праводзілася лабіраванне інтарэсаў грамадзянскай супольнасці, што мела пэўны адбітак і на афіцыйным узроўні. У рэзультаце, Еўрапейскі інтэграцыйны камітэт уключыў у сябе артыкул аб еўрапейскіх памкненнях. Дарэчы, я не згодная з тым, што людзі ў розных краінах па-рознаму ставяцца да гэтага пытання, між тым як урады - магчыма. Але людзі ў краінах вельмі падобна ставяцца да пытання еўрапейскай інтэграцыі ва ўсіх шасці дзяржавах Усходняга партнёрства, акрамя Беларусі. Я б нават сказала, што ва ўсіх краінах УП на ўзроўні грамадзянскай супольнасці няма ніякай розніцы паміж поглядамі і памкненнямі ў дачыненні да Еўропы. Думаю, што поспех азербайджанскага грамадства ў першыя гады быў звязаны з тым, што там існавала нявызначанасць адносна таго, чым жа з’яўлялася сама ЕПД, і таму людзі спадзяваліся, што гэтая палітыка магла стаць крокам на шляху да большай еўрапейскай інтэграцыі і нават паспрыяць уваходжанню краіны ў ЕС. Зараз сітуацыя змянілася. Мы павінны задумацца, ці сапраўды нядаўна створаны Форум грамадзянскай супольнасці ўплывае на большую адкрытасць і празрыстасць у адносінах паміж ЕС і ўрадам Азербайджана. Я б сказала, што калі мы думаем пра Форум грамадзянскай супольнасці як пра ўплывовую структуру ў Брусэлі, то, верагодна, гэта так і ёсць. Але калі мы паглядзім на яго рэальны ўнёсак на нацыянальным узроўні, то з’яўляецца шмат пытанняў.

Ірыс Кемп: Грамадзянская супольнасць... гэта вялікі галаўны боль. Я маю на ўвазе, што з аднаго боку, гэта вельмі добрая рэч, але з другога боку - не ... Грамадзянскія супольнасці ў шасці альбо пяці краінах УП, ці нават самі краіны, пакрыху крочаць да дэмакратыі, але ў гэтым працэсе існуе шмат недахопаў. На жаль, не толькі ў Беларусі, але і ў Азербайджане, Украіне... ва ўсіх шасці краінах УП. Парадаксальна, але Усходняе партнёрства часта становіцца закладнікам дэмакратычных змен у саміх краінах УП. З другога боку, ёсць камбінацыя "Швецыя - Польшча", якую я нават не бяру ў разлік. У мяне мацнее ўражанне, што ініцыятыва УП з боку краін ЕС прыводзіцца ў рух толькі Польшчай, бо іншыя краіны ЕС усё менш праяўляюць актыўнасць у ёй. Акрамя таго, сама ідэя развіваць і выкарыстоўваць Усходняе партнёрства як стратэгічны інструмент становіцца ўсё менш прывабнай у Еўрасаюзе. І дазвольце мне нагадаць усім, што, у рэшце рэшт, на з гэтую ініцыятыву павінныя будуць пагадзіцца ўсе 27 краін ЕС, а для яе развіцця будуць патрэбныя новыя стратэгіі, і таму актыўнасць патрэбная будзе не толькі ад Польшчы. Спадзяюся, што адзін з наступных Форумаў грамадзянскай супольнасці пройдзе ў Стакгольме, нават калі гэтая ідэя не будзе карыстацца папулярнасцю сярод усіх сябраў Еўракамісіі, паколькі гэта запатрабуе больш працы. Кіруючы камітэт ФГС павінен больш прысутнічаць падчас прыняцця рашэнняў Еўрасаюзам. Хто будзе прадстаўляць Форум грамадзянскай супольнасці на заўтрашнім Саміце Усходняга партнёрства? Ніхто. І гэта будзе мець вырашальнае значэнне. Вось чаму нам трэба больш грошаў і паўнамоцтваў. Больш паўнамоцтваў для нацыянальных платформ - гэта добрая ідэя, але яна не вырашае праблему, паколькі справа нашмат больш складаная. Рабочыя групы ФГС працуюць добра, і тут несумненна ёсць поспех. Але мінус у тым, што прадстаўнікі ЕС не атрымліваюць заробкаў, яны павінны плаціць са свайго кармана. Нямецкія НДА, напрыклад, атрымліваюць менш фінансавання, чым азербайджанскія, таму што Азербайджан буквальна купаецца ў нафце. Гэта недахоп, але тое, чым займаюцца Рабочыя групы, дае вельмі добры рэзультат.

Сарын Мерэакрэ: Я хацеў бы пачаць з кароткага напаміну: з 2001 па 2009 год у нас, у Малдове, існавала камуністычная партыя, якая кантралявала працу ўсяго ўрада. Вядома, грамадзянская супольнасць тады пачувалася не вельмі добра, таму што ў нашай дзейнасці існавала шмат разнастайных праблем, пачынаючы з рэгістрацыі НДА. Праверкі і інспекцыі з боку падатковых органаў былі штодзённай справай. Але цягам апошніх двух гадоў мы адчулі велізарныя зрухі ў лепшы бок. Больш за тое, цяперашняя ўлада Малдовы вельмі адкрытая да супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, у нас існуе Нацыянальны савет удзелу, які з'яўляецца свайго роду кансультатыўным саветам у офісе прэм'ер-міністра. Асноўнай задачай, альбо мэтай, дадзенага Савета з'яўляецца дапамога малдоўскаму ўраду фармаваць дзяржаўную палітыку. Яго яшчэ адна мэта - кантраляваць, якім чынам улады ў Малдове выконваюць свае абавязкі - у прыватнасці, абавязкі, звязаныя з прымяненнем прававой практыкі і празрыстасці працэсу прыняцця рашэнняў. Гаворачы аб удзеле грамадзянскай супольнасці ў працы ўрада, я думаю, самым галоўным з’яўляецца магчымасць мець выразныя правілы прыняцця рашэнняў. Павінен існаваць вельмі дакладны механізм таго, якім чынам грамадства можа ўдзельнічаць у кансультацыях урада падчас зацвярджэння апошніх праектаў законаў альбо падчас працэсаў прыняцця рашэнняў, для таго каб выказваць свае меркаванні па гэтых рашэннях. Вялікім поспехам гэтага Савета ёсць новая ўрадавая праграма, прынятая на 2011-2014 гады. У яе былі ўключаныя практычна ўсе прапановы, атрыманыя ад арганізацый грамадзянскай супольнасці, і мы знаходзімся зараз на наступным этапе - этапе кантролю за рэалізацыяй гэтых праектаў.

Улад Вялічка: Я цалкам згодны, што гэта вельмі справядлівы падыход, калі мясцовыя арганізацыі могуць мець нешта накшталт формы ўласнасці на Форуме грамадзянскай супольнасці, але застаецца пытанне: у якой канкрэтнай форме гэта павінна быць і што тут можна зрабіць. Таму што калі прааналізаваць становішча, у якім знаходзяцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, Азербайджане ці ў іншых краінах, то я магу сказаць, што рабіць фінансавыя інвестыцыі ў іх вельмі цяжка. Так што тое, што сапраўды можна рабіць, - гэта ўкладаць энергію, свой час, палітычны капітал, ды што заўгодна; толькі не грошы, вядома. Таму тое, што адбываецца, выклікае ў мяне вялікае пытанне: у які канкрэтны фармат гэтыя "інвестыцыі" могуць ператварыцца, прымаючы ва ўвагу вельмі неспрыяльныя ўмовы існавання грамадзянскай супольнасці.

Андрэй Ягораў: Калі мы кажам аб стварэнні нацыянальных платформ Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, мы павінны разумець, што гэтая ініцыятыва была створаная для дасягнення двух асноўных мэт. Першая - павелічэнне ўплыву грамадзянскай супольнасці на працэсы прыняцця рашэнняў. Беларусы зразумелі, што гэта можа прывесці да шматбаковага дыялогу паміж грамадзянскай супольнасцю, нацыянальнымі ўрадамі і структурамі ЕС у рамках Усходняга партнёрства. УП праз інструменты Форума грамадзянскай супольнасці паказала нам яскравыя перспектывы развіцця гэтага шматбаковага дыялогу. Другая мэта ініцыятывы УП - на базе тэматычных платформ умацоўваць нацыянальны кампанент у рамках ФГС. У самым пачатку гэтая ідэя была стрымана сустрэтая з боку Еўрапейскай камісіі, паколькі лічылася, што нацыянальныя платформы не змогуць, напрыклад, абіраць дэлегатаў для ФГС, і яны ўспрымаліся як раздробленыя суб'екты, якія не змогуць кансалідавацца. Сёння, пасля таго, як мы прадэманстравалі нашыя здольнасці і магчымасці развіцця нацыянальных платформ, была даказаная іх значнасць, і тады Еўрапейская камісія змяніла свае стаўленне да Форума грамадзянскай супольнасці. Нацыянальныя платформы сёння - дадатковы сродак камунікацыі і гарантыя паляпшэння ролі ФГС. Якая іх роля ў структуры ФГС? Я лічу, што яны выконваюць некалькі важных функцый. Па-першае, гэта павышэнне легітымнасці Форума. На першым Форуме ў 2009 годзе, калі былі толькі дэлегаты, існавала непаразуменне: каго яны прадстаўлялі - трэці сектар, грамадзян альбо ўрад? Па-другое, разам са стварэннем нацыянальных платформ, мы стварылі ўмовы для павышэння актыўнасці грамадзянскай супольнасці, а таксама магчымасць перадачы Еўрасаюзу нацыянальнага пункту гледжання. Па-трэцяе, існуе больш высокая верагоднасць аказання ўплыву на рашэнні, прынятыя Усходнім партнёрствам. Платформы таксама сталі месцам каардынацыі нацыянальных палітык. У праеўрапейскіх арганізацыях, з якімі мы працавалі, напрыклад, не надаецца такое вялікае значэнне Усходняму партнёрству. Наша грамадзянская супольнасць хоча стварыць больш моцную платформу для стасункаў з урадам. НДА таксама прымуць удзел у працэсе маніторынга праектаў Усходняга партнёрства і змогуць забяспечваць рэальнае ажыццяўленне рэформ, у адрозненне ад урадаў. Я хачу дадаць толькі адно: мы зможам зрабіць гэта, толькі калі ўзмацнім грамадзянскую супольнасць. У нас ёсць недахоп спецыялістаў і людзей, якія сачылі б за выкананнем рэформ у розных галінах.

 

Cлужба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле EaPCommunity
Видео