BE RU EN
rss facebook twitter

Вольскаму на TUT.BY-ТВ спынiлi трансляцыю

26.10.2011
Вольскаму на TUT.BY-ТВ спынiлi трансляцыю

Он-лайн трансляцыя канцэрта Лявона Вольскага ў жывым эфіры на партале TUT.BY-ТВ на палове была спыненая. "Мы мелі падставы, каб гэта зрабіць, калі Лявон пачаў адкрыта здзеквацца з дзяржаўных асоб", - сказаў "Тузіну Гітоў" генеральны дырэктар TUT.BY Юры Зісер. Самому Вольскаму пра спыненне трансляцыі паведамілі толькі, калі ён выйшаў са студыі пасля гадзіннага эфіру.

 

Сустрэча з Лявонам Вольскім у жывым эфіры на партале TUT.BY-ТВ анансавалася ў 14.00 25 кастрычніка. Меркавалася зладзіць он-лайн прэзентацыю яго кнігі "Міларусь", а таксама канцэрт з лепшых песень. У час размовы Вольскі згадаў пра сітуацыю, у якой апынуўся яго калега Сяргей Міхалок, а таксама паразважаў наконт таго, што прагляд дзяржаўных тэлеканалаў уяўляе з сябе сеанс мазахізму. Калі справа дайшла да выканання песень з праекта "Cаўка і Грышка", он-лайн трансляцыю вырашана было спыніць. Але самому Лявону пра гэта не сказалі - размова ды канцэрт у студыі працягваліся яшчэ з паўгадзіны. Неўзабаве ўся інфармацыя, датычная гэтай прэзентацыі, была выдалена з старонак TUT.BY.

"У нас ніколі яшчэ не здаралася падобнага, - прызнаўся ў інтэрв’ю "Тузіну Гітоў" генеральны дырэктар TUT.BY Юры Зісер. - Але мы мелі падставы, каб прыпыніць трансляцыю, калі Лявон пачаў адкрыта здзеквацца з дзяржаўных асоб. Мяркую, што гэта недагляд нашых супрацоўнікаў. Надалей будзем заклікаць іх больш старанна і пільна рыхтавацца да эфіру". Рэдактар TUT.BY Марына Золатава патлумачыла, што частка інтэрв’ю Вольскага "супярэчыла канцэпцыі партала". Яна ўдакладніла, што справа тычыцца адной з песень, але не назвала якой менавіта.

Сам Лявон Вольскі прызнаўся ў размове з "Тузінам Гітоў", што нават трохі разгубіўся, калі даведаўся, колькі вэрхалу нарабіў яго выступ на TUT.BY: "Мне нават цяжка ўявіць, што дало падставы для адключэння эфіру. З майго боку не гучала заклікаў да звяржэння дзяржаўнага ладу, не абразаў самі-ведаеце-каго, не было аніякіх дзеянняў сэксуальнага характару і не лаяўся я, здаецца. Магчыма, проста моцна размахваў рукамі, гэта ў нас цяпер таксама небяспечна". Выканаўца дзівіцца таму, што такую рэакцыю ў кіраўніцтва TUT.BY выклікала яго песня "Маналёг Саўкі" - гумарэска пра тое, як старшыня выбарчай камісіі выпадкова трапіў пад зачыстку пасля прэзідэнцкіх выбараў. Трансляцыю спынілі менавіта падчас яе выканання.

"Канечне, мне непрыемна, што здарылася такая сітуацыя. Магло быць звычайнае інтэрвю, а такім захадамі будзе нагнятацца хваравітая цікавасьць, што прывядзе зусім да адваротнага эфекту", - зазначыў Лявон.

Рэдакцыя TUT.BY ўсё ж абяцае выкласці відэа-канцэрт і размову з Лявонам Вольскім. Ужо ў адрэдагаваным выглядзе.

 

Служба iнфармацыi "ЕураБеларусі" 
Видео