BE RU EN
rss facebook twitter

Няўрадавыя арганізацыі звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд па справе спрэчных зменаў у заканадаўстве

26.10.2011
Няўрадавыя арганізацыі звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд па справе спрэчных зменаў у заканадаўстве

24 кастрычніка ў Канстытуцыйны Суд перададзены Калектыўны варот ад імя дваццаці шасці беларускіх няўрадавых арганізацый. Прадметам звароту стала занепакоенасць грамадскасці тымі зменамі, якія былі ўнесеныя ў Крымінальны кодэкс і Закон "Аб грамадскіх аб’яднаннях", а таксама ў Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" (славуты Закон "аб бяздзеянні").

 

Заяўнікі заклікаюць Канстытуцыйны Суд на этапе папярэдняга канстутцыйнага кантролю, які ажыццяўляецца гэтым органам пасля прыняцця законаў Палатай прадстаўнікоў і іх зацвярджэння Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь перад падачай іх на падпісанне прэзідэнту, скарыстацца сваімі паўнамоцтвамі і не дапусціць значнага парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзянаў у сувязі з новымі заканадаўчымі актамі.

У прыватнасці, ў калектыўным звароце прыводзяцца канкрэтныя выпадкі супярэчання нормаў новых законаў нормам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), а таксама нормам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у частцы свабоды сходаў і свабоды асацыяцый. На падставе падрабязнага аналізу права ў калектыўным звароце робіцца выснова аб неабходнасці прызнаць неадпавядаючымі Канстытуцыі Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" і Закон "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь".

Аўтары звароту выказваюць надзею, што ацаніўшы канстытуцыйнасць дадзеных законаў, суд накіруе вектар развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь на папярэджанне парушэнняў канстытуцыйнасці ў нарматворчасці, выключэнне магчымых негатыўных сацыяльных вынікаў дзеяння норм законаў, якія супярэчаць Канстытуцыі, недапушчэнне скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу ў праваўжывальнай практыцы.

Сярод арганізацыяў, якія далучыліся да звароту ў Канстытуцыйны суд: Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, Рух "За свабоду", Магілёўскі праваабарончы цэнтр, Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне "Мір для ўсіх", Грамадскае аб’яднанне "Экадом", а таксама іншыя няўрадавыя арганізацыі.

Канстутцыйны Суд робіць заключэнне аб канстытуцыйнасці законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю у пяцідзённы тэрмін з дня паступлення закона ў Канстытуцыйны Суд. Судовая вытворчасць па гэтай катэгорыі спраў вядзецца ў пісьмовай форме, а выніковае рашэнне афармляецца ў выглядзе асобнага дакумента. Пасля гэтага ў заканатворчым працэсе пачынаецца стадыя падпісання закона кіраўніком дзяржавы, пасля чаго закон можа быць афіцыйна апублікаваны і ўступіць у сілу. 

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Видео