BE RU EN
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: У Беларусі пачынаецца новая старонка каланіяльнай гісторыі

20.10.2011
Уладзімір Мацкевіч: У Беларусі пачынаецца новая старонка каланіяльнай гісторыі

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч разважае пра імперскія памкненні Расіі ды пра тое, ці зможа Беларусь супрацьстаяць ім.

 

Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю тром вядучым расійскім каналам выказаў думку, што Савецкі Саюз быў той самай Расіяй, толькі іначай называўся.

Еўрарадыё: У перадвыбарнай рыторыцы Уладзіміра Пуціна даўно гучыць тэзіс пра пабудову Еўразійскага саюза. Ці не ператворыцца гэты новы саюз у Расію з іншай назвай?

Уладзімір Мацкевіч: Безумоўна, гэта будзе рухацца ў такім кірунку. Калісьці сама назва "Савецкі Саюз" з'явілася як альтэрнатыва "Расійскай  Федэрацыі". Першапачаткова ўсе гэтак званыя саюзныя рэспублікі пасля рэвалюцыі мелі быць далучаныя ў якасці пэўных аўтаномій да Расійскай федэрацыі. Гэта была прапанова Сталіна і Савету народных камісараў. У савецкай гісторыі агучваецца, што толькі Ленін настойваў на тым, каб гэта не называлася Расіяй. Гэтым ён хацеў залагодзіць нацыянальныя рухі ў гэтых рэспубліках. Калі б не гэтая адмысловая кампрамісная прапанова, была б тая ж Расійская імперыя з больш складанай назвай. У гэтым сэнсе Пуцін нічога новага не сказаў. І палітолагі, і аналітыкі, і нават шмат якія палітыкі - як толькі была агучаная дамоўленасць паміж Пуціным і Мядзведзевым пра вяртанне Пуціна ў прэзідэнцтва - адразу зразумелі, да чаго будзе весціся палітыка трэцяга прыходу Пуціна.

- А як вы лічыце, ці будзе Уладзімір Пуцін залагоджваць нацыянальныя рухі у еўразійскім саюзе? 

- Мы ведаем, як гэта можа залагоджвацца. Гэта ж пуцінскі тэзіс - прымус да міру. Будуць проста прымушаць да спакою, ціснуць, не даваць магчымасці ўзняць галаву нацыянальным рухам. Так гэта было ў 90-я гады ў Татарстане, у іншых нацыянальных утварэннях унутры Расіі, таксама было і з каўказскімі рэспублікамі - Чачнёй, інгушэціяй і іншымі. Тая ж палітыка перніка і пугі будзе працягвацца.

- Атрымліваецца, што ў Беларусі пачнецца новая старонка каланіяльнай гісторыі?

- Так, і гэта дае нам нагоду зразумець, што без аб’яднання ўсіх сілаў, якія імкнуцца да захавання незалежнасці, нам немагчыма абыйсціся. Пуцін, з яго імперскімі памкненнямі, толькі аб Беларусь можа абламаць зубы. Калі яму ўдасца праглынуць Беларусь, то далей нішто яго не спыніць. Такім чынам, Беларусь становіцца прынцыповым момантам у імкненні да новага перадзелу свету, да якога імкнецца Пуцін і яго рэжым.

- А ці ў стане Беларусь супрацьстаяць такой махіне?

- Як калісьці ў 18-м стагоддзі шляхецкае раз’яднанне, так і сёння нашае раз’яднанне складае вялізную небяспеку для незалежнага існавання і ўвогуле для існавання Беларусі як такой. Мы павінны вучыцца ў гісторыі.

- А калі нацыя падзеленая, як знайсці агульную мову паміж сабой?

- Пачнем з таго, што мы - адзін народ. І тыя, хто мае празаходнія памкненні і тыя, хто мае прарасійскія памкненні. Але сёння ніхто не захоча прамяняць каштоўнасці суверэнітэту, яе зразумелі ўжо ўсе. У гэтым сэнсе нават Лукашэнка з яго рэжымам не імкнецца да ўключэння ў Расію. Таму трэба шукаць кропкі паразумення, трэба шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. Канешне, Расія наша суседка і мы яшчэ шмат гадоў будзем прывязаныя, як калісьці Фінляндыя, да яе велізарнага рынку. І нам не трэба выхоўваць варожасць да Расіі. Але незалежнасць — гэта каштоўнасць нават для тых, хто імкнецца да вельмі цесных стасункаў з Расіяй. Гэта можа нас аб’яднаць. Мы адзін народ, у нас могуць быць розныя погляды, але ў час крытычных падзеяў трэба паводзіцца як адзін народ.

- Чаму Мядзведзеў, знаходзячыся пры ўладзе, не намагаецца раскруціць інтэграцыю? Чаму гэта застаецца прэрагатывай Пуціна?

- Гэта не проста прэрагатыва, я думаю, Пуцін адчувае гэта як сваю ўласную місію, якую ён павінен выканаць. А што тычыцца трохі ліберальных захадаў і поглядаў Мядзведзева — гэта была такая гульня, трэба прызнаць, што паспяховая. Гэта залагоджвала і аслабляла апанентаў з праеўрапейскага і ліберальнага кірунку ў самой Расіі і на Захадзе. Не трэба думаць, што Мядзведзеў - самастойная фігура, якая можа стаць альтэрнатывай Пуціну. Ад пачатку было зразумела, што гэта марыянетка, што нягледзячы на прэзідэнцкую пасаду, ён будзе выконваць тое, чаго хоча Пуцін.

 

Вольга Міцкевіч, Еўрарадыё

Видео