BE RU EN
rss facebook twitter

Эксперты: Эмбарга на пастаўку лічбавых тэхналогій можа стаць сігналам салідарнасці і мець маральнае

20.10.2011
Эксперты: Эмбарга на пастаўку лічбавых тэхналогій можа стаць сігналам салідарнасці і мець маральнае

Праблема выкарыстання электронных і тэлекамунікацыйных тэхналогій у краінах з аўтарытарным рэжымам для парушэння правоў грамадзян мае цяпер глабальнае значэнне. Ці павінны дэмакратычныя краіны ўвесці поўнае эмбарга альбо неяк абмяжоўваць экспарт тэхналогій і абсталявання, калі яны могуць быць выкарыстаныя як сродкі ўціску і парушаць правы чалавека? Да глабальнай дыскусіі па гэтым пытанні далучыліся і прадстаўнікі беларускіх НДА, палітыкі і экспэрты ў галіне мэдыя і IT у межах круглага стала, які правяла Асамблея НДА 19 кастрычніка ў Мінску. 

 

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што наўрад ці ўвядзенне эмбарга можа аказацца тэхнічна эфектыўным. У той жа час увядзенне пэўных абмежаванняў у гэтай сферы можа мець маральнае і палітычнае значэнне праз прызнанне правоў чалавека як найважнейшую меру ацэнкі законнасці выкарыстання тых ці іншых тэхналогій.

Паводле выканаўчага дырэктара Асамблеі НДА Сяргея Лісічонка, дагэтуль еўрапэйская супольнасць не надавала шмат увагі такім момантам, як абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, якое можа скарыстоўвацца для сачэння за грамадскімі актывістамі ў Інтэрнэце і праз тэлефанію, інтэрнэт-цэнзуры ды блакавання пэўных рэсурсаў у Сеціве.

"Зараз шэраг міністэрстваў замежных спраў краін ЕС пачалі вывучаць не толькі праблему парушэння правоў чалавека ў Беларусі, але і праблему, звязанаю з выкарыстаннем адмысловых праграмных прадуктаў і тэхналагічнага абсталявання, якое выкарыстоўваецца для прыціскання правоў і свабод грамадзян. Еўрапейская супольнасць дыскутуе адносна таго, ці трэба забараніць пастаўку абсталявання і праграмнага забеспячэння тым краінам, якія могуць выкарыстоўваць яго для сачэння за палітычнымі апанентамі і рэпрэсій у дачыненні да іх за выказванні ў Інтэрнэце. Пасля апошніх акцый маўклівага пратэсту мы ведаем, што некалькі актывістаў прыцягвалася да адказнасці за тое, што яны на сваіх старонках заклікалі да ўдзелу ў мірных акцыях", - адзначыў Сяргей Лісічонак.

На яго думку, Беларусь можа апынуцца ў ліку краін, у дачыненні да якіх Еўрасаюз можа ўвесці эмбарга на пастаўку высокіх тэхналогій.

"Неабходна больш шырока інфармаваць грамадства праз СМІ пра наяўнасць праблемы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій супраць грамадскіх актывістаў у Беларусі, а таксама праводзіць асветніцкія кампаніі па мінімальнай адукацыі кампутарнай бяспекі і працы ў Інтэрнэце як грамадскіх актывістаў, так і простага насельніцтва", - лічыць мэдыя-экспэрт Ірына Віданава.

На думку спецыяліста ў галіне IT Аляксея Чарняева, "ніякае эмбарга на пастаўкі высокіх тэхналогій альбо праграмнага абсталявання для адсочвання іншадумства ў Сеціве дзейнічаць на сто адсоткаў ня будзе".

"Нават калі краіны ЕС увядуць такое эмбарга супраць Беларусі, тэхналогію адсочвання можна будзе атрымаць праз трэція рукі. Гэта не спыніць тых, хто мае намер адсочваць за дэмакратычнымі актывістамі і іх дзейнасцю ў Інтэрнэце", - адзначыў Чарняеў.

Магчымым сродкам уздзеяння, на думку ўдзельнікаў круглага стала, можа стаць забарона на прадастаўленне сэрвісаў тэхнічнай падтрымкі і абслугоўвання праграмных і апаратных сістэм, якія выкарыстоўваюцца рэпрэсіўнымі рэжымамі для палітычнага ўціску, а таксама забарона на продаж тэхналогій і абсталявання, якія адназначна прызначаныя для шпіянажу і кантролю.

Адзінадушным меркаваннем сталася неабходнасць празрыстасці і публічнага раскрыцця зместу кантрактаў на пастаўку пэўнага абсталявання ў краіны з рэпрэсіўнымі рэжымамі.

Удзельнікі круглага стала маюць намер прыцягваць увагу да абмеркавання гэтай праблемы як унутры Беларусі, так і на міжнародным узроўні. 

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"

Видео