BE RU EN
rss facebook twitter

Еўрасаюз дае Украіне шанец перагледзець справу Цімашэнкі

13.10.2011
Еўрасаюз дае Украіне шанец перагледзець справу Цімашэнкі

"Я ведаю, што мой прысуд быў заказаны прэзідэнтам Віктарам Януковічам, які свядома тарпедуе збліжэнне Украіны з ЕС", - заявіла былы прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка. 11 кастрычніка кіеўскі суд прысудзіў ёй сем гадоў турэмнага зняволення і выплаты 195 млн. долараў штрафу нібыта за падпісанне неспрыяльных для краіны газавых кантрактаў з Расіяй, пішаGazeta Wyborcza

"Гэта фатальны знак для Украіны. Гэта азначае, што наш урад вырашыў перайсці да палітыкі гвалту, - разважае вядомы ўкраінскі філосаф Міраслаў Паповіч. - Аднак Януковіч не павінен забываць, што ўкраінцы не такія пакорлівыя і лагодныя, як беларусы і рускія, і, можа, у нас не адбудзецца такого Майдану, як падчас "памаранчавай рэвалюцыі" 2004 года, але ў краіне будзе хаос і пройдзе яшчэ шмат дробных майданаў".

Юлія Цімашэнка была адным з лідэраў дэманстрацый супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў на карысць Віктара Януковіча, яна - лідэр найбуйнейшай апазіцыйнай партыі Украіны "Батьківщина". Цяпер жа масавыя пратэсты праходзяць на вуліцах Украіны супраць прысуджэння ёй сямі гадоў турэмнага зняволення: 11 кастрычніка, калі быў абвешчаны прысуд, больш за тысячу яе прыхільнікаў выкрыквалі "Ганьба!" і кідалі пластыкавыя крэслы ў міліцыянтаў; некалькі чалавек былі затрыманыя.

Суддзя Пячэрскага раённага суда Кіева Радзівон Кірэеў прамаўляў прысуд няўпэўненым голасам, ён заікаўся і патнеў, быццам сам не верыў у тое, што чытаў. У рэшце рэшт ён зачытаў заключэнне абвінаваўцы і абвесціў, што былы прэм'ер-міністр Украіны ў студзені 2009 года выкарыстала ўладу ў карысталюбных мэтах і самастойна падпісала кантракт з расійскім "Газпрамам" на пастаўку газа Украіне. На думку пракуратуры і Пячэрскага суда, расійскі тарыф за тысячу кубаметраў сыравіны - у 450 долараў - аказаўся надзвычай высокім коштам і зараз пагражае Украіне стратай 1,5 млрд. грыўняў (каля 195 млн. долараў).

Абвінавачванню не ўдалося даказаць, што былы прэм'ер-міністр атрымала якую-небудзь асабістую выгоду. Тым не менш, акрамя турэмнага зняволення і вялізарнага штрафу, суд забараніў Цімашэнка займаць дзяржаўныя пасады тэрмінам трох гадоў пасля вызвалення, а таксама суд пастанавіў канфіскаваць яе кватэру.

"Заключэнне па маёй справе азначае знявагу Канстытуцыі і вяртанне нашай краіны да часоў савецкага тэрору 1937 года", - сказала Цімашэнка, і паведаміла, што будзе абскарджваць свой прысуд у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбурзе.

Былы прэм'ер-міністр і яе прыхільнікі перакананыя, што працэс з'яўляецца вынікам маніпуляцый Януковіча, які хоча ліквідаваць найбольш важнага палітычнага суперніка напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе.

Гэтак жа лічаць ЗША, а таксама Еўропа, з якой Кіеў вядзе перамовы аб падпісанні Пагадненні аб асацыяцыі. Таму вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан падвергла рэзкай крытыцы пастанову Пячэрскага суда, заявіўшы, што "сістэма вымярэння справядлівасці ва Украіне ўжываецца выбарачна падчас палітычна матываваных судовых працэсаў супраць лідэраў апазіцыі і сябраў былога ўрада". Прадстаўнік ЕС абвесціла, што гэта падзея будзе мець "сур'ёзныя наступствы" для развіцця адносінаў паміж Еўрасаюзам і Кіевам.

Міністэрства замежных спраў Польшчы заявіла, што прысуд Юліі Цімашэнка "сур'ёзна падарваў імідж Украіны, якая падае сябе як краіну, у якой праходзяць фундаментальныя праеўрапейскія трансфармацыі". У сваю чаргу, МЗС Расіі прызнала, што рашэнне ўкраінскага суда мае "відавочны антырасійскі падтэкст", паколькі датычыць існуючых міжнародных дамоўленасцяў, якія падтрымлівае і Масква.

Украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч у сваю чаргу патлумачыў, што рашэнне па справе былой прэм'ер-міністра не з'яўляецца канчатковым і яго можа адмяніць апеляцыйны суд. Верагодна, артыкул, па якім была асуджаная Цімашэнка, згодна са словамі Януковіча, не пацягне за сабой крымінальную адказнасць. А гэта стала б шанцам для Цімашэнка выйсці з турмы, але больш ужо не вяртацца на палітычную арэну.

Тым часам, EUobserverпаведамляе аб тым, што вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан 12 кастрычніка заявіла, што інстытуты ЕС будуць працягваць весці з Украінай перамовы па Пагадненні аб свабодным гандлі і асацыяцыі, нягледзячы на заключэнне ў турму палітычнага суперніка прэзідэнта Віктара Януковіча Юліі Цімашэнка: "Я лічу, што перамовы па Пагадненню аб асацыяцыі павінны заставацца ў сіле", і дадала, што ЕС "не павінен перапыняць тэхнічныя перамовы, з мэтай мець дакумент, які пакажа абодвум бакам, што магчыма дасягнуць, а што можна страціць". "Мне было цікава ўбачыць, што прэзідэнт Януковіч выказаў незадаволенасць Крымінальным кодэксам Украіны і прызнаў неабходнасць пераменаў", -  сказала Эштан.

Яна адзначыла, што Януковіч мае шанец адмяніць непрыемныя наступствы [судовай справы над Цімашэнка], калі будзе прыняты законапраект аб дэкрыміналізацыі абвінавачванняў супраць былога-прэм’ер міністра напярэдадні запланаванага візіта прэзідэнта Украіны ў Брусэль 20 кастрычніка.

Але нават калі Цімашэнка будзе вызваленая зараз, у лагеры Януковіча ўжо рыхтуецца новая хваля абвінавачванняў: патэнцыйны штраф у 405 млн. долараў за яе старую кампанію "Адзіныя энергетычныя сістэмы Украіны", якая нібыта павінная вялікія грошы Міністэрству абароны Расіі за падпісанае 14 гадоў таму пагадненне.

Нягледзячы на пратэсты ўкраінскай грамадзянскай супольнасці, прысуд Цімашэнка не стаў нечаканасцю для еўрапейскіх дыпламатаў: нават калі Януковіч здыме абвінавачванні з Цімашэнка, ён здолее атрымаць свой прыбытак праз накладанне на яе найвелізарнейшых штрафаў. Канчатковым вынікам гэтага манеўру можа стаць распачынанне падпісання Пагаднення па асацыяцыі з ЕС у снежні, у той час, калі Цімашэнку будзе нанесеная фінансавая шкода. А таксама, прыбыльным вынікам працэсу для Януковіча можа стацца з’яўленне падставы для аспрэчвання кантракта на пастаўку каштоўнаснага расійскага газу (ад 2009года) у Стакгольмскім арбітражным судзе.

Крыніца ў Стакгольмскім судзе паведаміла, што "[для Януковіча] гэта справа прынцыпа - выкарыстаць зняволенне і справу Цімашэнка для судовага працэсу ў арбітражным судзе", нават калі ўсе крымінальныя абвінавачванні будуць пасля змененыя на адміністрацыйныя. Дадзеная крыніца заявіла, што Украіна да гэтага часу не вырашыла газавае пытанне і наўрад ці вырашыць, пакуль Цімашэнка не падасць апеляцыю, якую яна наўрад ці выйграе.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Видео