BE RU EN
rss facebook twitter

У Мінску адбыўся першы тэхнічны дыялог паміж ЕС і Беларуссю па пытаннях эканомікі і фінансаў

09.10.2011
У Мінску адбыўся першы тэхнічны дыялог паміж ЕС і Беларуссю па пытаннях эканомікі і фінансаў

6 кастрычніка 2011 года прадстаўнікі Генеральнага дырэктарата па эканамічных і фінансавых пытаннях Еўрапейскай камісіі наведалі Беларусь, каб сустрэцца з экспертамі Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў, Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Адбыўся першы тэхнічны дыялог паміж ЕС і Беларуссю па пытаннях эканомікі і фінансаў.  

Мэтай тэхнічнага дыялогу быў абмен інфармацыяй пра макраэканамічныя тэндэнцыі апошняга часу, патрэбы палітыкі і стратэгіі структурных эканамічных рэформ у Беларусі і ЕС.

Госці правялі прэзентацыі пра тэндэнцыі ў эканоміцы ЕС і яго палітыку па пераадоленні крызіса на рынках дзяржаўнага доўгу краін еўразоны. Прадстаўнікі беларускага боку зрабілі агляды макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі, новых напрамкаў грашова-крэдытнай і бюджэтна-фінансавай палітыкі, планаў правядзення прыватызацыі і эканамічнай лібералізацыі, расказалі пра цяперашняе і будучае ўздзеянне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі на гандлёва-эканамічныя адносіны ЕС і Беларусі.

Прадстаўнікі ЕС падкрэслілі, што для Беларусі важна прытрымлівацца рашучай палітыкі макраэканамічнай карэктыроўкі (асабліва што тычыцца грашова-крэдытнай, бюджэтна-фінансавай палітыкі, палітыкі абменнага курсу), каб пераадолець уразлівасць сітуацыі з плацёжным балансам краіны, узяць пад кантроль інфляцыю і працягваць правядзенне эканамічнай лібералізацыі і структурных рэформ, каб завяршыць пераход да паўнавартаснай рыначнай эканомікі. З макраэканамічнага пункту гледжання, асаблівая занепакоенасць была выказаная ў сувязі з нядаўнім паскарэннем інфляцыі і неабходнасцю уніфікаваць і нармалізаваць працу валютнага рынку. Што тычыцца структурных рэформ, прадстаўнікі ЕС падкрэслілі неабходнасць працягу прыватызацыі і рэструктурызацыі прадпрыемстваў, лібералізацыі цэн, рэформы фінансавага сектару, у тым ліку памяншэння аб'ёму фінансавання банкамі ўрадавых праграм. Сукупнасць гэтых мер павінна дапамагчы беларускай эканоміцы пераадолець цяперашні крызіс, а таксама павысіць яе эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць на сусветных рынках.  

 

Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі

Видео