BE RU EN
rss facebook twitter

Аляксандр Мілінкевіч: Маніфест Пуціна і цывілізацыйны выбар беларусаў

09.10.2011
Аляксандр Мілінкевіч: Маніфест Пуціна і цывілізацыйны выбар беларусаў

Праграмны артыкул Аляксандра Мілінкевіча.

 

Кіраўнік Расіі шчыра апісаў свой план стварэння неаімперыі: Мытны саюз - Адзіная эканамічная прастора - Еўразійскі саюз.

Канкрэтная інтэграцыя, з канкрэтным паглынаннем і відавочным вынікам. Гаворка ўжо не вядзецца ні пра архаічную Саюзную дзяржаву, ні пра адышоўшы ў гісторыю СССР.

Расія марыць зноў стаць Вялікаю. Але не праз годнае ўладкаванне жыцця свайго народа, які па-ранейшаму бедны ў багатай краіне. Не праз спыненне войнаў, карупцыі, бандытызму, ксенафобіі. А, як і раней, "збіраннем земляў" і будаваннем новага сусветнага цэнтра сілы.

Мы жылі і жывем стагоддзямі побач з імперыяй. Многім у Расіі гэтае слова прыемнае - падстава для гонару і шанец на надзею. У расіянаў ёсць права выбіраць свой лёс, права ганарыцца тым, што "затое нас усе баяцца". У нас іншая гісторыя, іншы менталітэт.

У выніку рэалізацыі крамлёўскага праекта "Еўразійскі саюз" кантроль Масквы над "сінявокай" можа ўсталявацца навечна - праз эканамічную анексію і праз наднацыянальнае кіраванне.

Мары нашых рамантычных суграмадзянаў пра будучую беларускую Швейцарыю пасля маніфеста Уладзіміра Пуціна выглядаюць зусім маларэальнымі.

Нарадзіліся і жывем мы на мяжы цывілізацый.

Да ўсяго мы апынуліся закладнікам постсавецкага аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Ён не меў і не мае стратэгіі развіцця для краіны - толькі рэалізуе тактыку выжывання. Не дзеля нас - дзеля ўлады. І ён ніколі не быў гарантам нашай незалежнасці.

Балансаванне паміж Захадам і Ўсходам, шантажаванне Бруселя і Масквы, запалохванне беларусаў, накручванне саміх сябе. Бясконцы пошук ворагаў. А вораг на самой справе - унутры нас, у нашым мысленні, посткаланіяльным і постататалітарным. У нашым разуменні ці хутчэй неразуменні сённяшняга свету, асабістай і гістарычнай адказнасці. Беларусь цяпер - на геапалітычным раздарожжы.
Мы будзем вымушаны ў бліжэйшы час рабіць цывілізацыйны выбар - еўрапейскі альбо еўраазіяцкі, дэмакратычны альбо аўтарытарны. Выбар давядзецца рабіць і грамадзянам, і ўладзе, і апазіцыі.

Еўразійскі саюз, "магутнае наднацыянальнае аб’яднанне, здольнае стаць адным з палюсоў сучаснага свету", дзе Беларусь - дадатак на дзвесце тысяч квадратных кіламетраў з безаблічным, хоць і працавітым насельніцтвам, і з багаццем, дагледжаным ці створаным гэтым народам? Альбо існаванне ў Еўрасаюзе сярэдняй, самабытнай, дэмакрытычнай і заможнай краінай на ўзор Чэхіі, Аўстрыі, Бельгіі ці Галандыі?

Гэтыя перспектывы падаюцца далёкімі, але наш лёс можа вырашыцца неўзабаве - усур’ёз і надоўга. Магчыма, і назаўжды. 

 

Наша Ніва

Видео