BE RU EN
rss facebook twitter

Spiegel: Мяжа Беларусь-Літва: пункт спрошчанага памежнага пропуска “Піцкуны”

26.08.2011
Spiegel: Мяжа Беларусь-Літва: пункт спрошчанага памежнага пропуска “Піцкуны”

Жалезная заслона на Усходзе

Распад Савецкага Звязу раздзяліў вёску Піцкуны на мяжы Літвы і Беларусі на дзве часткі. Цяпер жа вёска падзеленая больш значнай мяжой - мяжой паміж Еўразвязам і тэрыторыяй “апошняй дыктатуры ў Еўропе”. Але дзе людзі больш шчаслівыя?

Станіславу Алензіновічу патрабуюцца асаблівыя намаганні, каб распавесці сваёй любімай цётке Яніне апошнія плёткі на вёсцы. Ён вымушаны крычаць на ўвесь голас, каб паклікаць яе, а потым чакаць, пакуль немаладая жанчына павольна ідзе да плота, што на мяжы дзвюх тэрыторый. "Сцяна" - так Алензіновіч называе двухметровую жалезую заслону сярод квітнеючых лугоў і лясоў.

Драўляныя хаты Алензіновіча і яго цёткі знаходзяцца ўсяго ў 120 метрах адна ад адной, але іх раздзяляе жалезны плот. Ён дзеліць на дзве часткі вёску, дзе Станіслаў і Яніна выраслі, разам збіралі ўраджаі бульбы і морквы, і, калі ў калгасе “Дружба” праходзілі танцы, разам хадзілі туды танчыць на танцполе.

Цяпер Станіславу 57 год, Яніне - 63. Яны нарадзіліся ў Савецкім Саюзе. Сёння Станіслаў жыве ў Літве, а Яніна - у Беларусі, хаця ні адзін з іх нікуды не пераязджаў. Іх вёска стала ахвярай вялікіх узрушэнняў, якія адбыліся ў іх краінах 20 гадоў таму. Сёння паўднёвая частка вёскі называецца Піцкуны і належыць да царства Аляксандра Лукашэнкі, якога некаторыя лічаць апошнім дыктатарам Еўропы. Паўночная палова вёскі, Нарвілішкі - частка заходняга свету. 

Абыходы і нямецкія аўчаркі

У часы халоднай вайны ніхто не непакоіўся пра тое, што невялікі населены пункт Піцкуны быў падзелены паміж беларускай і літоўскай тэрыторыямі. Калі Савецкі Саюз раскалоўся на 15 незалежных дзяржаў, у глебу паміж краінамі хутка ўрэзалі драўляныя слупы, якія адзначылі мяжу. Спачатку патрулі праходзілі рэдка, і вартаўнікі часта глядзелі ў іншы бок, калі мясцовыя жыхары кантрабандай правозілі цыгарэты альбо блукалі па ваколіцах і збіралі чарніцы ўздоўж мяжы. Але калі ў 2004 годзе Літва ўступіла ў Еўрапейскі Звяз, быў пабудаваны новы плот. І ўсё змянілася.

"Часам я прачынаюся ад брэху нямецкіх аўчарак, калі памежнікі выходзяць на патруляванне на досвітку ", - расказвае С. Алензіновіч.

Яго ложак стаіць у гасцінай дома, у атачэнні мяшкоў пшаніцы. На сцяне - абразы, у куце стаіць пыльны тэлевізар, які ўжо пяць гадоў не працуе. Новая мяжа пазбавіла Станіслава часткі даходу, бо палова зямель, якія належаць яму, зараз знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Ён больш не можа іх апрацоўваць, і нават акт на права ўласнасці на зямлю ўжо не дзейсны, паколькі ён быў складзены ў 1915 годзе, калі рэгіён быў яшчэ часткай Расейскай імперыі. Таму цяпер Алензіновіч можа прыйсці ў другую частку сваёй вёскі толькі калі мяжа адкрытая, а гэта бывае тры разы на год: на Вялікдзень, Пяцідзесятніцу і Каляды.

У іншыя дні года падарожжа з Нарвілішкаў у Піцкуны становіцца цяжкім і патрабуе вялікіх грошаў. Для знаходжання ў сталічным раёне (у радыусе 30 кіламетраў ад сталіцы) неабходная віза, кошт якой складае ? 25 за адно перасячэнне мяжы. Гадавая віза каштуе ў шэсць разоў больш, а такі кошт амаль ніхто ў вёсцы сабе дазволіць не можа.

Наведванне сваякоў таксама ўяўляе значную праблему. Калі ў маленькага хлопчыка Аляксандра Троста, напрыклад, баляць зубы, а бацька п’яны, і хлопец хоча пагаварыць з бабуляй, якая жыве ў суседнім доме, то адзіны выбар малога - патэлефанаваць у іншую краіну, што каштуе добрых грошаў. Яго бабуля жыве на другім баку мяжы.

А калі ў Піцкунах хтосьці памірае, труна з нябожчыкам павінная прайсці кантрольна-прапускны пункт, які знаходзіцца ў 200 кіламетрах ад вёскі, і толькі потым прыбыць на вясковыя могілкі, што ў Нарвілішках. Дваццаць гадоў таму ніхто з мясцовых жыхароў не мог і падумаць, што іх вёску і іх саміх напаткае такі лёс.

"Мы не ведаем, што можа здарыцца"


Шмат узвышаных спадзяванняў, якія суправаджалі распад Савецкага Саюза, не спраўдзіліся. Толькі тры з 15 дзяржавы-пераемніцаў Савецкага Саюза здабылі стабільную дэмакратыю: Літва і яе балтыйскія суседзі, Эстонія і Латвія. Аўтакраты і іх сямейныя кланы працягваюць кантраляваць пяць краін Цэнтральнай Азіі, ад Туркменістана да Казахстана. Аналагічная сітуацыя на Каўказе, у народаў Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Украіна дагэтуль не можа вызначыцца, у які бок ёй павярнуцца: да Расіі ці да Захаду.

А на мяжы Літвы і Беларусі - рэзкі кантраст двух светаў: аўтарытарная дзяржава - пераемнік традыцыяў Савецкага Саюза і маладая ўсходнееўрапейская дэмакратыя. І зноў іх падзяляе "Жалезная заслона".

Таму нават больш дзіўна, што многія людзі па абодва бакі мяжы сумуюць па былым СССР: "Па меншай меры, тады ў нас была праца, а сёння мы не ведаем, што будзе заўтра", - кажа Алензіновіч. Па другі бок мяжы, у Беларусі, муж яго цёткі Генадзь спадзяецца, што “у адзін цудоўны дзень Пуцін нас аб'яднае ". Ці не Пуцін аднойчы ахарактарызаваў распад СССР як "найвялікшую геапалітычную катастрофу стагоддзя"?

Алензіновіч, літовец, аплочвае візіт сваёй суседкі па вёсцы Леакадыі. Як і ўсе на вёсцы, 53-гадовая жанчына жыве прадукцыяй сваёй маленькай фермы: тузін курэй, дзве свінні і карова, якую яна ласкава называе Малінка. Жанчына з юнацтва зацікавілася падзеямі ў свеце, а пазней нават назвала сваіх сабак у гонар вядомых палітыкаў. Адной з сабак яна дала імя Гарбачоў, "пасля развалу Савецкага Саюза".

Былая Савецкая імперыя ажывае ў гасцінай Леакадыі кожны дзень у сем вечара, калі яна глядзіць навіны па беларускіх тэлеканалах замест літоўскіх і захоплена слухае свайго ідала, Лукашэнка. Ёй падабаецца глядзець, як ён паціскае рукі працоўным і распавядае аб салідарнасці з Кубай і Венесуэлай, і як вядучы расказвае пра тое, што "беларускія тэхналогіі робяць унёсак у аднаўленне гаспадаркі Ірака". Іх мова нагадвае Яніне яе дзяцінства ў СССР.

На самай справе, візіт у сённяшнюю Беларусь дае наглядны ўзор таго, як бы выглядаў Савецкі Саюз, калі б камуністы засталіся ва ўладзе. Лукашэнка, былы кіраўнік калгасу, душыць апазіцыю і закрывае газеты, якія маюць крытычны погляд на існуючую сістэму. Пры гэтым вуліцы ў яго краіне выглядаюць лепш, чым у Польшчы ці Расіі. У яго калгасах - сучасныя зернавыя элеватары, у той час як фермы ў памежным літоўскім рэгіёне ляжаць у руінах; яны не здолелі адужаць канкурэнцыю з боку Заходняй Еўропы, якая вырабляе малако і пшаніцу па больш нізкіх сабекоштах.

Усё, што сёння засталося ад калгасу “Дружба”, знаходзіцца побач з дарожным знакам вёскі Нарвілішкі. У лепшыя дні ў калгасе было 800 кароў, але сёння засталося толькі тры. Гэтая колькасць кароў на ферме дае зразумець, чаму Леакадыя, як і большасць з пакінутых 20 жыхароў на літоўскім баку мяжы, аддала б перавагу жыццю ў Беларусі - дзяржаве ўсеагульнага дабрабыту. На самай справе, па яе словах, вяртанне да Савецкага Саюза было б яшчэ лепш.

Другая, нябачная мяжа

Два чорных лімузіна маланкава праносяцца ля хаты - яны вязуць новых гаспадароў вёскі да замка. Гэта Гедрыус Клімкевічус, бізнэсмэн са сталіцы Літвы Вільні, які пасля распаду СССР зарабіў музыкай добрыя грошы, адрамантаваў замак на ўзгорку ля царквы і арандаваў яго на 99 гадоў. Яго белакурая жонка Рыта, якая працуе мэнэджэрам у цыгарэтнай кампаніі, зараз танчыць на тэрасе, да відавочнага задавальнення сваіх гасцей.

Алензіновіч часта бывае ў замку, дзе падраблае часовай працай ці падшуквае, што можна прадаць. "Па меншай меры, у мінулым мы ўсе былі роўныя", - кажа ён.

Другая, нябачная мяжа у гэтым памежным рэгіёне праходзіць недалёка ад замка. Гэта мяжа паміж новымі, заможнымі жыхарамі вёскі і яе карэннымі жыхарамі; гэта падзел паміж тымі, хто здолеў скарыстацца сваёй новай свабодай, і тымі, хто так і не выйшаў з мінулага і забыўся, што “дзяржава рабочых і сялян” была двухкласавай сістэмай.

Клімкевічус, уладальнік замка, выводзіць на выгул сваіх чыстакроўных сабак, яны шпацыруюць у святле заходзячага сонца. Яны праходзяць па лузе побач з драўлянымі скульптурамі - напамінам аб музычным фестывалі, арганізаваным Клімкевічусам чатыры гады таму. "Гэтай восенню ў спонсараў ужо не было грошаў", - скардзіцца ён. Яго фестываль - Be2gether - быў часткай высакароднай мэты адрадзіць традыцыю выступаў рок-груп па абодва бакі мяжы. Ён нават вёў перамовы з брытанская групай Pink Floyd, у надзеі, што спевакі выканаюць сваю легендарную песню "Сцяна" у вёсцы Нарвілішкі: "Гэта новая сцяна, якая падзяляе наш кантынент. Мы павінны яе зламаць".

Але група не прыехала, і фестываль правялі толькі на літоўскім баку. Але па меншай меры Клімкевічус здолеў пераканаць беларускія ўлады дазволіць сваім грамадзянам перасячы мяжу без візы. Тым не менш, яны не засталіся без нагляду: агенты з Мінска стварылі на мяжы ўласныя пункты нагляду; адтуль яны фатаграфавалі натоўп і групу “Ляпис Трубецкой”, якая выканала песню Freedom Belarus.

Гэта быў сапраўдны міні-Вудсток Усходняй Еўропы разам з сэксам, наркотыкамі і рок-н-ролам. "Наша продкі на могілках па суседству, мабыць, пераварочваліся ў сваіх магілах", - кажа мясцовая пенсіянерка Ганна. Калісьці яна была лепшай даяркай у калгасе “Дружба”, а цяпер спявае ў царкоўным хоры. Фанатаў року яна называе "зялёнымі, ружовымі і блакітнымі", то бок эколагі, лесбіянкі і геі. “Добра, што беларуская моладзь у Піцкунах абароненая ад такіх вычварэнняў”, - уздыхае пажылая жанчына.

“Ушчэнт разбурым гэты мізэрны плот"

Адна з гэтых маладзёнаў - унучка жанчыны Вераніка, якія апошні раз наведвала яе на Вялікдзень. 15-гадовая дзяўчына займаецца веславаннем на каноэ, носіць дызайнерскія джынсы і красоўкі - тавары, даступныя толькі ў беларускай сталіцы Мінску, але не ў прыгранічным рэгіёне. Вераніка стамілася "бегаць, як жабрачка", кажа Ганна, якая рэгулярна аддае ўнучцы частку сваіх зберажэнняў.

Смутная вёска Нарвілішкі ажывае толькі падчас трох галоўных святаў - Вялікдзень, Пяцідзесятніцу і Каляды, калі памежная брама адчыняецца для ўсіх жадаючых. Роўна ў 10 гадзін раніцы, вартаўнікі на літоўскай мяжы прыязджаюць да памежнай брамы ў новых японскіх пазадарожніках і ўздымаюць сцягі сваёй краіны і Еўрапейскага Звязу. Беларусы дабіраюцца да мяжы на старых ваенных аўтобусах.

У гэтыя дні, Алензіновіч забывае аб сваёй ферме, наводзіць марафет: апранае старое паліто, падпаясваецца, каб штаны не падалі, і ідзе ў госці да сваёй цёткі ў Піцкуны. Ён прыносіць ёй цукеркі, Яніна ж ставіць на стол гарэлку і вяндліну адной са сваіх уласных свіней. Алензіновіч заўсёды з нецярпеннем чакае, калі паспрабуе смачны беларускі хлеб у сваёй цёткі.

Ён скардзіцца на ўрад у Вільні, у той час як Генадзь, муж яго цёткі, гэтак жа наракае на ўрад ў Мінску. Апошнім часам стала ясна, што сітуацыя ў Беларусі далёка не вясёлкавая. Краіна пагразла ў крызісе: “Нашы грошы губляюць сваю вартасць хутчэй, чым згасаюць метэоры".

Шафа ў пакоі Генадзя перапоўненая запасам тавараў на чорны дзень, у куце стаяць скрыні з беларускімі цыгарэты “Прима”, якія прадаюць за ? 0,10 за пачак. Алензіновіч прапануе сваім сваякам брытанскія цыгарэты “Kent”, якія ён прывёз з сабой і, на імгненне, смакуе сваю ролю багатага сваяка з Захаду. Ён ведае, што Генадзь жыве на мізэрную пенсію ў 260.000 беларускіх рублёў у месяц. Гэта менш, чым ? 40.

Сваякі і азірнуцца не паспяваюць, як надыходзіць вечар. Гэта час Станіславу Алензіновічу вяртацца да мяжы. Двое мужчын адчуваюуь смутак і нуду, асабліва зараз, калі алкаголь робіць іх трохі смялей. "Давай вып’ем яшчэ", - кажа Генадзь ў такія моманты, “а потым пойдзем да мяжы і ўшчэнт разбурым гэты мізэрны плот".

 

Паводле Spiegel

Видео