BE RU EN
rss facebook twitter

Анаіс Марын: "Беларусь. Маўклівая рэвалюцыя"

17.08.2011
Анаіс Марын: "Беларусь. Маўклівая рэвалюцыя"

Беларусь. Маўклівая рэвалюцыя

Анаіс Марын,
навуковы чалец даследчай праграмы Еўразвязу па Усходнім добрасуседстве і Расіі,
супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных справаў 

 

Праект паправак да закона “Аб масавых мерапрыемствах", выдадзены ўрадам 20 ліпеня 2011 году, пашырае паняцце "пікетавання". Закон вызначае пікетаванне як "адначасовую прысутнасць масы людзей у загадзя вызначаных грамадскіх месцах (у тым ліку на адкрытым паветры) ва ўстаноўлены час для загадзя вызначаных дзеянняў ці бяздзейнасці, арганізаваных (у тым ліку праз Інтэрнэт альбо іншыя глабальныя сеткі) для публічнага выказвання сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі альбо пратэсту".

Афіцыйны Мінск паспяхова падавіў "рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі", якая гэтым летам вывела на вуліцы тысячы незадаволеных беларусаў. Такім чынам, рэжым выйграў першы раунд у барацьбе з апазіцыяй па прадухіленню "каляровай рэвалюцыі", якая магла здарыцца пасля спрэчных перавыбараў Аляксандра Лукашэнкі ў снежні мінулага года. У прадухіленні беларускага варыянту “арабскай вясны", улады, падаецца, выйгралі і другі раунд. Стойкі беларускі дыктатар можа нават сцвярджаць, што ён атрымаў поспех там, дзе пацярпелі паразу егіпецкі Мубарак і сірыйскі аль-Асад: Лукашэнка ўтрымаў уладу без аніводнай смерці. Праўда, гэта можа быць ненадоўга.

Аднак, як сцвярджае расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, цяперашняя перамога Лукашэнкі - толькі тактычная, а не стратэгічная, і яна далёка не элегантная: загнаны ў кут, рэжым моцна дыскрэдытаваў сябе, ужыўшы незаконную агрэсію і гвалт супраць мірных грамадзян.

Больш таго, Лукашэнка так і не прадставіў адказу на нарастаючы рост сацыяльна-эканамічных праблем.

Беспрэцэдэнтная народная мабілізацыя

Хваляванні грамадзян наконт падзення іх пакупной здольнасці сталі штуршком для пачатку вулічных пратэстаў. Сярэднія даходы людзей упалі ў два разы, у параўнанні з пачаткам года з-за дэвальвацыі беларускага рубля, афіцыйна абвешчанай 23 траўня, і росту коштаў на тавары паўсядзённага попыту, што звяло на “не” папулісцкія перадвыбарныя павышэнні заробкаў. Калі 7 чэрвеня “Белнафтахім” павялічыў рознічныя цэны на бензін на 31%, аўтаўладальнікі арганізавалі забастоўку “Стоп-бензін”, якая на дзве гадзіны паралізавала дарожны рух у цэнтры Мінска. Цалкам непрадказальна, да акцыі далучыліся мінакі: у адказ на гудкі машын, людзі пачалі апладзіраваць, а некаторыя, дэманстратыўна, у канфеці разрывалі беларускія банкноты. Грамадзяне ўсміхаліся ў тэлекамеры і фатаграфавалі гэтую спантанную акцыю, на якой добразычлівыя людзі проста сабраліся разам; у той час як нямоглая дарожная міліцыя пацешліва поглядала на гэта. Так нараджаўся новы спосаб народнай мабілізацыі ў Беларусі, крыўдна названы "маўклівай".

На наступны дзень на Кастрычніцкай плошчы Мінска сабралося 400 чалавек і каля 50 - у кожным з абласных цэнтраў. Ігнаруючы папярэднія міліцэйскія папярэджанні, блогеры і група ВКонтакте "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" распаўсюджвала заклік: прыходзіць да цэнтральнай плошчы свайго горада кожную сераду ў 19.00, без плакатаў альбо сцягаў, і выказваць незадаволенасць простым плясканнем ў далоні і тупаннем нагамі.

Праз тыдзень, 15 чэрвеня, 3000 чалавек па ўсёй краіне ўступілі ў акцыю "маўклівай салідарнасці”. На акцыях прысутнічалі людзі ўсіх узростаў і прафесіяў, і гэта было галоўнай навінкай. Да гэтага ўлады ўжо прынялі адмысловыя меры адносна такіх флэш-мобаў: каб перашкодзіць гэтым сходам, цэнтральныя плошчы гораду былі абгароджаныя турнікетамі, абапал плошчаў стаялі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу, якія штурхалі пешаходаў у завулкі і арыштоўвалі тых, хто не слухаўся іх заказаў разысціся. Агульным чынам, у той дзень было затрымана 240 чалавек, у тым ліку 9 журналістаў. З таго часу, такія акцыі былі названыя “народнымі шпацырамі", паколькі іх удзельнікі не маглі заставацца на месцы, не рызыкуючы быць збітымі або арыштаванымі.

Пік колькасці людзей акцыі дасягнулі 22 чэрвеня, калі ў Мінску сабралося 4000 чалавек і яшчэ 2000 - па ўсёй краіне, у тым ліку ў некалькіх раённых гарадах. Такі геаграфічны ахоп народнай мабілізацыі ёсць беспрэцэдэнтным, тым больш для невялікай Беларусі. Тады міліцыя арыштавала 460 удзельнікаў, з якіх 33 былі прызнаныя вінаватымі ў "хуліганстве" і "непадпарадкаванню міліцыі".

Урадавая “контррэвалюцыя” стартавала 29 чэрвеня, калі ўлады адчулі моцную неабходнасць знішчэння пратэстных тэндэнцыяў напярэдадні 3-га ліпеня, дзяржаўнага святкавання Дня незалежнасці. Той дзень таксама аказаўся азмрочаны гвалтоўнымі прэвентыўнымі арыштамі. На Кастрычніцкай плошчы Мінска, па ініцыятыве дзяржаўнага беларускага саюзу моладзі БРСМ, праходзіў канцэрт; новы абарот рэпрэсіі прынялі, калі дружына БРСМ пачала дапамагаць агентам КДБ у цывільным арыштоўваць мінакоў і не даваць працаваць журналістам, якія прысутнічалі на акцыі. Грамадзян выпадковым чынам выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў брудныя аўтазакі невядомыя людзі без прадстаўлення асобы. Яшчэ больш жорсткімі аказаліся судовыя прысуды: палова з 270 чалавек, арыштаваных 29 чэрвеня, былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак за “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве".

У выніку, па серадах у Беларусі настала неабвешчаная “каменданцкая гадзіна”: міліцыя прэвентыўна перакрывала доступ да цэнтральных плошчаў гарадоў ужо ў 6 гадзін вечара, а моцна складзеныя мужчыны ў цывільным раўнамерна размяркоўваліся па тратуарах і ў грамадскіх месцах. Нядзіўна, што ўдзел у “маўклівых мітынгах”  паступова зніжаўся, і праз месяц, 27 ліпеня, апошняя акцыя сабрала толькі 60 чалавек. Праз 9 тыдняў, "маўклівая рэвалюцыя" канчаткова замоўкла: лік 2:0 на карысць рэжыму.

Чаму рэвалюцыя пацярпела паразу?

Разам з гвалтоўнымі мерамі дзяржавы, у спалучэнні з неспрыяльнымі ўнутранымі фактарамі народная мабілізацыя вычарпала сябе: дажджы ў канцы чэрвеня і пачатку ліпеня трымалі людзей дома, тады як з пачаткам курортнага сезона многія гараджане з’ехалі на дачы, каб назапасіць гародніны і садавіны напярэдадні пагаршэння крызіса, які ўсе прадказвалі. Былі таксама "віртуальныя" фактары: пазбаўленае айчынных лідэраў (адміністратар 30000-й групы ВКонтакте у цяперашні час вучыцца ў Польшчы ), ціхае і негвалтоўнае паўстанне, здаецца, не атрымала належнай падтрымкі. Лідэры апазіцыі - тыя, хто не за кратамі, - устрымліваліся ад таго, каб узяць на сябе кіраванне рухам. Пры недахопе харызматычных лідэраў і арганізаваных абаронцаў, гатовых даць адпор незаконнаму гвалту АМАПа, "рэвалюцыя" была асуджаная на выміранне.

Пры адсутнасці лозунгаў - за выключэннем "Сыходзь!" і "ШОС", якія час ад часу агучвалі самыя смелыя з пратэстуючых - акцыях не было ідэалагічнай базы і, што больш важна, праграмы на будучыню. Можна кляйміць славутую няздольнасць беларускай апазіцыі да стварэння альтэрнатыўнага плана дзеянняў, ці беларускую баязлівасць, але факт застаецца фактам: беларусы ніколі не будуць змагацца за свабоду, альбо, калі яны гэта зробяць, гэта будзе "партызанскае супраціўленне" праз дробнае шкодніцтва і хуліганства. Кровапралітныя супрацьурадавыя бойкі, як на плошчы Тахрыр у Егіпце, спадзяюся, у Беларусі не стануць рэальнасцю. Людзі проста хочуць пераменаў: да траўня 2011 году дзве траціны насельніцтва (у тры разы больш, чым у сакавіку) падтрымлівала ідэю правядзення эканамічных рэформаў. Аднак ніхто не настойваў і не будзе настойваць на іх правядзенні праз рэвалюцыю: па дадзеных таго жа апытання грамадскай думкі, толькі 8% апытаных былі б гатовыя ўдзельнічаць у масавых пратэстах альбо забастоўках, у той час як 76% - не.

Ці павінен Лукашэнка заключыць, што ён абаронены ад егіпецкага варыянту дзяржаўнага перавароту? Магчыма, так, хоць нядаўнія падзеі паказалі слабасць рэжыму і яго ўпартае імкненне працягваць самому "рыць сабе магілу". Толькі цяпер, упершыню, рэжым быў вымушаны прадпрымаць актыўныя дзеянні: кожны тыдзень ён спрабаваў прадухіляць акцыі, адключаць грамадзянам доступ да Інтэрнэту, агучваць смешныя папярэджанні ("3 ліпеня апладыраваць можна будзе толькі ветэранам вайны і дзяржаўным службовым асобам") і беззаконны гвалт у дачыненні да бясшкодных людзей. Але кожную сераду пратэстоўцы вынаходзілі новыя, законныя формы выражэння сваёй грамадзянскай пазіцыі. Такая гульня ў кошкі-мышкі - арыгінальны варыянт гарадскіх баёў - штурхалі абаронцаў рэжыма на абсурдныя крайнасці. Напрыклад, аднарукі мужчына быў асуджаны за "хуліганства" на той падставе, што ён нібыта пляскаў у ладкі! Улады таксама прынялі вельмі непапулярныя меры, такія, як забарона радыё-трансляцыі вядомай песні часоў перабудовы "Пераменаў!", на 20-ю гадавіну са дня смерці лідэра групы “Кіно” Віктара Цоя.

Трэці раунд?

Каардынатары інтэрнэт-рэвалюцыі абвясцілі тайм-аўт да 14 верасня, каб падрыхтавацца да "гарачай восені”, калі студэнты вяртаюцца з адпачынку. Між тым, яны заявілі, будуць праводзіць перамовы з прафсаюзамі, каб паспрабаваць пераканаць працоўных заводаў выйсці на ўсеагульную забастоўку гэтай восенню. Трэцяя сіла, чый удзел быў бы неабходны для поспеху  гіпатэтычнай рэвалюцыі, - гэта амаль знішчаная палітычная апазіцыя, "Беларуская асамблея" дэмакратычных сіл, агульны збор якой адбудзецца 8 кастрычніка 2011 году; у той жа дзень каардынатары сацыяльных сетак плануюць агульнанацыянальны “Народны сход".

Да таго часу, рэжым будзе ствараць новыя сілы для контрбарацьбы і караць іншадумства. Як толькі пройдзе “Народны сход" у пачатку кастрычніка, Парламент павінен будзе прыняць шэраг паправак у закон "Аб масавых мерапрыемствах", якія зробяць любыя публічныя сходы, акрамя арганізаваных дзяржавай, незаконнымі.

Такія меры пагрузілі краіну ў атмасферу страху. Яны, верагодна, могуць адвадзіць многіх беларусаў ад пратэстаў  у найбліжэйшай будучыні, але далейшую эскалацыю народнага гневу нельга здымаць з рахункаў. Толькі цуд можа аднавіць грамадскі давер да здольнасці ўрада вырашыць праблемы сацыяльна-эканамічнага крызісу і пазбегнуць гуманітарнага крызісу да пачатку ацяпляльнага сезона. Тым не менш, супрацьстаянне можа ўзнікнуць, бо і рэжым, і яго праціўнікі абяцаюць радыкальныя меры, калі восенню стартуе трэці раунд барацьбы за Беларусь. 

 

Паводле The Finnish Institute of International Affairs

Видео