BE RU EN
rss facebook twitter

Б. Дэпо: "Два гады Усходняга партнёрства: поспех або няўдача Еўрапейскай палітыкі добрасуседства?"

25.07.2011
Б. Дэпо: "Два гады Усходняга партнёрства: поспех або няўдача Еўрапейскай палітыкі добрасуседства?"

Два гады Усходняга партнёрства: поспех або няўдача Еўрапейскай палітыкі добрасуседства? 

Багдана Дэпо,
Асацыяцыя даследчыкаў імя Мары Кюры


Усходняе партнёрства - адносна новая ініцыятыва Еўразвязу ў дачыненні да сваіх усходніх суседзяў. Два гады існавання - невялікі перыяд для такога маштабнага палітычнага праекту, улічваючы, што сама ідэя яго стварэння ўзнікла больш за дзесяць гадоў таму.

Паходжанне Усходняга партнёрства

Гэта не добра вядомы факт, але ўпершыню ідэя аб палітыцы да будучых новых ўсходніх суседзяў была прадстаўленая ў 1998 годзе польскім міністрам замежных справаў Браніславам Герэмекам у прамове да перамоваў па далучэнню Польшчы да Еўразвязу, дзе ён заклікаў да стварэння Усходняга вымярэння ў палітыцы Еўрапейскага Звязу. У другі раз гэтая ідэя была пацверджаная ў чэрвені 2001 году ў дакуменце польскага Міністэрства замежных справаў, а трэцяя спроба ўвесці палітыку Усходняга вымярэння прайшла ў лютым 2003 году, за год да ўступлення Польшчы ў ЕЗ. Тагачасны польскі міністр замежных справаў Уладзімер Цімошэвіч паўторна ўнёс прапанову аб Усходнім вымярэнні ў "неафіцыйны дакумент з польскімі прапановамі па палітыцы, датычнай новых ўсходніх суседзяў, пасля пашырэння Еўразвязу". Гэты дакумент пацвердзіў папярэднія прапановы па ўсходняй палітыцы Звязу і заклікаў да адмены існуючых раздзяленнняў паміж суседнімі краінамі праз аказанне ўзаемадапамогі і больш цеснае супрацоўніцтва. У неафіцыйнай паперы выказвалася прапанова: палітыка “усходняга вымярэння” павінная быць заснаваная на агульных каштоўнасцях ды інтарэсах (яе аб’ектамі першапачаткова былі Украіна, Беларусь, Малдова і Расея), а таксама на неабходнасці ўмацавання палітыкі ЕЗ у адносінах да краінаў Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Дакумент заклікаў да распрацоўкі больш узгодненай і ўсеабдымнай базы, у межах якой прапаноўвалася садзейнічанне індывідуальнаму развіццю адносінаў з кожнай з зацікаўленых краінаў без шкоды для іх канчатковай мэты - еўрапейскіх памкненняў.

Тым не менш, спроба Польшчы стварыць рэгіянальнае лідэрства тады правалілася з-за адсутнасці цікавасці дзяржаваў-чальцаў Звязу да інвеставання ва еўрапейскі Усход. У самой краіне падчас падрыхтоўкі Польшчы да ўступлення ў ЕЗ не хапіла галасоў гэтак жа, як у астатніх чальцаў ЕЗ, і польская ініцыятыва  не знайшла неабходнай падтрымкі.

Замест гэтага, ЕЗ уводзіць новыя палітыкі для ўсходніх суседзяў: у 2003 годзе – ініцыятыву Вялікай Еўропы, у 2004 годзе - Еўрапейскую палітыку добрасуседства (ЕПД), у 2007 - Чарнаморскую сінэргію. Езрапейская палітыка добрасуседства, маючы аднолькавы падыход да краінаў з усходняй і паўднёвай частак рэгіёна, не была цёпла прынятая краінамі, якія мелі надзеі на сяброўства з Еўразвязам, - Украінай і Малдовай. У 2007 годзе Чарнаморская сінэргія стала першай спробай Звязу па рэгіянальнай дыферэнцыяцыі краінаў на ўсходзе ЕЗ, але ў той час яму не хапала інстытуцыянальных рэзерваў, у выніку чаго палітыка фактычна правалілася.

Такім чынам, ідэя Усходняга партнёрства заснаваная на паступовым развіцці стасункаў Звязу з яго ўсходнееўрапейскімі суседзямі. У гэтай палітыцы з’явіліся новыя гульцы, калі адлічваць час ад з’яўлення розных прапановаў па ўсходняй палітыцы: краіны Паўднёвага Каўказу былі ўключаныя ў ЕПД у рэзультаце дэмакратычных пераменаў падчас "каляровай рэвалюцыі" у Грузіі ў 2003 годзе і няўдалай спробы такой рэвалюцыі ў Азербайджане. Беларусь, якая дэ-юрэ ўваходзіла ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства, а дэ-факта мела абмежаванае супрацоўніцтва з ЕЗ, была далучаная да Усходняга партнёрства з надзеяй, што гэтая ініцыятыва адкрые новыя перспектывы супрацоўніцтва з Беларуссю.

Так, у рэшце рэшт, Усходняе партнёрства было прапанаванае шасці ўсходнім суседзям Еўразвязу.
Распрацоўка прапановаў па Усходнім партнёрстве заняла ўсяго адзін год, паколькі працэс быў паскораны расейска-грузінскай вайной у жніўні 2008 году. Гэтая пяцідзённая вайна прыцягнула міжнародную ўвагу да Грузіі і да ўсяго рэгіёна, які ўключаў чатыры «замарожаных ваенных канфлікта» і ваенную прысутнасць Расеі ва ўсіх краінах Усходняга суседства. Распрацоўка праекта Усходняга партнёрства ўвесь час знаходзілася пад пільным маніторынгам Расеі, якую стрымлівалі яе сябры ў ЕЗ і якім, у сваю чаргу, супрацьстаялі чальцы ЕЗ, прыхільныя да палітыкі Звязу па Міжземнамор'і. Дадзеная палітыка Расеі падтрымлівалася, галоўным чынам, новымі дзяржавамі-чальцамі ЕЗ з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а яшчэ Швецыяй. Таму канчатковы варыянт дакумента быў распрацаваны з вельмі нізкай ступенню ўзгодненасці паміж чальцамі, што зрабіла Партнёрства слабой і менш амбіцыйнай ініцыятывай, чым чакалася.

Афіцыйны запуск Усходняга партнёрства адбыўся падчас саміту ў Празе ў траўні 2009 году. Тады ж стала відавочна, што УП не будзе карыстацца ні палітычнай, ні фінансавай падтрымкай, так неабходнай для яго жыццяздольнасці. Гэта стала відавочна падчас урачыстага саміту па запуску Усходняга партнёрства, на якім адсутнічалі самыя ўплывовыя фігуры ў дзяржавах-сябрах ЕЗ. Ініцыятыва атрымала ўсяго 600 млн. еўра, што склала чвэрць ад агульнага аб'ёму фінансавання, першапачаткова выдзеленага на ўсходніх партнёраў на 2010-2013 гады.

Усходняе партнёрства неадназначна ўспрымаецца таксама ў саміх краінах супольнасці. Нягледзячы на агульнае мінулае, у 2009 годзе – і па сённяшні час - шэсць былых краінаў Савецкага Звязу былі слаба звязанай паміж сабой групай дзяржаваў з нізкай матывацыяй па стварэнню агульнай эканамічнай і палітычнай прасторы для супрацоўніцтва. У той жа час у самім партнёрстве краіны-чальцы маюць розны ўзровень амбіцыяў датычна Звязу і сваіх асабістых інтарэсаў.

Украіна і Грузія былі захопленыя прапановай УП, але чакалі блізкіх рэзультатаў ад сяброўства з ЕЗ у выніковым дакуменце па стварэнні Партнёрства. У Арменіі былі цесныя сувязі з Расеяй, таму для гэтай краіны праект можна было лічыць занадта амбіцыйным. У той жа час, старшыня парламента Малдовы заявіў, што яго краіна, у параўнанні з Арменіяй альбо Азербайджанам, "больш прасунутая" у еўрапейскай інтэграцыі і таму ім "не варта чакаць іншых [удзельнікаў]”. Азербайджан, па словах прадстаўніка прэзідэнта Аліева Фуада Ахундова, лічыць партнёрства “імпульсам па шляху Азербайджана да поўнага супрацоўніцтва з ЕЗ і па напаўненню палітыкі Азербайджана і ЕЗ новым зместам”. Удзел Беларусі ў Партнёрстве быў супярэчлівым з самага пачатку, паколькі краіна ўпершыню непасрэдна ўступіла ў еўрапейскі праект. Такім чынам, еўрапейскія дыпламаты, якія былі гатовыя даць Менску ўсё шанцы на супрацоўніцтва, імкнуліся пазбягаць крытыкі праекту рэжымам А. Лукашэнкі, у спадзяванні, што апошні, у канчатковым выніку, прыйдзе да ідэі супрацоўніцтва.

Усходняе партнёрства ўключае два вымярэнні - двухбаковае і шматбаковае. Узровень супрацоўніцтва па двухбаковым вымярэнні за апошнія два гады вырас дзякуючы стварэнню новых інструментаў ЕПД у рамках шматбаковага вымярэння, з мэтай " паскарэння палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі паміж ЕЗ і краінамі-партнёрамі".

Два асноўныя інструменты УП на двухбаковым узроўні супрацоўніцтва - Парадак дня аб асацыяцыі і Пагадненне аб асацыяцыі. Парадак дня аб асацыяцыі павінен замяніць План дзеянняў, падпісаны ўсімі краінамі УП, акрамя Беларусі, і "падрыхтаваць і палегчыць уступленне ў сілу Пагаднення аб асацыяцыі”. Гэты дакумент заснаваны на сумеснай уласнасці, адказнасці і кантролі за рэзультатамі і ўключае ў сябе прынцыпы палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі, але ён не носіць юрыдычна абавязковы характар.

Пагадненне аб асацыяцыі - дакумент, які будзе вызначаць палітычную і эканамічную інтэграцыю ўсходніх краінаў на бліжэйшыя гады. Па ім у цяперашні час вядуцца перамовы з усімі краінамі УП, за традыцыйным выключэннем Беларусі. Адным з яго важнейшых элементаў, як чакаецца, стане Савет асацыяцыі на ўзроўні міністраў, камітэта на ўзроўні вышэйшых дыпламатаў, у тым ліку падкамітэтаў, у складзе экспертаў з Еўразвязу і краінаў-партнёраў. Яго рашэнні будуць насіць юрыдычна абавязковы характар ​​для абодвух бакоў, і такім чынам, тут можна будзе ўбачыць прынцыпы сумеснай уласнасці на практыцы.

Пагадненне аб асацыяцыі будзе суправаджацца Глыбокім і ўсёабдымным пагадненнем аб свабодным гандлі для ўсіх краінаў-чальцаў, за выключэннем Азербайджана і Беларусі. Пагадненне… з'яўляецца ключавым элементам Пагаднення аб асацыяцыі, у якім станоўчы эфект ад гандлёвай і інвестыцыйнай лібералізацыі будзе падмацаваны збліжэннямі нарматыўных правілаў у краінах супольнасці, што прывядзе да збліжэння з заканадаўствам і стандартамі ЕЗ, прычым папярэдняй умовай пачатку перамоваў па Пагадненні ёсць абавязковае чальства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Грузія і Арменія хутка павінны пачаць перамовы па выкананні папярэдніх умоваў да ўступлення ў Пагадненне. Україна прасунулася далёка ў перамовах, тым не менш 97% датычных пытанняў спыненыя. У траўні, пасля супярэчлівых дыскусіяў аб уступленні ў Мытны звяз, Украіна пацвердзіла свой намер падпісаць Пагадненне да канца 2011 году. Малдова павінная пачаць перамовы ў 2011 ці на пачатку 2012 году. У рэшце рэшт, калі ўсе краіны Усходняга партнёрства падпішуць Глыбокае і ўсёабдымнае пагадненне аб свабодным гандлі, чакаецца, што гэтыя пагадненні ў доўгатэрміновай перспектыве могуць перарасці ў Эканамічную супольнасць краінаў добрасуседства.

Усеабдымная праграма інстытуцыйнага развіцця (CIB) - састаўная частка ініцыятывы Усходняга партнёрства ЕЗ, накіраваная на садзейнічанне падпісанню Глыбокага і ўсёабдымнага пагаднення аб свабодным гандлі і Пагадненняў аб асацыяцыі праз умацаванне асноўных урадавых органаў. З бюджэтам у 175 мільёнаў еўра на 2 гады (да 2013 года), CIB – адзін  з ключавых прыярытэтаў Усходняга партнёрства.

Першым крокам па запуску праграмы CIB стала завяршэнне падпісання Рамачнай дакументацыі і Мемарандума аб узаемапаразуменні паміж Еўракамісіяй і пяццю чальцамі УП (за выключэннем Беларусі). Другім крокам было вызначэнне прыярытэтаў праграмы для кожнай краіны-партнёра, а трэцім - развіццё Планаў інстытуцыйнага рэфармавання, да якіх краіны ўжо пачалі рыхтавацца. У большасці партнёрскіх краінаў у 2010 годзе ўжо прайшлі праграмныя трэнінгі ці семінары.

Бязвізавы рэжым з'яўляецца адным з самых важных прыярытэтаў для краінаў УП і адзін з самых моцных стымулаў для выканання патрабаванняў Еўразвязу. Новым дасягненнем у гэтай галіне стала ўвядзенне Плана дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму, які быў прадастаўлены на штогадовым саміце ў лістападзе 2010 году ва Украіне, а амаль праз два месяцы - у Малдове. Гэты дакумент з'яўляецца першым крокам па рэалізацыі бязвізавага рэжыму ў доўгатэрміновай перспектыве, паколькі ён утрымлівае спіс папярэдніх умоваў, якія павінны быць выкананыя ў гэтым накірунку. Але планкі, зададзеныя ЕЗ, занадта высокія для яшчэ слабых дэмакратыяў, што робіць выканенне гэтых умоваў практычна немагчымым у бліжэйшыя гады.

У той жа час, Украіна (з 2007 году), Малдова (з 2010) і Грузія (з 2011) карыстаюцца Пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, які суправаджае Пагадненне аб рэадмісіі. Перамовы па падпісанні гэтых дакументаў будуць запушчаныя Арменіяй і Азербайджанам у гэтым годзе. У 2011 годзе планавалася распачаць перамовы па іх падпісанню ў Беларусі, але з-за апошніх падзеяў, верагодна, іх падпісанне будзе адкладзенае.

Існуе таксама праект Мабільнага партнёрства, падпісаны з Грузіяй, Малдовай і Арменіяй, які "разумеецца як доўгатэрміновае партнёрства на аснове палітычнага дыялогу і супрацоўніцтва”. Праект прапанавае дапамогу ў галіне барацьбы з незаконнай міграцыяй, заахвочвае легальную міграцыю і робіць пазітыўны ўнёсак у развіццё дадзенага пытання.

Супрацоўніцтва, накіраванае на ўмацаванне энергетычнай бяспекі, - яшчэ адзін прыярытэт у двухбаковым супрацоўніцтве. У адпаведнасці з Сумеснай дэкларацыяй, Усходняе партнёрства "накіраванае на ўмацаванне энергетычнай бяспекі праз супрацоўніцтва для арганізацыі доўгатэрміновых стабільных і бяспечных паставак энергетычных і транзітных рэсурсаў, у тым ліку, праз увядзенне больш эфектыўнага рэгулявання энергіі, энергаэфектыўнасці і больш шырокага выкарыстання аднаўляльных крыніцаў энергіі”. Так, Украіна і Малдова ўжо ўступілі ў Энергетычную супольнасць, Грузія плануе стаць яе паўнавартасным чальцам, Украіна хоча атрымаць фінансаванне ў рамках Інвестыцыйнага фонду добрасуседства для мадэрнізацыі сваёй транзітнай газатранспартнай сістэмы.

Шматбаковае вымярэнне з'яўляецца новым для краінаў Усходняга партнёрства. Рэгіён ужо меў досвед некалькіх ініцыятываў рэгіянальнага супрацоўніцтва, у якіх быў абмежаваны поспех: Арганізацыя за дэмакратыю і эканамічнае развіццё “ГУАМ” (з Грузіяй, Українай, Азербайджанам і Малдовай у складзе), “Чарнаморскі эканамічны форум” (Арменія, Азербайджан, Балгарыя, Грузія, Грэцыя, Рэспубліка Малдова, Румынія, Расія, Турцыя і Україна), “Супольнасць дэмакратычнага выбару” (9 краінаў Паўночнай і Усходняй Еўропы з цэнтрам у Кіеве) ды іншыя. Прычынаў для ўвядзення палітыкі шматбаковых адносінаў некалькі: па-першае, гэтая ініцыятыва была створаная, каб стаць платформай для рэгіянальнага супрацоўніцтва і абмену досведам паміж краінамі Усходняга партнёрств; па-другое, як чакаецца, яна стане інструментам для «паступовай еўрапеізацыі ўсходніх суседзяў з “цэнтрам у Брусэлі”; а па-трэцяе, падпісанне вышэй згаданага “Глыбокага і ўсеабдымнага пагаднення…” можа спрыяць стварэнню зоны свабоднага гандлю ва Усходнім партнёрстве.

Чатыры тэматычныя платформы і вядучыя ініцыятывы УП

Шматбаковы ўзровень супрацоўніцтва быў уведзены праз чатыры тэматычныя платформы і  асноўныя напрамкі супрацоўніцтва: 1) дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць, 2) эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з сектаральнай палітыкай ЕЗ, 3) энергетычная бяспека і 4) кантакты паміж людзьмі. Чакалася, што два разы на год платформы будуць месцам для адкрытых і свабодных дыскусіяў паміж дзяржаўнымі прадстаўнікамі высокага ўзроўню.

На сённяшні дзень з дакладаў міністраў замежных справаў мы бачым, што толькі некалькі праведзеных сустрэчаў, семінараў і трэнінгаў былі непасрэдна звязаныя з тэматычнымі платформамі. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі платформаў прадставілі шэраг праектных прапановаў і абмеркавалі прыярытэтныя напрамкі для кожнай краіны і рэгіёну ў цэлым, існуе недахоп справаздачнай інфармацыі, якая магла б даваць разуменне эфектыўнасці гэтых абмеркаванняў і доказ таго, што гэтыя праектныя прапановы ўвогуле былі прынятыя да ўвагі.

Тэматычныя платформы ахопліваюць шэсць ключавых ініцыятываў: Інтэграваная праграма кіравання межамі; Ініцыятыва малых і сярэдніх прадпрыемстваў; Рэгіянальныя рынкі забеспячэння энергіі і энергаэфектыўнасці; Дыверсіфікацыя энергазабеспячэння; Папярэджанне, гатоўнасць да адказу і рэагаванне на прыродныя і тэхнагенныя катастрофы; Ключавыя ініцыятывы па прасоўванні разумнага кіравання навакольным асяроддзем. Цягам 2009-2010 гадоў іх дзейнасць была заблакаваная з-за адсутнасці фінансавання; магчыма, з-за таго, што інструмент, адказны за іх рэалізацыю – Еўрапейская служба знешніх дзеянняў – створаны нядаўна і некаторыя тэхнічныя механізмы ў ім не да канца расправаваныя.

Стварэнне новых інстытутаў у рамках Усходняга партнёрства.

Адным з першых дасягненняў і інструментаў стала стварэнне Форуму грамадзянскай супольнасці, у якім розныя НДА з усіх краінаў УП прымаюць актыўны ўдзел, уключаючы дзяржаўныя арганізацыі Беларусі - прафсаюзы. Форум праходзіў два разы: спачатку ў Брусэлі ў 2009 годзе і ў Берліне ў 2010 годзе і стаў добрым каналам сувязі паміж грамадзянскай супольнасцю ў краінах-партнёрах і Еўрапейскай камісіяй. Гэтая сувязь падтрымліваецца Кіруючым камітэтам, пераабраным на Форуме.

Чакаецца, што ў канчатковым рахунку ўрады партнёрскіх краінаў таксама далучацца да гэтага дыялогу, а пакуль што Еўракамісія збірае інфармацыю ад грамадзянскіх супольнасцяў і перадае яе ўрадам краінаў у выглядзе заўвагаў ці прапановаў. Найбольш інавацыйныя ідэі, прапанаваныя ў ходзе двух Форумаў, былі прадстаўленыя на штогадовай сустрэчы міністраў замежных справаў на нарадзе Усходняга партнёрства. Вельмі важна, што Форум грамадзянскай супольнасці за гэтыя два гады стаў паўнавартасным партнёрам у межах інстытуцыйнай базы Усходняга партнёрства.

Актыўныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці ва УП стварылі Нацыянальныя платформы з мэтай паляпшэння дыялогу з нацыянальнымі ўрадамі, але з большасцю урадаў іх сувязі па-ранейшаму абмежаваныя. Зараз Нацыянальныя платформы спрабуюць усталяваць міждзяржаўныя Еўрапейскія платформы. У сувязі з нядаўнім гвалтам у дачыненні да ўдзельнікаў мірных маніфестацыяў у Беларусі (Менску) у снежні 2010 году, у Азербайджане ў красавіку 2011 году і ў Грузіі ў траўні 2011 году, існуе неабходнасць паралельнай сувязі паміж рознымі структурамі ЕЗ і грамадзянскай супольнасьцю ў партнёрскіх краінах.

Другая інстытуцыя, Еўрапейская парламенцкая асамблея - Еўранэст, была запушчаная 3 траўня 2011 году з мэтай заахвочвання Беларусі да працэсу еўрапейскай інтэграцыі, што, аднак, не ўвянчалася поспехам. Адно з чаканняў прадстаўнікоў ЕЗ зараз звязанае з тым, што чальцы Еўрапарламента могуць стаць рухаючай сілай у развіцці больш цеснай інтэграцыі.

Наступны інструмент, над якім працуе Камітэт ЕЗ, - Пастаянная канферэнцыя рэгіянальных і мясцовых уладаў для Усходняга партнёрства (CoRLeap). Рэгіянальным і мясцовым органам улады ў краінах Усходняга партнёрства плануецца прадаставіць досвед дэцэнтралізацыі Еўрапейскага Звязу і падтрымаць іх намаганні па стварэнні дэмакратычных інстытутаў і адміністрацыйнага патэнцыялу ў сваіх краінах.

Сумесная дэкларацыя Усходняга партнёрства заклікае міжнародныя фінансавыя інстытуты да актывізацыі намаганняў для аказання дапамогі ўсім краінам-партнёрам у працэсе рэформаў і мадэрнізацыі і рэалізацыі адпаведных інвестыцыйных праектаў. У снежні 2010 году Еўрапейскі інвестыцыйны банк запусціў Мэтавы фонд тэхнічнай дапамогі Усходняму партнёрству, які будзе аказваць тэхнічную дапамогу праз універсальны, шматсектаральны механізм фінансавання, распрацоўку папярэдніх тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў, інстытуцыйных і прававых ацэнак, экалагічных і сацыяльных наступстваў, кіраванне праектамі і падтрымку на працягу ўсяго працэсу рэалізацыі праекта, а таксама праз фінансаванне даследаванняў і гарызантальнай інстытуцыйнай дзейнасці. Еўрапейскі інвестыцыйны банк стварыў Інструмент фінансавання вызначаных праектаў усходнімі партнёрамі на агульную суму ў 1,5 млрд. еўра. Сума ў 4 мільёны еўра была выдзеленая на працу ў чатырох галінах: выбарчыя стандарты, падтрымка судовай сістэмы, барацьба з карупцыяй і злачыннасць у інтэрнэце ў шасці краінах УП. Прыклад аднаго з праектаў - "Узмацненне судовай рэформы ў краінах Усходняга партнёрства”, накіраваны на забеспячэнне Форуму грамадзянскай супольнасці магчымасцямі абмеркавання дзеючых еўрапейскіх стандартаў судовай улады, абапіраючыся на веды і досвед, і вывядзенне для сябе ключавых высноваў.

Тыдзень таму, ЕЗ выдзеліў дадатковыя 5 млн. еўра для падтрымкі невялікіх праграмаў Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця па Фінансавай рэструктурызацыі і Дзелавых кансультацыйных паслугах. Гэтыя грошы будуць накіраваныя на забеспячэнне мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў прамой дапамогай ад дасведчаных дарадцаў і бізнес-кансультантаў, для садзейнічання іх адаптацыі да патрабаванняў рынкавай эканомікі, ЕБРР таксама плануе прыцягнуць да ўдзелу іншыя дзяржаўныя органы. Акрамя таго, ЕБРР ўдзельнічае ў фінансаванні значных нацыянальных праектаў (напрыклад, Украіне быў выдзелены крэдыт у 450 млн. еўра для паляпшэння часткі еўрапейскай і нацыянальнай шашы даўжынёй 350 км).

Два гады Усходняга партнёрства - і тыя ж праблемы

За два гады шэраг праблемаў ва Усходнім партнёрстве не быў вырашаны. Акрамя слабой матывацыі Украіны, Малдовы і Грузіі па ўвядзенню бязвізавага рэжыму і сяброўству з ЕЗ, другой праблемай ва Усходнім партнёрстве з'яўляюцца «замарожаныя канфлікты», якія краіны УП не могуць вырашыць сваімі сіламі, а Еўразвяз не можа аказаць эфектыўную дапамогу з-за вета або лобі чальцаў ЕЗ, якія маюць моцныя сувязі з Расеяй. Непасрэднага дачынення да «замарожаных канфліктаў» УП не мае, але Украіна выступае своеасаблівым пасярэднікам паміж малдоўскім Прыднястроўем і Расеяй. Як ні дзіўна, у Еўразвязу няма ні дастатковай палітычнай волі для ўдзелу ва ўрэгуляванні канфліктаў, ні матывацыі для распрацоўкі новых інструментаў для іх эфектыўнага вырашэння.
Трэцім вечным пытаннем у рэгіёне з'яўляецца ўдзел у партнёрстве Беларусі і яе будучая дэмакратызацыя. Калі быў запушчаны праект УП, Беларусь была зацікаўленая ў эканамічным супрацоўніцтве, што давала ёй стымул для ўдзелу ў палітыцы шматбаковага вымярэння. У мінулым годзе, Беларусь, Літва і Украіна прапанавалі каля 20 праектаў, у асноўным, па аднаўленню інфраструктуры, але з-за сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, Еўрапейскі Савет не падоўжыў тэрмін дзеяння мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка для Беларусі. Адзіная інстытуцыя Усходняга партнёрства, у якой зараз удзельнічае Беларусь, - Форум грамадзянскай супольнасці. Такім чынам, супрацоўніцтва паміж Еўразвязам і Беларуссю зноў застаецца замарожаным, а ў адносінах да Беларусі з дапамогай ці без дапамогі Усходняга партнёрства Еўразвяз бездапаможны.

Польскае старшынства ў ЕЗ і новыя надзеі на Усходняе партнёрства

Другая палова 2011 году будзе адзначаная дзвюма падзеямі, аднолькава важнымі для УП: Саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Польшчы ў верасні 2011 году, і польскае старшынства ў Еўразвязе. Другі саміт УП аб'яднае кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў 27 краін-чальцаў ЕЗ і 6 краінаў Усходняга партнёрства; Саміт, як чакаецца, даць новае дыханне Партнёрству, бо ў іншым выпадку, палітыку УП чакае правал.

У цяперашні час міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі працуе над канкрэтнымі ідэямі і праектамі, якія будуць запушчаныя ў ходзе Саміту. Па-першае, ён пацвердзіў, што Польшча спадзяецца вызначыць еўрапейскую перспектыву для краінаў УП, а гэта можа стаць добрым стымулам для краінаў УП. Па-другое, ад Дэкларацыі саміту чакаецца, што яна будзе ўтрымліваць дадатак са спісам ключавых ініцыятываў і праектаў, якія павінныя быць падрабязна вызначаныя Камісіяй і ажыццяўляцца ў рамках дзеючай і будучай Фінансавай перспектывы. Той факт, што гэты дадатак будзе прыняты на сустрэчы ​​вышэйшага ўзроўню, можа стаць моцным рычагом для яго рэалізацыі. Па-трэцяе, Польшча плануе запусціць першы Бізнес-форум, які, як чакаецца, стане пляцоўкай для кантактаў паміж бізнес-групамі ў краінах Усходняга партнёрства, ЕЗ і міжнародных фінансавых інстытутаў. Нарэшце, падчас Саміту Польшча мае намер пацвердзіць неабходнасць працягу працэсаў рэформавання і падтрымкі прынцыпу Еўразвязу ”больш за больш", з асаблівым акцэнтам на "разумныя" умовы. Саміт станецца важнай падзеяй, якая альбо дасць добрую матывацыю краінам-партнёрам да далейшай глыбокай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі альбо вымусіць іх перагледзець хуткасць сваіх інтэграцыйных працэсаў.

У той жа час, польскае старшынства будзе вельмі важнае для еўрапейскага і, у прыватнасці, усходняга добрасуседства. Падчас свайго шасцімесячнага прэзідэнцтва ў ЕЗ, Польшча таксама плануе запусціць Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі і Інструмент грамадзянскай супольнасці і будучых палітычных партыяў (абедзве ідэі ўжо былі прадстаўленыя на разгляд Высокаму прадстаўніку Еўракамісіі). Польшча таксама плануе запусціць Фонд рэгіянальнага развіцця, - рэгіянальную мадэль фондаў супольнасцяў ЕЗ, і краіна паабяцала запусціць План дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму для Украіны і Малдовы. 

 

Паводле EaP Community

Видео