BE RU EN
rss facebook twitter

Э. Салер-і-Леча, Э. Віілюп: "Агляд Еўрапейскай палітыкі добрасуседства: забыты Усход"

30.06.2011
Э. Салер-і-Леча, Э. Віілюп: "Агляд Еўрапейскай палітыкі добрасуседства: забыты Усход"

Агляд Еўрапейскай палітыкі добрасуседства: забыты Усход

 

Эдуард Салер-і-Леча, Эліна Віілюп,
Цэнтр па міжнародных справах у Барселоне

 

Еўрапейская палітыка добрасуседства (ЕПД) з 2004 году вызначае накірунак працы па Паўднёвым Міжземнамор'і і ўсходнімі суседзямі Еўразвязу. І зараз прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека ў рэгіёне УП, бясспрэчна, больш важнае, чым калі-небудзь. Хоць правал палітыкі ЕПД спрэчны, ясна адно: ініцыятыва не прывяла ні да дэмакратызацыі, ні да лепшага кіравання, ні да большай стабільнасці і росквіту ў гэтых посткамуністычных краінах. 

Сумеснае Камюніке Еўракамісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) на "Новы адказ на змяненні ў Палітыцы добрасуседства", апублікаваным 25 траўня 2011 году, з'яўляецца галоўнай прычынай для сучасных дыскусіяў у Еўрапейскім Савеце і Еўрапейскім парламенце: асноўная ўвага зараз надаецца Паўднёваму Міжземнамор'ю.                                                                                                         

Але, калі пачынаецца гаворка аб пераглядзе прыярытэтаў ва Усходняй Еўрапейскай палітыцы добрасуседства, Еўракамісія і Кэтрын Эштан, кіраўнік ЕСЗД, не прапаноўваюць нічога новага.

Змяніць палітыку ў дачыненні да ўсходніх суседзяў Еўразвязу сапраўды неабходна для таго, каб выратаваць яго аўтарытэт, скампраметаваны асаблівымі адносінамі Еўропы з аўтарытарнымі ўрадамі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе за апошнія дзесяцігоддзі, нараўне з нерашучасцю адказу ЕЗ на першыя пратэсты ў гэтых краінах.

Мэты Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, у прыватнасці, Барселонскага працэсу, які запусціў Еўрапейска-Міжземнаморскае партнёрства і заклаў асновы да прасоўвання дэмакратыі, стабільнасці і росквіту ў гэтых краінах: у адпаведнасці з падыходам "больш за больш", Звяз імкнецца прапанаваць сваім суседзям больш гандлёвых магчымасцяў і мабільнасці для ажыццяўлення вялікіх палітычных і эканамічных рэформаў. Ш.Фюле, камісар па пытаннях пашырэння, паабяцаў Еўрапарламенту, што ЕЗ будзе несці адказнасць, напрыклад, за невыкананне абяцанняў па прывілеяваным доступе краінаў на рынку альбо па стварэнні больш спрыяльных умоваў для мабільнасці краіны. Аднак, тут узнікае пытанне: як гэтая справаздачнасць будзе прыведзеная ў выкананне, хто будзе кантраляваць Еўразвяз? Гэта будзе самакантроль альбо нейкі знешні механізм? Улічваючы моцны дысбаланс адносінаў паміж урадамі краінаў Супольнасці і краінамі-партнёрамі, прыцягненне ЕЗ да адказнасці здаецца малаверагодным.

Сапраўды, больш грошаў будзе пераразмяркаванае для мэтаў Еўрапейскай палітыкі добрасуседства: ? 5,7 млрд. ужо выдзелена на перыяд 2011-2013 гадоў, яшчэ ? 1,24 млрд. мяркуецца выдзеліць у далейшым. Што тычыцца таго, якім чынам гэтыя сродкі будуць падзеленыя, то, падаецца, устаноўлены дагэтуль падзел фінансавання  “2/3” для Поўдню і “1/3” для Усходу будзе захаваны.

На працягу многіх гадоў ЕПД падвяргалася крытыцы з боку навукоўцаў і практыкаў, што занадта шмат увагі ў гэтай палітыцы накіраванае на супрацоўніцтва з урадамі краін-партнёраў, і занадта мала - на патрэбы грамадзянскай супольнасці. Так, быў створаны Інструмент грамадзянскай супольнасці, аналагічны таму, які быў на Заходніх Балканах з 2008 года; таксама Еўракамісія высунула польскую ініцыятыву “Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі” (EED) з мэтай дапамогі “палітычным партыям, незарэгістраваным НДА, прафсаюзам і іншым сацыяльным партнёрам». Пакуль незразумела з тэксту, як адказнасць будзе падзеленая паміж гэтым і ўжо існуючымі еўрапейскімі інструментамі прасоўвання дэмакратыі, такімі, як Інструмент садзейнічання дэмакратыі і правам чалавека ЕЗ (фінансавы інструмент, які выкарыстоўваецца для падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека ў рэгіёне УП з 2007 году).

Па прызнанні Камісара па пытаннях пашырэння Штэфана Фюле на нядаўніх дэбатах у Еўрапарламенце, “нядаўнія падзеі на Поўдні паказалі, што не можа быць ніякай рэальнай стабільнасці без рэальнай дэмакратыі".

Такія краіны, як Украіна і Азербайджан, паступова ўсё больш цесна інтэгруюцца з еўрапейскай эканомікай, але і ўсё больш неахвотна прапускаюць вонкавыя ўмяшальніцтва ў тое, што яны лічаць “унутранымі справамі” сваіх краінаў.

Чатыры неўрэгуляваных канфлікты ў Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўі і рэгіёне Нагорнага Карабаху ўяўляюць сур'ёзныя выклікі бяспецы, а таксама важныя перашкоды на шляху да эканамічнага і палітычнага прагрэсу і рэгіянальнай інтэграцыі Еўразвязу.

У той жа час, нягледзячы на ​​памяншэнне ў гэтых краінах прывабнасці ЕЗ, у параўнанні з 1990-мі і пачатам 2000-х гадоў, многія з усходніх суседзяў усё яшчэ спадзяюцца на ўступленне ў ЕЗ цягам часу (Малдова, Украіна, Грузія).

Той факт, што Еўракамісія і ЕСЗД не гатовыя выставіць гэты магутны стымул нават у якасці доўгатэрміновай мэты, з'яўляецца пацверджаннем стомленасці Звязу ад пашырэння колькасці дзяржаў-чальцаў. Стан, у якім зараз знаходзіцца падпісанне Пагадненняў аб асацыяцыі з краінамі Усходняга партнёрства, наўрад ці сведчаць пра магчымасць такіх жа хуткіх зменаў і імкненне да рэформаў у гэтых краінах, і аднолькава малая верагоднасць спрашчэння візавага рэжыму, нядаўна прапанаванага ЕЗ. Відавочна, што ў дакументах па падвядзенню вынікаў, падрыхтаваных для разгляду ў рамках ЕПД, Усходняе партнёрства не ў цэнтры ўвагі. Таму і не дзіўна, што новыя дакументы, у асноўным, паўтараюць усё тое, што ўжо было прапанаванае ў рамках ініцыятывы ў 2009 годзе.

Ясна, што апісаныя вышэй праблемы бяспекі не могуць быць вырашанымі ў рамках асноўных інструментаў Еўразвязу. Неабходны больш канкрэтны палітычны адказ ад дзяржаваў-чальцаў, а ад Еўразвязу - перспектыўная палітычная стратэгія. На працягу многіх гадоў Еўразвяз можа назіраць відавочны факт: яго ўсходнія суседзі не хочуць праводзіць дарагія і непапулярныя рэформы без моцных штуршкоў, такіх, як стымул па ўступленні ў Звяз, якім кіраваліся трансфармацыйныя працэсы ў посткамуністычных краінах, што сталіся чальцамі Еўразвязу ў 2004 і 2006 гадах.

ЕЗ павінен прызнаць, што ЕПД – гэта толькі дапамога на шляху на рэформаў, і яго палітычная логіка павінная быць выражаная ў больш шырокай знешнепалітычнай стратэгіі: развіцці гандлёвых інструментаў, садзейнічанні развіццю краіны, Агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі ЕЗ.

Такая знешнепалітычная стратэгія павінная вызначаць доўгатэрміновыя перспектывы для камунікацыі з суседзямі ЕЗ, уключаючы вызначэнне інтарэсаў Звязу і яго партнёраў. Перспектывы павінныя спрыяць не толькі ўдакладненню стратэгічных адносінаў, але і фарміраванню каротка- і сярэднетэрміновых стратэгіяў рэагавання на шырокае кола існуючых і магчымых сцэнараў развіцця падзеяў у рэгіёне (палітычныя трансфармацыі, рэформы, крызісы і эканамічныя застоі, рэпрэсіі і масавыя парушэнні правоў чалавека, адкрытыя альбо схаваныя канфлікты). Зразумела, што такая палітыка патрабуе ад Еўропы рашучасці і палітычнай волі, а таксама больш інстытуцыйных зменаў, для якіх у цяперашні час Еўразвяз выказвае мала жадання.

Такім чынам, палітыка па Усходнім партнёрстве павінная стаць аб'ектам канкрэтнага глыбокага аналізу, а менавіта: чаму працэсы рэфармавання ў рэгіёне не сталіся магчымымі. І ці здолее Еўразвяз адыграць важную ролю ў прадухіленні найцяжэйшых палітычных крызісаў, такіх, якія арабскія краіны пражываюць цягам апошніх дзесяцігоддзяў.
 

 

Паводле EaP Community

Видео