BE RU EN
rss facebook twitter

Пытанне: “Ці павінен МВФ падтрымліваць беларускі рэжым?”

26.06.2011
Пытанне: “Ці павінен МВФ падтрымліваць беларускі рэжым?”

Беларусь хоча атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду на суму ад $ 3,5 да $ 8 млрд. Гэты крэдыт дазволіць краіне пераадолець фінансавы крызіс, які прывёў да рэзкай дэвальвацыі і выклікаў паніку і пакупніцкі “хапун” сярод насельніцтва.

Выдача крэдыту Беларусі ёсць вельмі спрэчным пытаннем, улічваючы той факт, як жорстка беларускі прэзідэнт падаўляе апазіцыйных лідэраў, пачынаючы са снежаньскіх выбараў 2010 году, і факт шматлікіх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Тым не менш, некаторыя сцвярджаюць, што без дапамогі Захаду Беларусь станецца часткай Расеі.

“Ці павінен МВФ падтрымліваць Беларусь?”

На гэтае пытанне адказваюць: Вітаўтас Ландсбергіс, чалец Еўрапейскага парламента і першы дэмакратычны прэзідэнт Літвы, і Аляксандар Казулін, былы беларускі кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі падчас выбараў 2006 году. 

Вітаўтас Ландсбергіс: “Беларусі неабходна выставіць жорсткія ўмовы”.

Беларускі эканамічны крызіс з'яўляецца добрай магчымасцю для заходняга свету. З дапамогай Міжнароднага валютнага фонду, мы можам вымусіць А.Лукашэнку да правядзення рэальных рэформаў. Я не кажу пра безумоўную падтрымку дыктатуры: наадварот, неабходна выставіць рэжыму жорсткія ўмовы. Беларусь зараз знаходзіцца ў такой сітуацыі, што будзе вымушаная пагадзіцца.

З аднаго боку, мы не павінны паддавацца чуткам, згодна з якімі Беларусь, без падтрымкі з боку МВФ, будзе ўключаная ў склад Расеі. Калі мы паддадзімся гэтай паніцы, то зноў дазволім Лукашэнку падмануць нас.

З іншага боку, нельга проста паціснуць плячыма і сказаць: " Лукашэнка ўсё роўна падмане нас, што б мы ні зрабілі”. Іншымі словамі, трэба старанна ўзважыць сітуацыю, якая склалася. А яна ў тым, што Лукашэнка просіць Захад аб дапамозе. І гэтая сітуацыя вельмі адрозніваецца ад той, калі некалькі гадоў таму Еўракамісія прапаноўвала Менску эканамічную дапамогу ў абмен на палітычныя рэформы. Тады Лукашэнка вельмі абразліва адмовіўся ад гэтай прапановы, бо эканамічнае становішча яго краіны ў той час было не такім трагічным, як зараз. Цяпер жа беларускі прэзідэнт проста змагаецца за выжыванне. Я шчаслівы, што магчымыя перамовы з Менскам будуць праходзіць пад кіраўніцтвам МВФ, а не Еўразвязу, паколькі МВФ нашмат менш палітычна залежны, і таму можа рабіць больш абгрунтаваныя рашэнні. На сённяшні дзень практыка МВФ паказвае, што ён заўсёды выдае субсідыі і гранты ў залежнасці ад рэальнага прагрэсу ў ажыццяўленні эканамічных рэформаў у краіне. Але, прымаючы ва ўвагу той факт, што ў краіне, дзе пануе дыктатура, цяжка казаць аб свабодным рынку, то і першай умовай, самай неабходнай і негандлёвай, якую МВФ можа выставіць Менску, павіннае быць - і я спадзяюся, будзе - вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

Акрамя таго, аплаты далейшых траншаў крэдыту павінныя быць цесна звязанымі з увядзеннем старанна абгрунтаваных і вызначаных рэформаў у Беларусі. Толькі так мы зможам не даць сябе падмануць. Такім чынам, я паўтараю: зараз, калі Лукашэнка стаіць з працягнутай рукой, нельга яго адпудзіць. Але мы павінныя вымусіць яго да рэформаў.


Аляксандар Казулін: “Гэтае рашэнне стане тэстам прыхільнасці ЕЗ да агульначалавечых каштоўнасцяў”.

Я выдатна разумею, што маё меркаванне па гэтым пытанні не будзе аб’ектыўным. Што сапраўды мае значэнне, дык гэта меркаванні палітыкаў, якія будуць сумесна вырашаць, даваць Беларусі крэдыт МВФ у 8 млрд. еўра ці не. І праблема менавіта ў тым, што гэтыя палітыкі альбо самі яшчэ не вызначыліся, альбо іх пункты гледжання цалкам разыходзяцца.

Латышы заяўляюць аб сваёй падтрымцы Беларусі. Чаму? Яны гэтага нават не ўтойваюць: іх адмова па пытанні крэдыта будзе азначаць праблемы для латвійскіх фірмаў у Беларусі. З супрацьлеглага боку - Аўстрыя, якая супраць падтрымкі Беларусі.

Многія чальцы ЕЗ проста не маюць меркавання на гэты конт. Гэта іх не датычыцца. Яны аддаюць перавагу пытанням з сітуацыяй у Паўночнай Афрыцы. Таму што, на дадзены момант, гэтае пытанне - сярод важнейшых прыярытэтаў Еўразвязу. Я не хачу сказаць, што рэвалюцыі ў арабскім свеце не маюць значэння. Аднак абыякавасць у адносінах да Беларусі не лепшы доказ гэтага.

Залежнасць ад рашэння МВФ - і ад рашэння ЕЗ, на справе – паказвае нам, якую мараль прадстаўляе Еўразвяз. Асабіста для мяне адказ на гэтае пытанне відавочны. Пытанне аб тым, ці варта даваць грошы Лукашэнка, на самой справе, ёсць пытанне: ці важныя для нас асноўныя правы чалавека? Ці павінны мы паважаць і выконваць іх?

Магчыма, мы разглядаем іх толькі як інструмент ці рытарычны прыём, які можа быць карысным для нас у пэўных абставінах? Магчыма, самае важнае для нас – гэта бізнэс? І таптаць дзеля яго чалавечую годнасць і жыццё людзей - на жаль, непазбежная ўмова нашай працы. Рашэнне МВФ дасць адказ на гэтыя пытанні.


З якім меркаваннем Вы згодныя?

Аддаць свой голас за тое ці іншае меркаванне можна на сайце: http://www.easternpartnership.org/community/think-twice/should-imf-bail-out-belarussian-regime 
Видео