BE RU EN
rss facebook twitter

У. Вялічка: "Форум грамадзянскай супольнасці як інавацыя ў межах УП: досьвед першых двух гадоў"

02.06.2011
У. Вялічка: "Форум грамадзянскай супольнасці як інавацыя ў межах УП: досьвед першых двух гадоў"

Форум грамадзянскай супольнасці як інавацыя ў межах Усходняга партнёрства: досьвед першых двух гадоў

Улад Вялічка,
старшыня Міжнароднага кансорцыюма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ",
су-старшыня Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Версія на рускай мове

 

Калі б хто-небудзь сказаў мне яшчэ ў 2007 годзе пра тое, што Еўрапейскі Звяз неўзабаве разродзіцца адмысловай палітычнай ініцыятывай, наўпрост арыентаванай на суседнія з Расеяй маладыя краіны Усходняй Еўропы, я напэўна б не ўспрыняў такую навіну сур'ёзна. Занадта мала было падстаў верыць у тое, што ў Еўрапейскага Звяза наогул ёсць якое-небудзь пэўнае бачанне таго, як развіваць адносіны з гэтымі краінамі. Тым не менш, сёння гэтая ідэя, увасобленая ў выніку шэрагу фактараў і чыннікаў у фармаце Усходняга партнёрства, стала палітычнай рэальнасцю і ў значнай ступені вызначае фармат развіцця не толькі двухбаковых сувязяў, але і рэгіёна цалкам. Адмысловае месца ў рамках Усходняга партнёрства займае "няўрадавае вымярэнне" гэтых міжнародных кантактаў - Форум грамадзянскай супольнасці, які створаны і развіваецца ў межах гэтай ініцыятывы.

Як нараджаўся Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, і ў чым яго ўнікальнасць?

Наўрадці  будзе вялікім перабольшваннем, калі я назаву Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства інавацыяй. Прычым інавацыяй, народжанай у выніку высілкаў розных гульцоў. Традыцыйна прынята лічыць, што міжнародныя адносіны развіваюцца ў фармаце міждзяржаўных (у крайнім выпадку, міжпарламенцкіх) кантактаў, і там няма месца грамадзянскай супольнасці.  У лепшым выпадку прадстаўнікі няўрадавага сектара патрэбныя ў гэтых адносінах для выканання кантрольна-маніторынгавых функцый (watch-dog function). Мусіць, менавіта такім стандартным чынам разважалі і службоўцы Еўракамісіі, афармляючы ў рамках канцэпцыі свае ідэі адносна Форума грамадзянскай супольнасці як штогадовай пляцоўкі для сустрэч і выразу няўрадавымі арганізацыямі, фабрыкамі думкі, прафзвязамі, асацыяцыямі працадаўцаў і наймальнікаў, незалежнымі фондамі і інш. свайго стаўлення да бягучых працэсаў Усходняга партнёрства. Аднак Форум абраў для сябе зусім іншы шлях развіцця.

Ужо на першай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці ў Брусэлі яе ўдзельнікі адназначна выказаліся за іншае разуменне ролі і месцы Форума ў агульнай кампазіцыі адносін у рамках Усходняга партнёрства. Усвядоміўшы сябе, свае магчымасці і выклікі, Форум заявіў аб сабе як аб паўнавартасным партнёры ў істытуцыянальных адносінах, нароўных з Еўрапейскай Камісіяй, нацыянальнымі ўрадамі і міжпарламенцкім вымярэннем EURONEST. Час, які прайшоў з лістапада 2009 года, быў выкарыстаны, наколькі гэта было магчыма, для вызначэння Форумам свайго актуальнага парадку дня, рашэння праблем унутранай самаарганізацыі і вонкавых працоўных стасункаў. Падвядзенне вынікаў ужо другой сустрэчы Форума ў Берліне ў лістападзе 2010 года дало дастаткова падстаў лічыць, што Форум грамадзянскай супольнасці ўсвядоміў сябе як адзін з інстытутаў Усходняга партнёрства, які прапануе інавацыйную ролю арганізацый грамадзянскай супольнасці не проста для кантролю за дзейнасцю ўрадаў і развіццём ініцыятывы, але (часта за адсутнасцю такой магчымасці) дадатковага і не меней важнага суб'екта шматбаковых адносін.

Сёння Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства паўтара гады. Як можна ацаніць яго першыя дасягненні?

Безумоўна, адным з самых галоўных дасягненняў з'яўляецца прызнанне Форума ў якасці важнага і неабходнага гульца на полі Усходняга партнёрства з боку Еўрапейскай камісіі, шэрагу нацыянальных урадаў краін-чальцоў ЕС, а таксама буйных міжнародных арганізацый і сетак. Кіруючы камітэт Форума за прайшоўшы час правёў значную лабісцкую працу па развіцці ўстойлівых істытуцыянальных адносін з такімі партнёрамі як Еўрапейская камісія, Еўрапарламент, Еўрапейскі эканамічны і сацыяльны камітэт, Камітэт рэгіёнаў і Рада Еўропы. Прадстаўнікі Кіруючага камітэта і розных працоўных груп Форума рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях, круглых сталах і іншых мерапрыемствах, якія арганізуюцца міжнароднымі фондамі і аналітычнымі структурамі па тэме Усходняга партнёрства. Часам пры падтрымцы Еўракамісіі атрымліваецца дамагчыся таксама прысутнасці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці на сустрэчах экспертаў і міжурадавых платформаў.

Адмысловай увагі заслугоўвае працэс развіцця Нацыянальных платформаў Форума, якія на сённяшні дзень створаныя ў кожнай з шасці краін-удзельнікаў Усходняга партнёрства. Вядзецца таксама праца па стварэнні міжкраінавай Еўрапейскай платформы. Падзеі брутальнага разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту ў Менску ў снежні 2010 года і наступіўшыя затым рэпрэсіі, гвалтоўныя дзеянні супраць удзельнікаў апазіцыйных акцый у Азербайджане ў красавіку і ў Грузіі ў траўні 2011 года актуалізавалі неабходнасць паралельнай камунікацыі розных структур ЕС з грамадзянскай супольнасцю гэтых краін, арганізаванай у межах Нацыянальных платформаў Форума. Гэта дае магчымасць артыкуляваць шматлікія замоўчваемыя праблемы і існючыя ў грамадстве пазіцыі, якія не атрымліваюць належнай ўвагі з боку нацыянальных урадаў. У нейкім сэнсе дзякуючы такому механізму, грамадскія інтарэсы краін Усходняга партнёрства нашмат лепш прадстаўленыя ў рамках дадзенай ініцыятывы і могуць быць улічаныя пры прыняцці рашэнняў.

Але галоўным дасягненнем Форума, па маім меркаванні, з'яўляецца той факт, што шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасці паверылі ў сваю здольнасць уплываць на міждзяржаўныя працэсы ў межах Усходняга партнёрства, выкарыстаць гэтую ініцыятыву не толькі для агульнаеўрапейскай інтэграцыі, але таксама для паляпшэння сітуацыі ў сваіх краінах. А поспех на гэтым шляху прыходзіць толькі да тых, хто верыць у свае сілы і выкарыстоўвае магчымасці, якія прадстаўляюцца.

Што не дае Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства развівацца больш дынамічна? У чым заключаны слабасці, праблемы і няўдачы Форума?

У сувязі з тым, што Форум грамадзянскай супольнасці - з'ява інавацыйная для такіх буйных еўрапейскіх праграм як Усходняе партнёрства, ён адчувае цалкам натуральныя ў дадзенай сітуацыі праблемы росту. Толькі цяпер, вырашыўшы асноўныя пытанні самаарганізацыі, працоўныя групы Форума пераходзяць да глыбейшай экспертнай працы, забяспечваючы міжурадавае вымярэнне адпаведнымі тэматычнымі прадуктамі (агляды, маніторынгавыя справаздачы, экспертныя заключэнні і г.д.). Аднак гэты працэс тармозіцца тым, што дынаміка міждзяржаўнага супрацоўніцтва ва Усходнім партнёрстве адносна нізкая. У прыватнасці гэта тычыцца флагманскіх ініцыятыў і тэматычных платформаў, дзе грамадзянскай супольнасці пакуль проста няма што маніторыць і кантраляваць, бо шматлікія праекты дагэтуль знаходзяцца ў стадыі "летаргічнага сну".

Асобным выклікам для Форума на сёння з'яўляецца пошук адэкватнага фармату далейшай сумеснай працы грамадзянскай супольнасці краін удзельнікаў Усходняга партнёрства. Мае калегі Андрэй Ягораў і Таццяна Вадалажская з Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі прапаноўвалі для сінхранізацыі дзейнасці ўсіх удзельнікаў ідэю Дарожнай мапы Усходняга партнёрства ў спалучэнні з ужо выкарыстоўваемым у Еўразвязе Метадам адчыненай каардынацыі. Гэтая ідэя ўжо была прадстаўленая беларускай дэлегацыяй і падтрыманая іншымі ўдзельнікамі на другой сустрэчы Форума ў Берліне ў 2010 годзе. Аднак для яе паўнавартаснай рэалізацыі неабходна пераадоленне адной з галоўных праблем - нізкага ўзроўня зацікаўленасці нацыянальных урадаў краін-удзельнікаў Усходняга партнёрства ў супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю.

У дзяржаўных службоўцаў усходніх суседзяў ЕЗ, у адрозненне ад іх еўрапейскіх калегаў, няма звычкі (зрэшты, як і вострага запатрабавання) цеснай працы з грамадзянскай супольнасцю, уліку меркаванняў і інтэрасаў розных груп і арганізацый, разумення відавочнай узаемнай выгады ад такога ўзаемадзеяння. У тых краінах, дзе такое супрацоўніцтва ў прынцыпе магчыма, прадстаўнікі дзяржавы дэманструюць некаторую асцярогу, мяркуючы, што грамадзянская супольнасць ў асноўным здольна хутчэй крытыкаваць, чым канструктыўна супрацоўнічаць у рамках агульных інтэрасаў. Для развіцця і падвышэння эфектыўнасці працы Форума вельмі важным з'яўляецца пераадолець падобныя прадузятасці.

Няпростай задачай апынулася стварэнне і запуск працы Нацыянальных платформаў Форума грамадзянскай супольнасці. Кожная з іх нараджалася і развіваецца ў спецыфічных умовах, ва ўласным нацыянальным кантэксце. Нягледзячы на тое, што Нацыянальныя платформы, існыя зараз у кожнай з краін УП, можна лічыць прадметам адмысловага гонару, большасць з іх выпрабоўвае прыкметныя цяжкасці падчас выбудоўвання дыялогу. Відавочнай у шматлікіх краінах выглядае тэндэнцыя падзелу арганізацый на платформах на пра-урадавыя і апаніруючыя.

Адмысловай увагі ў коле праблем заслугоўвае тэма фінансавання. Як я ўжо адзначыў вышэй, першапачатковая канцэпцыя Форума грамадзянскай супольнасці не прадугледжвала яго інстытуцыяналізацыі, а  рэсурсы на праекты няўрадавых арганізацый у падтрымку Ўсходняга партнёрства Еўракамісія планавала прапанаваць у межах ужо наяўных праграм (EIDHR, NSA-LA). Такім чынам, новая роля Форума і яго істытуцыянальнае ўмацаванне апынуліся не забяспечаныя мінімальна дастатковымі рэсурсамі, запланаваных сродкаў хапае толькі на арганізацыю штогадовага мерапрыемства Форума, дадатковыя разавыя сустрэчы працоўных груп, запуск афіцыйнага сайта www.eap-csf.eu і некалькі сустрэч Кіруючага камітэта Форума на працягу года.

Для падвышэння сваёй эфектыўнасці Форуму востра патрэбныя дадатковыя істотныя сродкі на праектную дзейнасць партнёрскіх арганізацый у падтрымку на практыцы ідэй і мэт Усходняга партнёрства. Асобная дапамога патрабуецца для арганізацыі працы Сакратарыята, які мог бы выконваць функцыю каардынуючай выканаўчай структуры Форума, якой так бракуе цяпер, і з-за чаго шматлікія добрыя распачынанні арганізацый-удзельнікаў не атрымліваюць належнага развіцця і ўзгаднення.

Якія ідэі маюцца адносна будучыні Форума грамадзянскай супольнасці? Якія змены неабходна рэалізаваць, каб зрабіць яго больш эфектыўным?

Адной з галоўных задач бліжэйшага часу з'яўляецца падвышэнне ўзроўня вядомасці Форума і шматлікіх дзеянняў, якія ажыццяўляюцца ў яго рамках. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці выяўляюць высокую актыўнасць і зацікаўленасць: праводзяць канферэнцыі, слуханні, круглыя сталы, рыхтуюць экспертныя прадукты па розных тэмах, прымаюць заявы, звароты і рэзалюцыі, рэалізуюць агульныя праекты рэгіянальнага і нацыянальнага ўзроўня. Нажаль, нам пакуль не атрымалася зрабіць усю гэтую працу досыць бачнай і прапанаваць яе вынікі для шырокай грамадскасці, а таксама для выкарыстання іншымі зацікаўленымі бакамі (урады, парламенты, экспертныя супольнасці і інш.).

Адмысловай увагі заслугоўвае задача каардынацыі пазіцый і высілкаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, каб высілкі, што прадпрымаюцца, з'яўляліся звёнамі аднаго ланцуга. У гэтым ключы Кіруючы камітэт, утрымліваючы ў зоне сваёй увагі агульна-стратэгічныя пытанні, можа толькі часткова выконваць гэтыя функцыі, такім чынам важнасць фармавання і пачатку працы Сакратарыята як выканаўча-кардынацыйнага органа Форума цяжка пераацаніць.

Кіруючы камітэт таксама ініцыяваў працэс распрацоўкі, абмеркавання і прыняцця на будучай сустрэчы ў Познані новай канцэпцыі Форума, якая заснаваная на першапачаткова распрацаваных Еўракамісіяй ідэях, аднак значна пашыраная і ўключае ў сябе больш поўнае апісанне мэт і задач Форума, а таксама яго прадуктаў, механізмаў партнёрства і істытуцыянальнай пабудовы (Кіруючы камітэт, Нацыянальныя платформы, экспертныя пад-групы і г.д.).

Падводзячы вынікі, варта адзначыць, што эфектыўнасць Форума толькі часткова залежыць ад яго ўдзельнікаў і ў значнай ступені патрабуе значна большага зацікаўленага ўдзелу іншых партнёраў, і ў першую чаргу нацыянальных урадаў краін Усходняга партнёрства, дэпутатаў EURONEST, а таксама розных структур Еўрапейскага Звяза. Упэўнены, што арганізацыі грамадзянскай супольнасці зробяць усё магчымае, каб забяспечыць яшчэ большы ўнёсак у развіццё Усходняга партнёрства, зрабіць яго ідэі і мэты як мага больш вядомымі і падзяляемымі шырокім колам грамадзян нашых краін.

Видео