BE RU EN
rss facebook twitter

ПАРЭ асудзіла палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі

31.05.2011
ПАРЭ асудзіла палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі

"У сувязі з цкаваньнем палітычных апанэнтаў і палітычнымі судамі над імі, а таксама працягам абмежаваньняў у галіне свабоды слова і сходаў - сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца і застаецца крыніцай моцнай занепакоенасьці". З такой заявай выступіла 31 траўня дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Сініка Хурскайнэн.

На пасяджэньні Палітычнага камітэту ПАРЭ Хурскайнэн зрабіла даклад аб найноўшых палітычна матываваных судах і рэпрэсіях супраць праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ ў Беларусі. "Жорсткімі турэмнымі пакараньнямі, пагрозамі закрыць незалежныя газэты і цкаваньнем праваабаронцаў беларускія ўлады хранічна не датрымліваюць стандартаў рады Эўропы што да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону", - заявіла яна.

Паліткамітэт ПАРЭ рашуча асудзіў працяг перасьледу палітычных апанэнтаў уладаў РБ і заклікаў вызваліць усіх палітвязьняў. Падчас летняй сэсіі ПАРЭ (22-24 чэрвеня), камітэт правядзе абмен меркаваньнямі адносна сытуацыі ў Беларусі з прадстаўнікамі мясцовай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, з наданьнем асаблівай увагі палітычна матываваным судам і парлямэнцкім выбарам 2012 году ў краіне.

Зважаючы на існую сытуацыю, у якой знаходзяцца незарэгістраваныя арганізацыі ў Беларусі, Паліткамітэт вырашыў зьвярнуцца да "Эўрапейскай камісіі па дэмакратыі праз законнасьць" (Вэнэцыянская камісія) са зваротам ацаніць артыкул 193-1 крымінальнага кодэксу Беларусі - аб членстве ў незарэгістраванай арганізацыі - на прадмет адпаведнасьці ўнівэрсальным стандартам што да правоў чалавека. 

 

Радыё Свабода

Видео