BE RU EN
rss facebook twitter

Праект закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” пакуль не выносіцца на разгляд парлямэнта

10.05.2011
Праект закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” пакуль не выносіцца на разгляд парлямэнта

Распрацоўка праекта закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” яшчэ далёкая ад завяршэньня. Як вынікае зь ліста пастаянна дзейснай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ў адказ на калектыўны зварот некамэрцыйных арганізацыяў, цяпер у Палаце прадстаўнікоў не вядзецца падрыхтоўка гэтага законапраекта. У раней вызначаны тэрмін законопроект у Палату прадстаўнікоў не паступіў, і на дадзены момант праект Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” ня ўключаны ў плян падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год. 

Парлямэнцкая камісія запэўніла аўтараў калектыўнага зварота, што пасьля ўнясеньня праекта гэтага закона на парлямэнцкі разгляд, заяўленая ў калектыўным звароце пазыцыя будзе вывучаная дадаткова. Пакуль жа прапановы і заўвагі да канцэпцыі будучага заканадаўчага акту перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, якое зьяўляецца асноўным распрацоўшчыкам законапраекта.

Нагадваем, што ў сакавіку бягучага года некамэрцыйныя арганізацыі Беларусі распаўсюдзілі калектыўны  зварот па праекце Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Нагодай да зварота стала верагоднасьць прыняцьця гэтага законапраекта ў рэдакцыі, якая не адпавядае інтарэсам грамадзкасьці.

Да супольнай пазыцыі, адлюстраванай у тым дакумэнце, далучыліся 110 некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-прававых формаў і накірункаў дзейнасьці, якія аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 270 тысячаў членаў. Пры выпрацоўцы калектыўнага зварота былі ўлічаныя інтарэсы арганізацыяў розных напрамкаў дзейнасьці  і арганізацыйна-прававых формаў. На аснове экспэртных заключэньняў з боку айчынных і замежных экспэртаў беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці выпрацавалі агульны падыход да зьместу праекта новага закона.

З тэкстам калектыўнага зварота ў парлямэнт і ўрад па праекце Закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі: http://lawtrend.org/ru/data/650/. Надалей  ініцыятары калектыўнага зварота плянуюць сачыць за працай над гэтым законапраектам, каб дамагчыся найбольш поўнага ўліку ў ягоным зьмесце інтарэсаў грамадзкасьці. 

 

Асамблея дэмакратычных НДА

Видео