BE RU EN
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч

07.05.2011
Уладзімір Мацкевіч

Ва ўмовах, калі дзясяткі іншадумцаў знаходзяцца за кратамі, прапаноўваць нейкія перамовы з удзелам уладаў можа толькі альбо палітычны самазабойца, альбо «засланы казачок». Ні першым, ні другім Уладзімір Мацкевіч не з’яўляецца па вызначэнню, але ж прапануе. І яго прапановы, калі паспрабаваць іх зразумець, ужо не здаюцца абсалютным «нонсэнсам».

 

Супраць цячэння

Ведаю, што стаўленне да гэтага чалавека неадзначанае, і гэтаму ёсць пэўныя тлумачэнні. Пасля сумных падзей 19 снежня 2010 года ў розныя пастарункі трапілі сотні людзей, а выбух 11 красавіка 2011 не толькі «взорвал стабильность», але і надзею на нейкія нармальныя кантакты з уладай. Тым больш, што гэтыя кантакты ёй патрэбны не больш, чым (паводле У. Высоцкага) лыжы ў рускай лазні. Мацкевіч гэта добра разумее, адсюль галоўная думка ягонай канцэпцыі — прымусіць уладу пайсці на дыялог. Але тут ужо многія не разумеюць яго, бо немагчыма ўявіць, як гэта рэалізаваць у нашых умовах. І таму большасць аддае перавагу байкоту.

Не хочацца займаць у гэтых дыскусіях чыйсьці канкрэтны бок, але яшчэ з дзяцінства памятаю прыказку: «Хто як празываецца, так і называецца». Байкот не азначае канапнага гультайства і не з’яўляецца сінонімам паняцця «няўдзел». Калі рабіць усё па-сапраўднаму, то байкот здзейсніць цяжэй, чым абазначыць свой удзел у выбарах.

Па вялікаму рахунку, прапановы Уладзіміра Мацкевіча суадносяцца з «канцэпцыяй байкоту». У тым сэнсе, што эфектыўны рух наперад (альбо яго адсутнасць) магчымы толькі тады, калі за ім стаіць нешта моцнае, бо размаўляюць і лічацца з тымі, за кім ёсць моц.

Канешне, як і многім, ідэя байкоту падаецца больш лагічнай, але я разумею, што для канчатковага поспеху патрэбныя не толькі эмоцыі. Неабходна пэўная доля прагматычнасці. На жаль, сёння ў ідэйных апанентаў улады яна ў відавочным дэфіцыце, а імкненне выдаць жаданае за існае ў іх не меншае, чым у тых, хто спявае пра айчыны эканамічны цуд.

Магчыма, гэта спрэчна, але, на мой погляд, рэжым сёння наўмысна робіць так, каб справакаваць да сябе адмоўнае стаўленне. І такім чынам цалкам пагасіць у шэрагах апазіцыі любыя памкненні да кантактаў з уладай. З астатнімі ж, з «шырокімі масамі», спадзяюцца, усё будзе «як заўсёды». Менавіта гэта статус-кво ўжо 17 гадоў адным дазваляе «кіраваць», а другім — змагацца са «злачынным рэжымам».

Пры гэтым прашу заўважыць, ніхто з іх на дух не пераносіць якой-небудзь канкурэнцыі. Палітычныя канкурэнты альбо «знікаюць», альбо абвяшчаюцца «рукой Крамля».

Не палічыце езуіцтвам, але асабіста мне было б прыемна назіраць, каб уладны бок пайшоў на перамовы з тымі, каго яшчэ ўчора называў «пятай калонай» і «адмарозкамі». Немагчыма? Як сказаць. У гэтым жыцці магчыма ўсё, бо пакуль «стабільныя» толькі чэргі каля абменнікаў і штодзённы рост коштаў у крамах.

І яшчэ. Як і многім, мне вельмі надакучыла назіраць, як апазіцыянеры «бадаюцца» паміж сабой. Простаму выбаршчыку з Мінска, Магілёва, Ашмян, Смаргоні, Быхава, з вёскі Навасёлкі ды іншых глыбока «да лямпачкі» нейкія палітычныя спрэчкі. Ён стаміўся і прагне пераменаў. Менавіта — пераменаў, канкрэтных дзеянняў, а не размоў пра іх.

Першыя хвалі

Ну а цяпер, як вы ўжо здагадаліся, пералічу звычайныя для такіх нарысаў біяграфічныя звесткі Уладзіміра Мацкевіча. Нарадзіўся ён у горадзе Чарамхова Іркуцкай вобласці 14 мая 1956 года. Туды саслалі яго бацькоў і дзядоў. Бацька Уладзімір Дзем’янавіч і маці Лідзія Карпаўна пабраліся шлюбам за тры гады да дня народзінаў будучага метадолага.

Дарэчы, яны пазнаёміліся ўжо там, у мясцовай беларускай суполцы. Паселішча Чарамхова існуе з канца XVI стагоддзя, але з часам невялікі шахцёрскі пасёлак ператварыўся ў перспектыўны геаграфічны пункт. Для дабывання «адкрытым спосабам» была патрэбнай танная працоўная сіла. У сталінскія часы праблема вырашалася проста і хутка — ссыльныя. Былі сярод іх і два эшалона беларусаў.

У 1966 годзе сям’я Мацкевічаў вярнулася ў Беларусь, у Гродна. Амаль сем гадоў «мыкаліся» па розных інтэрнатах і здымных кватэрах. Уласную атрымалі толькі тады, калі Валодзя перайшоў у дзясяты клас.

У 1973 годзе хлопец паспрабаваў паступіць на факультэт псіхалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ЛДУ), але без станоўчага выніку. Чаму такі сур’ёзны выбар? Абумоўлены ён быў падлеткавай грамадска-палітычнай актыўнасцю.

У старэйшых класах Уладзімір Мацкевіч быў хіпі і нават прымаў удзел у знакамітай гродзенскай дэманстрацыі 1972 года. Але ў катэгорыю «нядобранадзейных» трапіў не за гэта. Прычынай стала школьная экскурсія ў Брэсцкую крэпасць. Справа ў тым, што першы раз ён быў там раней і «лубочную» рэстаўрацыю не прыняў, пра што шчыра і напісаў у сваім сачыненні.

Пры Сталіне за такое б маглі расстраляць, а тут усё абмежавалася звычайным «вон са школы». Бальшавіцкую пільнасць праявіла класны кіраўнік, якая абвінаваціла шкаляра ў «антысаветчыне». На бок Мацкевіча паўстаў увесь клас, але адстаяла яго маці, якая са слязамі на вачах «пайшла па інстанцыях».

У гэты ж час пачалася так званая «дапрызыўная камісія». Калі там прачыталі характарыстыку Уладзіміра Мацкевіча, адразу пацягнулі хлопца да псіхіятра. Так ён упершыню пазнаёміўся з людзьмі прафесіі, якую потым абярэ і сам. І да якой свядома рыхтаваўся, прачытаўшы ў мясцовай бібліятэцы амаль усе кніжкі па псіхалогіі, што там былі. Гэтыя кніжкі і сталіся для яго ці не першай крыніцай іншадумства.

Крыніцы іншадумства

Пасля няўдалай спробы паступлення Уладзімір Мацкевіч быў прызваны ў армію. Рыхтавалі маладога салдата на спецыяліста па рамонту і захаванню радыёлакацыйных станцый наземнай артылерыі. Пазней, праўда, высветлілася, што вучылі яго рамантаваць станцыі, якія ўжо знятыя з узбраення. Тут ён яшчэ раз пераканаўся, што без ведаў у галіне псіхалогіі ў нашым жыцці разабрацца вельмі цяжка.

Потым было падрыхтоўчае аддзяленне і статус студэнта ЛДУ. Падчас вучобы і ажаніўся. У гэты ж час нарадзіўся старэйшы сын Тамаш. Такое імя Уладзімір Мацкевіч падабраў наўмысна — каб не было «рускіх» аналагаў. Беларускую транскрыпцыю ў пашпарце, хаця і з цяжкасцю, усё ж такі «адваяваў».

Атрымаўшы дыплом спецыяліста па інжынернай псіхалогіі («чыстай» навукай заняцца не далі), Уладзімір Мацкевіч трапіў у бюро тэхнічнай эстэтыкі Віленскага радыётэхнічнага завода. Праз восем месяцаў высветлілася, што «допуск» для працы на «ваенным» заводзе яму не дадуць. Дысідэнцкія «выбрыкі» юнацтва КДБ не даравала, і Мацкевіч вярнуўся назад у Ленінград.

Сем месяцаў быў беспрацоўным, а потым яго ўзялі на гуманітарную кафедру Ленінградскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. Вучыў будучых дыспетчараў метрапалітэну і даволі хутка ўзначаліў адну з даследчых лабараторыяў.

Там жа скончыў працу над дысертацыяй, але абараніць яе не змог, бо для гэтага трэба было ўступіць у партыю. Адмовіўся. Потым цалкам захапіўся адукацыйнымі праблемамі і нават падрыхтаваў новую дысертацыю. Яе абараніць таксама не ўдалося.

У 1985 годзе пачалася перабудова. Яе віры захапілі і Уладзіміра Мацкевіча. Распавядаць усе падрабязнасці не буду, скажу толькі, што менавіта тады ён і пачаў займацца метадалогіяй.

У 1993 годзе лёс зноў вярнуў яго ў Беларусь.

На хвалі логікі

Мацкевіч крыху папрацаваў у камандзе Шушкевіча. У маі 1994 года разам з аднадумцамі стварыў Агенцтва гуманітарных тэхналогій, якое ён узначальвае і сёння. Амаль адразу з’явіліся іх першыя аналітычныя публікацыі.

Былі ў яго біяграфіі і «тэлевізійныя» старонкі. Падрабязнасці пакінем «за дужкамі», скажу толькі, што яму першаму прапанавалі стаць вядучым перадачы «Рэзананс», якая толькі стваралася. Нават касцюм пашылі. Кандытару «зарубілі» Замяталін з Латыпавым, якія ведалі кнігі Мацкевіча, ведалі і пра яго ўдзел у стварэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Ну і, зразумела, яго асоба ніякім чынам не ўспрымалася сумна вядомым Аляксандра Зімоўскім.

Справядліва заўважана, што чым больш мінае часу з моманту падзеі, тым больш аб’яўляецца ў яе «хросных бацькаў». Ідэя стварэння новай, ліберальнага кірунку палітычнай партыі нарадзілася адразу ў некалькіх людзей. Уладзімір Мацкевіч — адзін з іх.

Менавіта ён (пад выглядам інтэрв’ю) размаўляў са Станіславам Багданкевічам, які на той момант узначальваў Нацыянальны банк Беларусі, а калі 1 кастрычніка 1995 года з’явілася Аб’яднаная грамадзянская партыя, увайшоў у склад першага Нацыянальнага камітэта і нават некаторы час узначальваў іх прэс-цэнтр.

Меў ён і непасрэднае дачыненне да «Хартыі–97», якая ўзнікала як новы элемент грамадзянскай супольнасці, бо задумвалася шырокім грамадзянскім рухам. Спачатку Мацкевіч пазнаёміўся і нават пасябраваў з Андрэем Саннікавым. А потым да іх далучыліся Пётр Марцаў, Зміцер Бандарэнка і Віктар Івашкевіч. Уладзімір Мацкевіч сфармуляваў яе асноўныя ідэі, напісаў тэкст заявы, пад якой і паставіла свае подпісы першая сотня дэмакратычных актывістаў. Так вясной 1997 года пачалася праца па стварэнню добра вядомай сёння структуры, якая ў шырокі рух, па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах, так і не перарасла.

Апошнія гады Уладзімір Мацкевіч займаецца пераважна праблемамі грамадзянскай супольнасці — «трэцяга сектара». Нагадаю: «першы сектар» — гэта дзяржаўныя структуры, «другі» — тыя, хто займаецца бізнэсам.

Днямі ўбачыў у інтэрнэце адзін вельмі цікавы тэзіс — «трэці сектар» сёння фармуецца ля пунктаў абмену і продажы валюты. Магчыма, камусьці ён падасца спрэчным, але менавіта ў гэтай «стыхійнасці», ініцыятывах ад жыцця, актыўнасці знізу і ёсць галоўны сэнс самога тэрміна. Сапраўдны «трэці сектар» узнікае толькі тады, калі першыя два (дзяржава і бізнэс) не імкнуцца яго «падмяць». 

 

Аляксандр Тамковіч, Новы Час

Видео