BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэмакраты працуюць над стратэгіяй

14.03.2011
Дэмакраты працуюць над стратэгіяй

Стратэгію дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі 14 сакавіка абмяркуе Нацыянальная каардынацыйная рада. Калі ўсе суб'екты рады пагодзяцца з адзінай стратэгіяй, то наступным крокам стане іх шчыльнае структураваньне. Калі ж згоды ня будзе, то асобныя суб'екты стануць супольна працаваць толькі па некаторых, цікавых для іх кірунках.

Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін лічыць: вызначэньне адзінай стратэгіі дэмакратычных сілаў у цяперашняй сытуацыі асабліва актуальнае:

"Бо як сказаў вельмі слушна Вінцук Вячорка, па вялікім рахунку, стратэгіі могуць быць дзьве. Альбо мы павінны дамагацца, каб Лукашэнка капітуляваў. Альбо мы павінны капітуляваць перад ім. Таму неабходна выбіраць.

І тут ня ўсё так проста. Напрыклад, падсьвядома ўзьнікае пытаньне: ці можна нам дамаўляцца з Лукашэнкам пра вызваленьне палітвязьняў? Альбо гэта павінна стаць той ультыматыўнай умовай, без выкананьня якой ніякіх перамоваў з рэжымам быць не павінна?"


Тым часам у інтэрнэце ўжо зьявіўся дакумэнт – "Стратэгія – 2012". Адзін зь яго аўтараў – Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі – распавёў "Свабодзе", што першыя накіды такой канцэпцыі пачаліся яшчэ ў 2005 годзе:

"Ужо на той час было відавочна, што калі ўся наша дэмакратычная супольнасьць, уключна з палітычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі, ня будзе дзейнічаць у рамках агульнай стратэгіі, то нельга будзе дамагчыся перамогі. Але ж дагэтуль стратэгіі, не як папяровага дакумэнту, а як таго, што знаходзіцца ў разуменьні і рэалізацыі ў палітычнай практыцы, так і не зьявілася"

Цікаўлюся ў спадара Ягорава, чаму менавіта цяпер аўтары вярнуліся да сваіх распрацовак:

"Пасьля 19 сьнежня зьяўляецца час рэфлексіі, разуменьня гэтай сытуацыі і магчымасьць узгадненьня пазыцыяў розных палітычных сілаў. І таму мы выступаем з новай вэрсіяй стратэгічнай прапановы, якая падаецца для дыскусіі ды ўзгадненьня розным палітычным сілам".

Лічба "2012" у назове дакумэнту невыпадковая – гэта часавая прывязка, арыентаваная на выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія павінны адбыцца ў наступным годзе.

Ці можна зь дзьвюх стратэгіяў зрабіць адну супольную? Леў Марголін кажа, што ў прадстаўнікоў рады ёсьць даволі шмат пытаньняў па "Стратэгіі-2012":

"Таму мы спачатку прапанавалі запрасіць на наша паседжаньне Андрэя Ягорава, каб ён зрабіў прэзэнтацыю, адказаў на пытаньні".

Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычнай апазыцыі была створаная 9 студзеня 2011 году.

 

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Видео