BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

БДІПЧ АБСЭ: Нашая роля – назіраць за судамі

09.03.2011
БДІПЧ АБСЭ: Нашая роля – назіраць за судамі

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) накіруе ў Беларусь назіральнікаў на судовыя працэсы ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня. Пра тое, як будуць працаваць назіральнікі, расказвае прэсавы сакратар БДІПЧ Енс-Хаген Эшэнбэхер.

 

Эшэнбэхер: У нас ёсьць каманда з чатырох экспэртаў з розных краінаў АБСЭ, якія прыедуць назіраць за судамі на гэтым тыдні. У іх ёсьць досьвед у сфэры правоў чалавека і ў назіраньні за судовымі працэсамі. Цяпер яны атрымоўваюць інструкцыі ў Варшаве перад паездкай у Менск для назіраньня за судамі. Магчыма, што для наступных судоў будзе іншы склад каманды назіральнікаў. Нашыя назіральнікі будуць ў краіне толькі на час судоў, а потым зноў зьедуць.

Карэспандэнт: Ці маюць гэтыя экспэрты досьвед назіраньня за судовымі працэсамі над апанэнтамі ўлады ў краінах з сумнеўным палітычным рэжымам?

Эшэнбэхер: Мы назіралі за судовымі працэсамі ў іншых краінах. Напрыклад, БДІПЧ назірала за судамі ў выніку гвалтоўных падзеяў пасьля апошніх выбараў у Армэніі ў 2008 годзе. У выніку гэтага маніторынгу мы апублікавалі справаздачу, дзе аналізавалася тое, як праходзілі суды. У справаздачы таксама былі рэкамэндацыі, якія структурныя зьмены можна зрабіць, каб гарантаваць правядзеньне судовых працэсаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

Карэспандэнт: Ці далі беларускія ўлады абяцаньне дазволіць экспэртам АБСЭ доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі?

Эшэнбэхер: Як мы разумеем, суды будуць працягвацца ў адкрытым рэжыме, і нашы назіральнікі будуць мець поўны доступ да ўсіх судоў. У нас ёсьць дамова пра гэта зь беларускімі ўладамі. Таму так, мы чакаем, што нашы назіральнікі будуць мець поўны доступ да ўсіх судовых разглядаў і да ўсіх асобаў, якія бяруць у іх удзел.

Карэспандэнт: Ці будуць яны карыстацца выключана інфармацыяй агучанай у судовай залі, ці зьвернуцца па нейкія дадатковыя матэрыялы – магчыма да сьледзтва?

Эшэнбэхер: Яны будуць прысутнічаць у судзе, а таксама будуць кансультавацца з рознымі удзельнікамі судовых працэсаў.

Карэспандэнт: Ужо зьявіліся крытычныя камэнтары наконт прыезду назіральнікаў АБСЭ на суды ў Менску. Раней АБСЭ заклікала вызваліць зьняволеных пасьля пратэстаў 19 сьнежня, таму крытыкі лічаць, што, дасылаючы назіральнікаў, АБСЭ фактычна прызнае законнасьць арыштаў і абвінавачаньняў.

Эшэнбэхер: Нашая роля, як бюро АБСЭ, які займаецца правамі чалавека, – назіраць за судамі. У дакумэнтах АБСЭ ёсьць абавязаньні, пад якімі падпісаліся краіны-ўдзельніцы арганізацыі, прымаць прысутнасьць міжнародных назіральнікаў. Мы дашлем назіральнікаў і па выніках судоў апублікуем справаздачу, у якой будзе аналіз таго, як гэтыя суды адбываліся. Гэтая справаздача будзе даступнай для публікі. 

 

Радыё Свабода

Видео