BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Больш за 80 арганізацый далучыліся да звароту па праекце закона “Аб некамерцыйных арганізцыях”

28.02.2011
Больш за 80 арганізацый далучыліся да звароту па праекце закона “Аб некамерцыйных арганізцыях”

Працягваецца збор подпісаў беларускіх некамерцыйных арганізацыяў пад калектыўным зваротам па праекце закона «Аб некамерцыйных арганізацыях». Па закліку Цэнтра прававой трансфармацыі ды Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый  беларускія структуры грамадзянскай супольнасці далучаюцца да супольных заўвагаў і прапановаў, якія адрасуюцца заканадаўцам.

Пры выпрацоўцы калектыўнага зварота былі ўлічаныя інтарэсы НКА розных напрамкаў дзейнасці і арганізацыйна-прававых формаў. На аснове экспертных заключэнняў з боку айчынных і замежных НКА арганізацыі грамадзянскай супольнасці краіны выпрацавалі агульны падыход да зместу праекта новага закона.

На дадзены момант да калектыўнага звароту далучыліся шэраг аўтарытэтных і вядомых грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускае дабраахвотнае таварыства абароны помнікаў гісторыі і культуры, Таварыства беларускай школы, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускае грамадскае аб’яднанне юрыстаў-гаспадарнікаў ды дзясяткі іншых грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў.

Ініцыятары  калектыўнага зварота адзначаюць, што да выказваньня супольнай пазыцыі атрымалася далучыць НКА розных арганізацыйна-прававых формаў, якія прадстаўляюць разнастайныя накірункі дзейнасці. Пад калектыўным зваротам стаяць подпісы прафсаюзных аб’яднанняў, экалагічных і сацыяльных арганізацыяў, маладзёжных, краязнаўчых, культурніцкіх ды асветніцкіх НКА. Не засталіся ў баку ад калектыўнага зварота і рэлігійныя арганізацыі, чые інтарэсы таксама могуць быць закранутыя новым законам «Аб некамерцыйных арганізацыях».

НКА, што ўжо далучыліся да калектыўнага зварота, аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах каля 200 тысяч сябраў. Такім чынам, гэтая ініцыятыва стала найбольш маштабнай спробай адстойваньня інтарэсаў структураў грамадзянскай супольнасьці ў сферы законатворчасці.

Ініцыятары зварота перакананыя, што пры распрацоўцы закона неабходна больш увагі надаць не абмежавальным і кантрольным нормам, а тым пазітыўным палажэнням, якія спрыяюць развіццю НКА: нормам аб стварэнні грамадскіх саветаў пры дзяржаўных органах, аб развіцці дзяржаўнага сацыяльнага заказу і прадастаўленні статусу арганізацыі сацыяльнай значнасці. Для паўнавартаснага прыцягнення грамадскасці да працы па ўдасканаленні праекта закона ў звароце прапануецца арганізаваць адкрытыя мерапрыемствы па яго абмеркаванні.

Збор подпісаў НКА пад калектыўным зваротам працягнецца да 4 сакавіка. Пасьля гэтага дакумент будзе перададзены ва ўрад, які нясе адказнасць за распрацоўку закона, а таксама ў Палату прадстаўнікоў беларускага парламенту.

 

Прэс-служба Асамблеі НДА

Видео