BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Старшыня афіцыйнага Саюза палякаў: Ды хрэн з ёй, з іх краінай!

27.02.2011
Старшыня афіцыйнага Саюза палякаў: Ды хрэн з ёй, з іх краінай!

Старшыня афіцыйнага саюза палякаў, вядомы гродзенскі бізнэсовец Станіслаў Сямашка патлумачыў, навошта просіць праверыць на законнасць “карту паляка” і чаму лічыць, што Польшча прыніжае беларускіх палякаў.

 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў звярнуліся ў Канстытуцыйны суд з просьбай вызначыць адпаведнасць польскага закона “Пра карту паляка” агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Менавіта з такой прапановай звярнуўся ў камісію па міжнародных справах і сувязях з СНД старшыня афіцыйнага Саюза палякаў Станіслаў Сямашка.

На яго думку, Польшча падзяліла беларускіх палякаў на тых, каму даваць карту, а каму – не. У самога Сямашкі, напрыклад, такой карты няма. Да таго ж старшыню Саюза палякаў уключылі ў спісы неўязных у Еўропу. Гэта і падштурхнула яго да такога кроку.

Станіслаў Сямашка: “Хацелася б іх (Парламент і Урад Польшчы – Еўрарадыё) паставіць на правільны шлях. З дапамогай, можа быць, сусветнай супольнасці. Якое яны маюць права нас, палякаў, не ўпускаць?! Мы не хочам ў іх краіну, а вось у іншыя краіны Еўрасаюза мы хочам! А яны: “Не – не ў’язджаць!” Даруйце мяне, ды хрэн з ёй, з іх краінай! Але якое яны маюць права рабіць, што я ў Літву не маю права ехаць?! Альбо ў Нямеччыну ці Францыю? Гэта прыніжэнне!”

І паабяцаў, што незалежна ад рашэння Канстытуцыйнага суда сам не спыніцца ў пошуках праўды і пойдзе па еўрапейскіх інстанцыях.

Станіслаў Сямашка: “Я буду дабірацца да Еўрапарламента і ўсё даносіць гэта!”

Першы Сакратар польскай амбасады Павел Марчук лічыць недарэчнасцю тое, што Канстытуцыйны суд будзе правяраць “карту паляка” на законнасць.

Павел Марчук: “Сама ідэя таго, каб Канстытуцыйны суд займаўся законам, у адпаведнасці з якім выдаецца “карта паляка”, па-мойму, гэта нейкая недарэчнасць. Гэта найперш. Па-другое, тое, што грамадзянам Беларусі польскага паходжання Польшча дае дадатковыя прывілеі – гэта выключна справа Польшчы. Тым больш, што закон вельмі дакладна кажа, якіх галінаў гэтыя прывілеі тычацца”.

І запэўніў, што калі Канстытуцыйным судом Беларусі будзе прынята негатыўнае рашэнне датычна “карты паляка”, гэта ніяк не паўплывае на яе выдачу. 

Нягледзячы на такое стаўленне да ініцыятывы Польшчы, беларускія ўлады не адмовіліся ад стварэння свайго аналага“карты паляка” – “карты суайчынніка”. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун: “План падрыхтоўкі законапраектаў на 2011 год прадугледжвае распрацоўку законапраекта “Аб суайчынніках”. У гэтым законапраекце прадугледжана распрацоўка дакумента, які пацвярджае статус суайчынніка”.

Праўда, яшчэ нават не абмяркоўвалася, што гэта будзе за дакумент, які орган будзе яго выдаваць і на якой тэрыторыі ён будзе дзейнічаць. Пакуль толькі створаная працоўная група, якая будзе займацца распрацоўкай праектаў прапаноў.

У той жа час начальнік Дэпартамента адзначыў, што ў гэтай працы будзе ўлічана рашэнне Канстытуцыйнага суда па “карце паляка”.

Аляксей Бягун: “Паглядзім, як Канстытуцыйны суд разгледзіць законапраекты і тады, з улікам таго, што мы ведаем польскія законы, мы ўжо будзем карэктаваць свой законапраект”.

Іншая справа, якую моц будзе мець рашэнне Канстытуцыйнага суда адносна “карты паляка”. У самім судзе ад каментароў на гэтую тэму адмовіліся. Але былы суддзя КС Валеры Фадзееў лічыць, што на падставе гэтага рашэння забараніць польскай амбасадзе выдаваць “карты паляка” альбо грамадзянам іх атрымліваць, немагчыма. Адзінае – на падставе гэтага рашэнне беларускі бок зможа звяртацца ў міжнародныя структуры.

Валеры Фадзееў: “Калі ён (Канстытуцыйны суд – Еўрарадыё) прыйдзе да высновы, што ён не адпавядае Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, аднаму з міжнародных пактаў і дакажуць, што гэта тычыцца інтарэсаў Беларусі, то тады магчымы зварот Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Можа быць. А так ніякіх наступстваў для польскага боку рашэнні нашага суда мець не будуць”.

Але Павел Марчук заўважыў, што не ведае ніводнага прыклада таго, што “карта паляка” нейкім чынам ушчамляе нечыя інтарэсы і тым больш правы.

Нагадаем, што “Карта паляка” дзейнічае з 2008-га года. Яна пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народа. Сярод іншага, яе ўладальнікі атрымліваюць бясплатную гадавую візу ў Польшчу, могуць свабодна працаваць і вучыцца ў суседняй краіне, а таксама распачаць там уласны бізнэс. За два гады грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 17 тысяч “карт паляка”.

 

Зміцер Лукашук, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Видео