BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента адносна сітуацыі ў Беларусі

21.01.2011
Рэзалюцыя Еўрапейскага парламента адносна сітуацыі ў Беларусі

Еўрапейскі парламент,

— маючы на ўвазе папярэднюю рэзалюцыю Еўрапарламенту адносна сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці рэзалюцыю ад 17 снежня 2009 г.,

— маючы на ўвазе Рашэнне Рады 2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г. адносна абмежаванняў у дачыненні да пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, працягнуць іх да 31 кастрычніка 2011 г.,

— маючы на ўвазе Рашэнне Рады замежных справаў ад 25 кастрычніка 2010 г.,

— маючы на ўвазе заявы Офіса дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі» ад 20 снежня 2010 г.,

— маючы на ўвазе Правіла 110 Рэгламенту,


A. У сувязі з тым, што Пражская дэкларацыя саміта Усходняга партнёрства зноў пацвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасць прынцыпам міжнароднага закону і асноўным каштоўнасцям, у іх ліку дэмакратыі, верхавенства закону і павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў,

B. У сувязі з тым, што Рада 25 кастрычніка 2010 г. «заклікала ўлады Беларусі забяспечыць правядзеньне прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЕ і ААН,

C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязанні ўлічыць рэкамендацыі АБСЕ і Офіса дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека адносна ўдасканальвання выбарчага кодэксу Беларусі з мэтай прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных зменаў з АБСЕ; у сувязі з тым, што парламент Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэкса без папярэдняй кансультацыі з АБСЕ,

D. У сувязі з тым, што Рада «зноў пацвердзіла сваю гатоўнасць пашыраць дачыненні з Беларуссю ў залежнасці ад развіцця Беларусі ў кірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і верхавенства закону, а таксама гатоўнасць дапамагаць Беларусі ў дасягненні гэтых мэтаў»,

E. У сувязі з тым, што Рада, пасля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі, вырашыла працягнуць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, але прыпыніць ўжыванне візавых санкцыяў на паездкі ў ЕС да 31 кастрычніка 2011 г.,

F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасці з заявамі ПА АБСЕ і Офіса дэмакратыі і правоў чалавека АБСЕ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі» пэўны прагрэс можна адзначыць у часе выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэннямі ў часе галасавання і гвалтам у дзень выбараў 19 снежня,

G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зняволеныя за іх удзел у дэманстрацыі 19 снежня ў Мінску, бальшыня з іх была вызваленая пасля адбывання кароткіх тэрмінаў зняволення паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазіцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзідэнты, былі абвінавачаныя «ў арганізацыі масавых беспарадкаў» і ім пагражае да 15 гадоў зняволення, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаныя такім жа чынам неўзабаве,

H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 снежня 2010 г. і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазіцыі, свабоды медыяў і грамадзянскай супольнасці былі асуджаныя прэзідэнтам Еўрапарламента, высокімі прадстаўнікамі ЕС і Генеральным сакратаром ААН,

I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазіцыянераў і іх родных, не дапускаюцца да зняволеных,

1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЕ і Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека аб тым, што прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што ў гэтым галасаванні была страчаная чарговая магчымасць для дэмакратызацыі Беларусі, і заклікае, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэннямі, адзначанымі АБСЕ, да новых выбараў, якія б былі праведзеныя адпаведна з свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЕ;

2. Асуджае ўжыванне супраць пратэстоўцаў грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на У. Някляева, парушэнне правоў на свабоду сходаў і выказвання, а таксама правоў чалавека, і выказвае заклапочанасць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць пад апеку Даніла Саннікава,  3-гадовага сына кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія застаюцца зняволеныя ад 19 снежня; асаблівую занепакоенасць выказвае станам здароўя Мікалая Статкевіча, які ўжо месяц трымае галадоўку;

3. Рэзка асуджае арышт і затрыманні мірных дэманстрантаў і бальшыні кандыдатаў у прэзідэнты (напрыклад, Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Аляксея Міхалевіча), лідараў дэмакратычнай апазіцыі (напрыклад, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзькі) і вялікай колькасці грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць прысуды да 15 гадоў зняволення; заклікае да незалежнага і аб’ектыўнага расследавання пад эгідай АБСЕ; заклікае да неадкладнага спынення палітычна матываваных прысудаў;

4. Асуджае рэпрэсіі і заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць усе формы гвалту,пераследу і запалохвання актывістаў грамадзянскай супольнасці, рэйды, ператрусы і канфіскацыю матэрыялаў у прыватных памяшканнях, прадстаўніцтвах незалежных СМІ і офісаў грамадскіх арганізацыяў, а таксама выключэнняў з універсітэтаў і звальненняў з працы;

5. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх зняволеных у дзень выбараў і пасля выбараў, у тым ліку і зняволеных, прызнаных «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення; заклікае улады Беларусі забяспечыць неабмежаваны доступ сваякоў, юрыстаў і медыкаў да зняволеных;

6. Выказвае шкадаванне адносна рашэння ўладаў Беларусі закрыць офіс АБСЕ ў Беларусі і заклікае ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэнне;

7. Асуджае блакаду ў інтэрнэце шэрагу буйных  інтэрнэт-старонак, у тым ліку сацыяльных сетак і апазіцыйных  вэб-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі; падкрэслівае, што цяперашні закон аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і таму заклікае беларускія улады перагледзець і змяніць яго;

8. Заклікае Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЕС перагледзець палітыку ЕС адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, аперацыі Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця; падкрэслівае, што арыентацыя на еўрапейскую палітыку добрасуседства і нацыянальнай дапамогі для Беларусі мусіць быць перанакіраваная і праводзіцца ў сферы падтрымкі грамадзянскай супольнасці; нагадвае пра істотнасць эфектыўнага выкарыстання еўрапейскай ініцыятывы ў справе дэмакратыі і правоў чалавека;

9. Заклікае Камісію падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ (у тым ліку тэлеканал «Белсат», Еўрапейскае радыё для Беларусі, Радыё Рацыя і іншых) і недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, якія развіваюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасць актывізаваць і заахвочваць сувязі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў з міжнароднай супольнасцю; разам з тым заклікае Камісію прыпыніць цяперашняе супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу дзяржаўным СМІ ў Беларусі; адначасова з гэтым Камісія мусіць прафінансаваць перавыданне і распаўсюд кніг Уладзіміра Някляева, сканфіскаваных і знішчаных беларускімі ўладамі;

10. Заклікае Еўрапейскую Камісію развіваць механізм рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных прычынаў, каб даць ім магчымасць карыстацца праграмамі ЕС;

11. Заклікае Камісію працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту (ЕГУ), які месціцца ў Вільні (Літва), павялічыць колькасць стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасць і выключаных з універсітэтаў і зрабіць унёсак у канферэнцыю донараў «Салідарнасць з Беларуссю», запланаваную на  2.02.2011 і наступную канферэнцыю ў Вільні 3– 4.02.2011;

12. Заклікае Раду, Камісію і Вярхоўную прадстаўніцу ЕС неадкладна аднавіць візавыя забароны ў дачыненні да кіраўнікоў Беларусі і пашырыць іх на дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілаў бяспекі, якія могуць быць адказнымі за парушэнні ў часе галасавання і паслявыбарчыя жорсткія рэпрэсіі і арышты прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама замарозіць іх банкаўскія актывы; звяртае ўвагу, што санкцыі павінны заставацца ў сіле як найменей да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і поўнага зняцця з іх абвінавачанняў; вітае добрыя прыклады ўрада Польшчы, які ўвёў у дзеянне візавыя абмежаванні для прадстаўнікоў рэжыму і разам з тым аблегчыў паездкі ў ЕС для беларускіх грамадзянаў;

13. Заклікае Раду разгледзець магчымасць прыпынення ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве на саміце Усходняга партнёрства ў Будапешце, калі да гэтага не будзе прымальнага тлумачэння і значнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасць;

14. Заклікае Камісію і Раду актывізаваць перамовы ў справе пагаднення аб рэадмісіі для спрашчэння візавага рэжыму, у тым ліку і даступных візавых збораў ў мэтах спрашчэння кантактаў паміж людзьмі;

15. Выказвае спадзяванне, што  краіны-сябры ЕС не аслабяць дзеянні Еўрасаюза двухбаковымі кантактамі з беларускім рэжымам, што зменшыла б аўтарытэт і эфектыўнасць еўрапейскай замежнай палітыкі;

16. Выказвае меркаванне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат свету па хакеі ў 2014, не могуць быць праведзеныя ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязні;

17. Выказвае шкадаванне ў сувязі з крокамі Расійскай Федэрацыі, якая прызнала выбары і расцаніла рэпрэсіі як «унутраную справу», рэкамендуе Еўракамісіі распачаць дыялог, кансультацыі і палітычную каардынацыю з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у ЕС, але якія традыцыйна маюць асаблівыя адносіны з гэтай краінай і адначасна з’яўляюцца партнёрамі ЕС — а менавіта, Расіяй і Украінай — каб максімальна павысіць эфектыўнасць палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі, а таксама супрацоўнічаць у справе належнага ўраўнаважання рэакцыі на недахоп дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з неабходнасцю пазбегнуць яе міжнароднай ізаляцыі.

18. Даручае старшыні накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Раду Эўропы, Еўрапейскую Камісію, Вярхоўнаму прадстаўніку,  дзяржавам-сябрам ЕС, прэзідэнту, парламенту і ўраду Беларусі, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і АБСЕ.

Наша Ніва

europarl.europa.eu

Видео