BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Прэзентацыя новай кнігі філосафа Ул. Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцей у культуры і гісторыі”

21.01.2011
Прэзентацыя новай кнігі філосафа Ул. Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцей у культуры і гісторыі”
Грамадскае аб'яднанне "Цэнтр сацыяльных інавацый",
Фонд развіцця прававых тэхналогій,
Асветніцкае грамадскае аб'яднанне "Фонд Імя Льва Сапегі"
Міжнародны кансорцыум "ЕўраБеларусь"
 
прадстаўляюць:

 

У бліжэйшы чацвер, 27 студзеня, а 18.30 у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” ладзіцца прэзентацыя новай кнігі філосафа Уладзімера Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцей у культуры і гісторыі Беларусі”.

 

 

Гэтае выданне працягвае серыю “Беларусь для пачаткоўцаў”, якую некалькі год таму  распачалі ў Агенцтве гуманітарных тэхналогій. Як зазначаецца ў прадмове кнігі, “...у нейкім сэнсе мы ўсе пачынаючыя. Як толькі мы заглыбляемся ў нейкія праблемы ці тэмы, мы выяўляем, наколькі мала гэтыя тэмы распрацаваны і на якіх далёкіх падыходах мы знаходзімся ў вырашэнні праблем, што стаяць перад намі”.

Аўтар кнігі запрашае чытача да дыскусіі па спрэчных і балючых пытаннях датычна культурна-гістарычнага самавызначэння нацыі. Тэматыка дыялогу, як падаецца, выступае цэнтральнай у кнізе. Дыялагічнасць тэксту нават структурна падкрэслена наяўнасцю ў кнізе аўтара і крытыка, паміж якімі ідзе гаворка. Дыялог пра культуру, пра тыя каштоўнасці і падставы, на якіх будуецца нашае сёння і заўтра – гэта і дыялог унутры культуры. Дыялог аб тым, як выглядае семіятычная прастора Беларусі: помнікі культуры, назвы вуліц, традыцыі, якія шануем, святы, якія адзначаем... і яшчэ шмат што выступае як рэплікі ва ўнутрыкультурным дыялогу – пра што яны сведчаць? што азначаюць?  Дый і сама кніга выступае як адна з рэплікаў у дыялогу шматгадовых даследванняў і дыскусій.

Праблематыка кнігі ляжыць на скрыжаванні працэсаў еўрапеізацыі, беларусізацыі і дэсаветызацыі, і ў актуальнай гістарычнай сітуацыі датычыць дзвюх супярэчнасцяў: Беларусь еўрапейская і Беларусь савецкая – у якой з краінаў мы будзем жыць?

Самавызначэнне патрабуе папярэдняй рэфлексіі аб’ектыўнага зместу прадстаўленняў пра культуру і гісторыю, але і не толькі: патрэбная рэфлексія магчымасцяў і ролі дзеячоў навукі, мастацтва і культуры ў пераасэнсаванні гістарычнага мінулага, а таксама іх месца і прызначэння у культурным працэсе і грамадскай дыскусіі. Прадставіць культуру і гісторыю такім чынам, каб гэта сталася мажлівым, і есць мэта кнігі, як піша аўтар у прадмове.

Запрашаем далучыцца да дыялогу падчас прэзентацыі, якая пачнецца 27 студзеня а 18.30 у Галерэі “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А).

Видео