BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Варшаве абмяркоўвалі паслявыбарчую сітуацыю ў Беларусі

14.01.2011
У Варшаве абмяркоўвалі паслявыбарчую сітуацыю ў Беларусі
У Варшаве ў польскім Сейме адбылася канферэнцыя пад назвай "Вайсковае становішча ў Беларусі? Як да таго дайшло і што далей?" Удзел у ёй прымалі як польскія палітыкі, так і беларуская дэлегацыя.

 

Распачынаючы канферэнцыю "Вайсковае становішча ў Беларусі. Як гэта здарылася і што далей”, якая праходзіць у польскім Сейме маршалак Гжэгаш Схетына (на фота справа), найперш узгадаў, што дэмакратыя ў Польшчы таксама грунтавалася доўгі час і з вялікімі намаганнямі. Таму, па словах маршалка, сітуацыя ў Беларусі вельмі блізкая палякам:

– Дапамагае Міністэрства замежных спраў ды дапамагае польскі парламент, камісія замежных спраў. Нягледзячы на розніцы, якія падзяляюць польскіх палітыкаў, яны ў адзін голас кажуць пра праблемы ў Беларусі, пра сфальсіфікаваныя выбары, пра тое, як парушаюцца правы чалавека, пра тое, як зачыняюць там вусны свабоднай Беларусі. Гэта наш абавязак і мы да гэтага ставімся як да абавязку.

Таксама ён падзякаваў удзелькам канферэнцыі з Беларусі, якія нягледзячы на перашкоды прыехалі ў Варшаву.

* * *

Бурмістр цэнтральнага раёна Варшавы Войцех Бартэльскі на канферэнцыі "Вайсковае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што далей”, якая праходзіць у польскім Сейме ўручыў ключы ад новай сядзібы беларускага незалежнага парталу "Хартыя 97".

Адразу пасля падзеяў 19 снежня сайт "Хартыя" амаль тры дні не абнаўляўся. Цяпер мадэрацыя адбываецца з-за мяжы. Рэдакцыя атрымала канкрэтны адрас.

Кажа бурміст цэнтральнага раёна Варшавы Войцех Бартэльскі:

– Мы, як горад Варшава, імкнемся падтрымліваць усіх тых, хто змагаецца за праўду і свабоду як у Беларусі, так і ўсюды, дзе гэтага няма. Афіцыйна пацвярджаю, што з сённяшняга дня горад Варшава дае гасціну "Хартыі 97" і жадаю ўсім вам, каб у гэтык камфартоўных умовах, у якіх нельга спадзявацца ніякіх інцыдэнтаў, акрамя візіту чалавека, які прыйдзе прачытаць лічыльнікі вады, працавалася вам з поспехам і акуратна.

Пасля шматлікіх ператрусаў і арыштаў у Беларусі незалежны інтэрнэт-рэсурс, які ўжо даўно, так сказаць на "кручку" ў КДБ не можа працаваць.

* * *

Старшыня Праваабоарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі перакананы, што такая канферэнцыя сведчыць пра вялікую зацікаўленнасць Польшчы да беларускай справы:

– Гэта сведчанне таго, што польскія палітыкі, польскія ўлады, насамрэч, устрывожаныя тым разгромам дэмакратычнай апазіцыі, які яшчэ па сёння адбываецца ў Беларусі. Сапраўды, цяпер шукаюцца выхады з гэтай сітуацыі – для нас гэта надзвычай важна. Сыходзячы з таго, што мы суседзі, сыходзячы з таго, што немалую маральную і матэрыяльную дапамогу – у першую чаргу маю на ўвазе падтрымку Радыё Рацыя і тэлеканалу "Белсат", – якую польскія ўлады аказвалі, я маю надзею, што гэтая падтрымка будзе працягвацца надалей.

На канфэрэнцыю з Беларусі не здолелі патрапіць у Варшаву кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, жонка кандыдата ў прэзідэнты Аляксея МіхалевічаМілана, і маці палітыка Паўла СевярынцаТаццяна Севырынец. Лагіку уладаў тут патлумачыць складана - кажа Алесь Бяляцкі:

– Мы зразумелі, вось, улічваючы, што не даехалі жонка Алеся Міхалевіча і маці Паўла Севярынца, што прыцэл чамусьці быў зроблены на сваякоў рэпрэсаваных. Чаму гэта так – патлумачыць, як заўсёды, вельмі цяжка. Але, што датычыцца мяне, дык ніякіх перашкод не было.

* * *

Удзельнікі канферэнцыі “Ваеннае становішча на Беларусі?” Як гэта здарылася і што далей?” прынялі зварот беларускіх сілаў да ўладаў Рэспублікі Польша.

Такім чынам, у гэтую вельмі цяжкую для беларусаў хвіліну прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці звяртаюцца да ўладаў Польшчы і ўсяго польскага народу, які з’яўляецца гістарычна і культурна вельмі блізкім на працягу стагоддзяў, з прозьбай аб салідарнасці і дапамозе ў змаганні за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі.

Завяршаў канферэнцыю словамі падтрымкі беларускаму народу ды празентацыяй гэтага звароту Ян Маліцкі з Цэнтру Усходняй Еўропы.

- Мы будзем працягваць працаваць у кірунку Беларусі. Вельмі-вельмі разлічваем на салідарнасць партыяў, парламентарыяў, чальцоў ураду ў гэтай важнай справе. Хачу зазначыць, што не толькі сёння, але і ў ранейшых сеймавых спадканнях мы атрымлівалі падрымку і разуменне. Хачу завершыць свой выступ словамі са звароту, які падпісалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі: Жыве салідарнасць двух нашых народаў!  Жыве Беларусь!

Далей зварот патрапіць да дэпутатаў Польскага сейму, да Прэзідэнта і ўраду.

 

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя

Видео