BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Выступ Ежы Бузэка ў Еўрапарламенце (Відэа)

13.01.2011
Выступ Ежы Бузэка ў Еўрапарламенце (Відэа)
Старшыня Еўрапарламенту падвёў вынік дыскусіі ў Брусэлі.

 

Еўразвяз мусіць загаварыць адзіным голасам і патрабаваць вызвалення беларускіх палітвязняў. Пра гэта старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк заявіў, падводзячы вынік дыскусіі аб Беларусі, якая адбылася 12 студзеня на паседжанні камітэту замежных справаў Еўрапарламенту ў Брусэлі.

Ад імя сваякоў палітзняволеных на паседжанні выступіла Ева Някляева, дачка экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева. “Я хачу, каб вы зразумелі, што ў вашых руках ключ ад турмы, дзе сядзіць мой бацька. І толькі ад вас залежыць, вызваляць гэтых людзей ці не. [...] Насамрэч існуе толькі два варыянты. Вы можаце прыняць рэзалюцыю, якая распачне эфектыўную палітыку, паводле якой кошт чалавечага жыцця пераважвае эканамічную выгоду, якая выратуе людзей у Беларусі. Другі варыянт – вы можаце прыняць рэзалюцыю, якая пакажа, што вам усё адно”, – сказала Ева Някляева.

Словы пра ключы ад турмы працытаваў пазней у сваім выступе Ежы Бузэк. Ён выступіў за двухбаковую палітыку адносна Беларусі: спрашчэнне працэдуры атрымання візаў для простых грамадзянаў і ўвядзенне санкцыяў для шэрагу чыноўнікаў. Пры гэтым ён адзначыў, што варта дапамагаць няўрадавым арганізацыям, фінансава падтрымліваць выключаных паводле палітычных матываў студэнтаў.

Сярод прапановаў, вартых увагі, кіраўнік Еўрапарламенту адзначыў заклік да правядзення ў Беларусі паўторных выбараў. Ён таксама прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародных спартовых спаборніцтваў, такіх, як Алімпіяда і Кубак свету.

Напрыканцы дыскусіі яе ўдзельнікі на прапанову Евы Някляевай надзелі бела-чырвона-белыя шалікі – як знак салідарнасці.

 

Белсат

Видео