BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Зварот Асамлеі НДА Беларусі да прадстаўнікоў палітычных структураў Эўрапейскага Зьвязу

11.01.2011
Зварот Асамлеі НДА Беларусі да прадстаўнікоў палітычных структураў Эўрапейскага Зьвязу

ЗВАРОТ

Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
да прадстаўнікоў палітычных структураў Эўрапейскага Зьвязу

 

11 студзеня 2011 г.

 

19 сьнежня 2010 году ў Беларусі адбываліся гэтак званыя выбары прэзыдэнта краіны. На вялікі жаль, гэтая выбарчая кампанія працягнула бесьперапынны сьпіс выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі з 1995 году.

Колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якім было дазволена патрапіць у склад участковых выбарчых камісіяў, склала 0,25% ад агульнай колькасьці сяброў камісіяў. Незалежных назіральнікаў не дапусьцілі да маніторынгу падліку галасоў. Нешматлікія дадзеныя адкрытага падліку галасоў у дзень галасаваньня паказваюць лічбы, якія ў разы адрозьніваюцца ад афіцыйна абвешчаных вынікаў. Такім чынам, ёсьць абгрунтаваныя сумневы ў тым, што А. Лукашэнка набраў неабходную для перамогі ў першым туры большую за 50% колькасьць галасоў. У завяршальным Пратаколе назіральнай місіі АБСЭ зафіксаваная неадпаведнасьць працэсу выбараў дэмакратычным прынцыпам і нормам, выбары прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі. Да такіх самых высноваў прыйшлі і ўнутраныя незалежныя назіральнікі.

Яшчэ да завяршэньня галасаваньня і падліку галасоў сілавыя структуры ўлады пачалі фізычна распраўляцца з палітычнымі апанэнтамі А. Лукашэнкі.

19 сьнежня мірныя пратэсты дзясяткаў тысячаў грамадзянаў супраць фальшаваньня вынікаў выбараў у Менску былі жорстка падаўленыя спэцыяльнымі сіламі міліцыі.

Сотні людзей зьбітыя да крыві, пакалечаныя. Сямёра зь дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты былі кінутыя ў турму КДБ яшчэ да афіцыйнага абвешчаньня вынікаў выбараў. Больш за 700 мірных дэманстрантаў былі адміністрацыйна арыштаваныя. У адказ на мірныя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў улады пачалі масавыя акцыі запалохваньня.

Людзей выкідаюць з працы і вучобы. Штодня КДБ праводзіць допыты палітычных і грамадзкіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, ператрусы і канфіскацыі тэхнікі ў офісах і прыватных кватэрах. У краіне адбываецца палітычны тэрор.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі заклікае палітыкаў і чыноўнікаў Эўрапейскага Зьвязу, усе нацыянальныя і міжнародныя інстытуты дэмакратычных краінаў Эўропы праявіць волю ў адстойваньні каштоўнасьцяў, на якіх заснаваная эўрапейская супольнасьць, уступіцца за неад'емныя дэмакратычныя правы і свабоды беларусаў як аднаго з эўрапейскіх народаў.

Асамблея НДА заклікае:

  1. Не лічыць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі, справядлівымі, дэмакратычнымі, адпаведнымі стандартам АБСЭ і адпаведна не прызнаваць іхных вынікаў легітымным выразам волі беларускага народу.
  2. Рашуча запатрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць хвалю палітычнага тэрору ў краіне. Не дапусьціць магчымасьці для А. Лукашэнкі выкарыстоўваць вязьняў як палітычных закладнікаў для гандлю ў вырашэньні пытаньняў замежнай палітыкі.
  3. Стварыць міжнародную камісію з чальцоў Эўрапейскага Парлямэнту і нацыянальных парлямэнтаў краінаў для высьвятленьня фактаў масавага зьбіцьця і рэпрэсіяў у Беларусі 19 сьнежня 2010 г. і ў наступны пэрыяд.
  4. Спыніць палітычныя кантакты з уладамі Беларусі на афіцыйным узроўні да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і поўнага спыненьня перасьледу па палітычных матывах. Абмежаваць кантакты зь беларускімі дзяржаўнымі органамі не вышэй за тэхнічны узровень. Спыніць кантакты зь міністэрствамі і сілавымі структурамі, прадстаўнікі якіх непасрэдна ўдзельнічалі і ўдзельнічаюць у выбарчых фальсыфікацыях і палітычных рэпрэсіях.
  5. Аднавіць і пашырыць практыку забароны на ўезд у дэмакратычныя краіны Эўропы для ўсіх службовых асобаў, непасрэдна ці апасродкавана далучаных да выбарчых фальсыфікацыяў і палітычных рэпрэсіяў. З улікам папярэдняга досьведу вызваленьня палітычных вязьняў скарыстаць усе магчымасьці адрасных санкцыяў, скіраваных на такіх асобаў і падкантрольныя ім структуры.
  6. Вярнуцца да пытаньня ўдзелу Беларусі ў міжпарлямэнцкай праграме "Эўранэст" пасьля правядзеньня справядлівых парлямэнцкіх выбараў.
  7. Спыніць удзел уладаў Беларусі ў міжурадавых праграмах у межах праграмы "Усходняе партнэрства" да моманту поўнага спыненьня палітычнага перасьледу кандыдатаў у прэзыдэнты, сябраў іх камандаў і грамадзкіх актывістаў у сувязі з падзеямі 19-га сьнежня. Далейшае разгортваньне супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі ў праграмах “Усходняга партнэрства” і тэхнічнай дапамогі паставіць у залежнасьць ад выкананьня афіцыйным Менскам чатырох умоваў Эўразьвязу ў галіне дэмакратызацыі ў Беларусі.
  8. Кампэнсаваць абмежаваньне кантактаў з антыдэмакратычнай уладай істотным пашырэньнем дапамогі беларускаму грамадзтву і грамадзянскай супольнасьці:
  • скасаваць плату за шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі;
  • інстытуцыянальна падтрымаць незалежныя мас-мэдыі Беларусі ды мас-мэдыі для беларускай аўдыторыі зь іншых краінаў Эўропы (ТВ Белсат, Радыё Рацыя, Эўрапейскае радыё для Беларусі і г.д.), а таксама дзейнасьць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку ў межах Усходняга партнэрства;
  • палітычна падтрымліваць партыі, рухі ды грамадзянскія ініцыятывы, якія стаяць на грунце дэмакратыі ды правоў чалавека і знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму;
  • распаўсюдзіць на беларускіх грамадзянаў праграмы падтрымкі вышэйшай адукацыі ў ЭЗ;
  • актывізаваць усе іншыя формы дапамогі непасрэдна беларускаму грамадзтву ды ахвярам палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Пасьля 19 сьнежня Беларусь стала іншай. Перамога дэмакратыі ў Беларусі – справа саміх беларусаў, ніхто нам не прынясе свабоду, акрамя нас саміх. Ваша салідарнасьць і падтрымка ў гэтыя цяжкія дні дапаможа нашаму народу дайсьці хутчэй да дэмакратыі і свабоды.

 

Запампаваць тэкст Звароту

Download the text of the Address

Видео